Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чыноўнік з Эўразьвязу на ўмовах ананімнасьці расказвае падрабязнасьці праекту рэзалюцыі па Беларусі


Юры Сьвірко, Менск Эўрапейскі Зьвяз можа забараніць уезд на сваю тэрыторыю некаторым беларускім чыноўнікам. На сустрэчы ў Брусэлі ў панядзелак у другой палове дня кіраўнікі дыпляматычных ведамстваў краінаў Эўразьвязу абмяркоўваюць беларускае пытаньне — адбываецца аналіз таго, што адбылося ў Беларусі падчас выбараў і рэфэрэндуму. Праект заявы прадугледжвае забарону на ўезд для тых чыноўнікаў, якія нясуць адказнасьць за парушэньні.

Гэтым вечарам чакаецца ўхваленьне заявы кіраўнікоў МЗС усіх краінаў Эўразьвязу наконт Беларусі, з праектам якой на ўмовах ананімнасьці Радыё Свабода пазнаёміў адзін з супрацоўнікаў офісу Хаўера Саляны, высокага прадстаўніка Эўрапейскага Зьвязу ў пытаньнях агульнай замежнай палітыкі й бясьпекі. Паводле яго, праект мае гэткія палажэньні:

(Супрацоўнік: ) “…Зазначае зь вялікай занепакоенасьцю, што выбары й рэфэрэндум не былі праведзеныя свабодна й справядліва, асуджае напады на мірных дэманстрантаў”.

Супрацоўнік офісу спадара Саляны паведаміў таксама, што Эўразьвяз зноў заклікае Беларусь правесьці сапраўднае расьсьледаваньне справаў зьніклых, з прычыны адсутнасьці якога была раней уведзеная забарона на ўезд для чатырох беларускіх чыноўнікаў — міністраў спорту ды ўнутраных справаў, генпракурора й камандзіра спэцбрыгады ўнутраных войскаў, якія падазраюцца ў датычнасьці да зьнікненьняў чатырох апазыцыянэраў. Праект новага рашэньня прадугледжвае пашырэньне гэтых візавых санкцыяў, падкрэсьліў мой суразмоўца й падаў наступную цытату з дакумэнту:

(Супрацоўнік: ) “Вырашае зрабіць наступныя дзеяньні: Эўразьвяз застаецца адкрытым для дыялёгу, Эўразьвяз увядзе візавую забарону для тых чыноўнікаў, якія наўпрост адказныя за фальсыфікацыі выбараў і рэфэрэндуму, і для тых, хто адказны за грубыя парушэньні правоў чалавека й рэпрэсіі супраць мірных дэманстрацыяў”.

Варта нагадаць, што гэта пакуль толькі праект, але раней газэта “International Herald Tribune” паведаміла, што папярэдні сьпіс асобаў, супраць якіх уводзяцца санкцыі, уключае кіраўніцу Цэнтарвыбаркаму, старшыню КГБ, намесьніка міністра ўнутраных справаў і кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі.
XS
SM
MD
LG