Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларускія актывісты і бел-чырвона-белыя сьцягі – на Майдане ў Кіеве


Валер Каліноўскі. Кіеў На кіеўскіх вуліцах, ахопленых выбарчымі падзеямі, цяпер можна даволі часта пачуць і беларускую мову, а таксама пабачыць бела-чырвона-белы сьцяг. Дзясяткі актывістаў апазыцыйных партыяў і арганізацыяў зь Беларусі знаходзяцца цяпер ва Ўкраіне, дзеля таго, як яны самі кажуць, каб быць сьведкамі гістарычных падзеяў, аказаць украінцам маральную падтрымку і пераймаць іх досьвед змаганьня за дэмакратыю.

Паводле апазыцыйнага беларускага актывіста Вячаслава Сіўчыка, у Кіеве цяпер больш за семдзесят сябраў беларускіх партыяў і арганізацыяў: Маладога фронту, Зубра, Беларускай партыі Свабоды, Хартыі-97 ды іншых незарэгістраваных арганізацыяў. Ёсьць таксама актывісты АГП і БСДГ.

На Кантрактовай плошчы Кіева цяпер стаіць намётавы гарадок, арганізаваны моладзевай арганізацыяй «Пора», і над найвялікшым намётам вісіць бел-чырвона-белы сьцяг. Разам з украінскімі актывістамі, у намётах начуюць беларусы, грузіны, азэрбайджанцы. Акцыя праходзіць трэці тыдзень на карысьць сумленных выбараў прэзыдэнта Ўкраіны. У адным з намётаў пазамінулую сьцюдзёную ноч правёў актывіст БПС Алесь зь Менску.

(Алесь: ) “Фізычныя сілы ім тут непатрэбныя, ім патрэбна маральная падтрымка, каб яны былі больш ўпэўненыя ў сваіх сілах, каб ведалі, што яны не адна такая краіна, і што ў іх усё наперадзе. Як і ў нас”.

(Карэспандэнт: ) “А вы пойдзеце на Плошчу Незалежнасьці? На мітынг апазыцыі?”

(Алесь: ) “Так, пойдзем. Каб быць сьведкам гістарычных падзей”.

Пра мэты свайго прыезду ў Кіеў гаворыць лідэр БПС Сяржук Высоцкі:

(Высоцкі: ) “Нас сюды запрасілі прадстаўнікі арганізацыі «Пора». Мы прыехалі паглядзець, як адбываецца працэс выбараў ва Ўкраіне, як Украіна пазбаўляецца ад алігархічнага адсталага рэжыму, які ім ужо абрыд. У іх сілаў хапае сваіх. Людзей вельмі шмат, кожны шосты жыхар Кіева ходзіць з навязкай за Юшчанку, аранжавым колерам увесь горад пакрыты. Мы спачуваем украінцам, каб яны хутчэй здабылі сваю свабоду. А потым мы здабудзем сваю”.

Актывіст Маладога фронту Сяргей Бахун зь Берасьця распавёў, што беларуская моладзь не агітавала за кагосьці з кандыдатаў, хаця часам актывісты й дапамагалі раздаваць улёткі, часам выступалі з расповядам пра сытуацыю ў Беларусі. Сяргей Бахун таксама перакананы, што галоўнае – маральная падтрымка і абмен досьведам.

Параўнаньні ў ступені дэмакратычнасьці дзяржаўнага рэжыму Беларусі й Украіны, згуртаванасьці і ўплывовасьці апазыцыі – на карысьць Украіны, – гаворыць іншы ўдзельнік намётавага лягеру зь Беларусі, які прадстаўляе Жодзіна.

(Актывіст з Жодзіна: ) “Тут усё такі становішча больш спакойнае, чым у Беларусі, у нас намнога цяжэй усё, у нас няма незалежных тэлеканалаў, у нас лягер з намётаў не паставіш”.

Сяргей Высоцкі падтрымлівае гэтую думку.

(Высоцкі: ) “Канечне, тут больш свабоды, тут ёсьць паўнацэнная ўкраінская дзяржава, хоць і карумпаваная, але гэта нельга параўнаць зь беларускай сытуацыяй. Зараз Украіна робіць чарговы крок да здабыцьця свабоды... Грузія, Украіна, наступная павінна быць нашая Беларусь родная”.
XS
SM
MD
LG