Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія палітыкі на просьбу Радыё Свабода камэнтуюць пасьлявыбарчую сытуацыю ва Ўкраіне


Ганна Соусь, Менск Меркаваньні экс-старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі 12 скліканьня Станіслава Шушкевіча, лідэра Партыі БНФ Вінцука Вячоркі й дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Вольгі Абрамавай і Сяргей Касьцяна запісала наша карэспандэнтка.

Лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка кажа пра беспрэцэдэнтную палітычную актыўнасьць украінскага грамадзтва ў вырашэньні лёсу сваёй краіны.

(Вячорка: ) “Перад Украінай стаіць вельмі сур’ёзны выбар. Больш нават важна за сам факт выбару тое, што грамадзтва ўсьвядоміла гэты выбар. Тое, што на выбарчых участках было столькі назіральнікаў, што нават сёньня з раніцы на Майдане Незалежнасьці стаяць 130 тысяч чалавек — гэта сьведчаньне беспрэцэдэнтнай за апошнія гадоў дзесяць актывізацыі Ўкраіны. Улада, зарыентаваная на бюракратычныя мэтады і ўсходні вэктар разьвіцьця, будзе ўсяляк чапляцца за сваю будучыню. Разам з тым Украіна ўжо цяпер засьведчыла сваю волю да дэмакратычных пераменаў і да вяртаньня ў эўрапейскую цывілізацыю. Так што я ў кожным разе аптыміст”.

Адрозна ад Вінцука Вячоркі, у экс-старшыні Вярхоўнага Савету 12 скліканьня Станіслава Шушкевіча больш пэсымістычны настрой:

(Шушкевіч: ) “Мне здаецца, што гэта скончыцца перамогай адміністрацыйнага рэсурсу. Згодна са зьвесткамі экзыт-пола, Юшчанка перамагае, перамагае зь невялікім адрывам. Там ёсьць розныя зьвесткі — 52–54%. Але гэта тое, што адміністрацыя Кучмы скарэктуе на сваю карысьць. На жаль…”

А дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Вольга Абрамава яшчэ ад першага туру прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне была ўпэўненая ў перамозе дзейнага прэм’ера Віктара Януковіча:

(Абрамава: ) “Сытуацыя дастаткова складаная для Ўкраіны. Прагназаваць у гэтай сытуацыя дастаткова складана — занадта вялікі фактар няпэўнасьці ў паводзінах абодвух бакоў. А вынік дакладна такі, як я і чакала пасьля першага туру. Я ня мела сумневу ў тым, што ў выніку другога туру пераможцам стане Віктар Януковіч”.

Іншы пункт гледжаньня мае дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Касьцян:

(Касьцян: ) “Шкада вельмі, што Ўкраіна раздвоілася, таму што, калі грамадзтва расколатае, то такім грамадзтвам вельмі цяжка кіраваць. Але наша афіцыйная пазыцыя наступная: мы аднолькава паважаем любога з кандыдатаў на прэзыдэнта Ўкраіны, і незалежна ад таго, хто будзе абраны, мы будзем супрацоўнічаць з Украінай і з абраным прэзыдэнтам, бо воля народу найвышэй за ўсё”.
XS
SM
MD
LG