Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводле ЦВК, выбары прэзыдэнта Ўкраіны выйграў Януковіч – апазыцыя пачынае бестэрміновую акцыю супраціву


Валер Каліноўскі, Кіеў ЦВК Украіны назваў папярэднія вынікі другога туру прэзыдэнцкіх выбараў. Пераможцам прызнаецца прэм’ер Віктар Януковіч. Апазыцыйная кааліцыя «Сіла народу» не пагадзілася з гэтым вынікам, які на яе думку зъяўляецца плёнам татальнай фальсыфікацыі ў шэрагу усходніх абласьцей. Апазыцыя абвясьціла бестэрміновую акцыю пратэсту. Першы мітынг на плошчы Незалежнасьці ў Кіеве сабраў да сотні тысячаў чалавек.

Выбары ва Ўкраіне сталіся рэкорднымі паводле яўкі выбаршчыкаў – болей за 80 адсоткаў у цэлым па краіне, а напрыклад, па Данецкай вобласьці – звыш 96 адсоткаў. Пры гэтым больш чым 96 адсоткаў данецкіх выбарцаў паводле ЦВК прагаласавала за кандыдата ад улады Януковіча.

Блізкая да гэтай сытуацыя і ў іншых усходніх і паўднёвых абласьцях.

На некаторых участках, паводле зьвестак штаба апазыцыі, прагаласавала нават болей за 100 адсоткаў выбарцаў.У заходніх і цэнтральных, «праюшчанкаўскіх» абласьцях, яўка была ніжэйшай.

Гэта і тлумачыць абвешчаныя ЦВК папярэднія лічбы: 49,42 адсоткаў за Януковіча і – 46,7 – за апазыцыйнага кандыдыта Юшчанку.

Апазыцыя лічыць, што прэм’еру Януковічу ўдалося мабілізаваць свой электарат шляхам шматлікіх фальсыфікацыяў з галасаваньнем, у тым ліку з пераноснымі скрынкамі – паводле Віктара Юшчанкі, напрыклад, у Мікалаеўскай вобласьці такіх было 35% галасоў.

Выкарыстоўваліся таксама некантралюемыя адмацавальныя талёны для галасаваньня, іншыя тэхналёгіі адмінрэсурсу і парушэньні. Сябры выбарчых камісіяў ад апазыцыі і назіральнікі былі пазбаўленыя магчымасьці сачыць за ходам галасаваньня у многіх усходніх абласьцях.

Страшыня ЦВК Сяргей Ківалаў на гэтыя абвінавачваньні зазначыў, што ніякія скаргі да яго яшчэ не дайшлі.

***

Апазыцыйны кандыдат на выбарах прэзыдэнта Ўкраіны Віктар Юшчанка не прызнаў сваё паражэньне, пра якое паведаміў ЦВК згодна з папярэднімі зьвесткамі галасаваньня ў другім туры, што прайшоў учора.

Наадварот, абапіраючыся на вынікі апытаньня экзыт-полу і паралельны падлік галасоў, Юшчанка заявіў аб сваёй перамозе, скрадзенай уладай шляхам «татальнай фальсыфікацыі вынікаў выбараў».

Якім чынам дабіваецца украінская апазыцыя перагляду афіцыйных вынікаў выбараў, як рэагуе на гэта ўлада?

Першы ж мітынг апазыцыі ў Кіеве пасьля выбараў сабраў, паводле арганізатараў, да ста тысяч чалавек.

Сёньня ж пачалося ўзьвядзеньне намётавых гарадкоў у Кіеве і іншых гарадах. Арганізаваны грамадзкі рух супраціву «За сумленныя выбары», які ўзначаліў камітэт зь лідэраў апазыцыйных партыяў, у тым ліку сацпартыі і партыі прамыслоўцаў.

Віктар Юшчанка заклікаў сваіх прыхільнікаў распачаць мірныя бестэрміновыя акцыі супраціву з мэтай скасаваньня вынікаў выбараў ў шэрагу акругаў, дзе колькасьць парушэньня была найбольшай.

(Юшчанка: ) “Сёньня мы патрабуем скасаваньня вынікаў выбараў у Луганскай, Данецкай абласьцях, у прыватнасьці па тых участках, дзе былі недапушчаныя да працы камісіяў прадстаўнікі апазыцыйных блёкаў і партыяў, там, дзе выкінулі назіральнікаў, як нацыянальных, гэтак і міжнародных. Мы вымагаем скасаваньня выбараў там, дзе на даму прагаласавала больш за 10 адсоткаў выбаршчыкаў. Гэта яўная фальсыфікацыя”.

Віктар Юшчанка абвінаваціў ЦВК ў саўдзеле ў фальсыфікацыях ды парушэньнях і зазначыў, што будзе аспрэчваць іх у юрыдычным парадку. Акрамя таго, на пазачарговае паседжаньні Вярхоўнай Рады выносіцца пытаньне аб недаверы Цэнтрвыбаркаму. Да больш радыкальных крокаў заклікала Юлія Цімашэнка – да студэнцкіх страйкаў, блякады вакзалаў, аўтатрас, аэрапортаў.

(Цімашэнка: ) “Усе прадпрыемствы, якія могуць, усе ўстановы, якія можуць, павінны пачаць усенародны страйк. У нас іншага выйсьця іншага шляху няма”.

Падразьдзяленьні міліцыі пакуль асабліва не перашкаджаюць акцыям апазыцыі. А выбарчы штаб кандыдата ад улады Віктара Януковіча заклікаў сваіх прыхільнікаў захоўваць спакой.

Місія назіральнікаў АБСЭ прызнала, што другі тур прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне не адпавядаў эўрапейскім стандартам і яе абавязацельствам перад АБСЭ і Радай Эўропы. Пра гэта заявіў у Кіеве адмысловы каардынатар АБСЭ Брус Джордж. Ён падкрэсьліў, што з гэтай думкай пагаджаюцца назіральнікі ад Парлямэнцкіх асамблеяў Рады Эўропы і НАТО. Ён адзначыў, што афіцыйны Кіеў не адказаў пазытыўна на заклік міжнародных назіральнікаў выкараніць парушэньні, зафіксаваныя пад час першага тура выбараў.
XS
SM
MD
LG