Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У справе крычаўца Лявона Сьвеціка Вярхоўны суд ігнаруе рашэньне камітэту правоў чалавека ААН


Марыя Ўсьціновіч, Крычаў Вярхоўны суд Беларусі праігнараваў рашэньне камітэту правоў чалавека ААН у дачыненьні да жыхара Крычава Лявона Сьвеціка. ААНаўскі камітэт лічыць, што беларуская дзяржава парушыла правы спадара Сьвеціка. Аднак Вярхоўны суд з гэтым ня згодны.

Вярхоўны суд Беларусі паведаміў крычаўцу Лявону Сьвеціку, што няма падставаў для новага разгляду ягонай справы, нават у сувязі з рашэньнем камітэту правоў чалавека Арганізацыі аб’яднаных нацыяў.

Крычаўскі дэмакрат зьвярнуўся ў ААН 4 гады таму – пасьля таго, як на ўсіх узроўнях судовай сыстэмы Беларусі яму адмовілі ў скасаваньні адміністрацыйнага спагнаньня.

Лявон Сьвецік быў пакараны штрафам за заклік да байкоту выбараў у мясцовыя саветы ў 1999 годзе.

Крычаўскі дэмакрат, хоць і не прызнаў сябе вінаватым, заплаціў 1 мільён рублёў, што за тым часам складала прыкладна чвэрць яго настаўніцкага заробку.

Сёлета Сьвецік атрымаў паперы з ААН. Камітэт правоў чалавека лічыць, што штраф зь яго быў спагнаны незаконна і дзяржава павінна кампэнсаваць выдаткі.

Лявон Сьвецік пакрыўджаны тым, што рашэньне камітэту ААН не мае ўплыву на Вярхоўны суд Беларусі.

(Сьвецік: ) “Калі гэта выгадна для дзяржавы, для ўлады цяперашняй, то яны гэта бяруць на ўзбраеньне. Напрыклад, пастанова пра парушэньне правоў чалавека ў Беларусі. А калі зьвязана з канкрэтнымі справамі, якія прайграла дзяржава і гэта пацьвердзіў камітэт правоў чалавека ААН, яны гэта замоўчваюць і не даюць ходу”.

За апошнія 10 гадоў справы жыхароў Магілёўскай вобласьці толькі некалькі разоў разглядаліся камітэтам правоў чалавека.

Магілёўскаму журналісту Ўладзімеру Лапцэвічу, які быў пакараны за распаўсюд дэклярацыі правоў чалавека, таксама не вярнулі штраф. Аднак Лявон Сьвецік вырашыў зьвярнуцца яшчэ ў Канстытуцыйны суд, а потым пазнаёміць са сваёй справай адміністрацыю прэзыдэнта.

Гл. таксама • Беларускія суды ігнаруюць рэкамэндацыі Камітэту ААН у правах чалавека
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG