Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія суды ігнаруюць рэкамэндацыі Камітэту ААН у правах чалавека


Ігар Карней, Менск Беларускія ўлады спасылаюцца на тое, што дакумэнты Камітэту ААН у правах чалавека маюць рэкамэндацыйны характар, а таму нацыянальныя суды выконваць іх не абавязаныя. У прадстаўніцтве ААН тым часам перакананыя: паколькі Беларусь далучылася да Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах ААН, то мусіць больш пільна рэагаваць на падобнага кшталту рэкамэндацыі.

Прадстаўнік Міністэрства замежных справаў Андрэй Савіных прызнае, што час ад часу падобныя адказы з Жэнэвы на звароты беларускіх грамадзянаў, сапраўды, прыходзяць, але выконваць іх суды не абавязаныя.

(Савіных: ) “Зь юрыдычнага гледзішча такі дакумэнт мае рэкамэндацыйны характар. Калі б было судовае рашэньне якогасьці міжнароднага суду, тады было б абавязкова да выкананьня. Але гэта можа быць як аргумэнт падчас судовага паседжаньня: суд гэта можа прыняць пад увагу падчас вынясеньня рашэньня. Я маю на ўвазе беларускі суд. Але такога, каб камітэт сказаў, паперы падпісалі, і ўсё — такога няма. Нават рэзалюцыі Генэральнай Асамблеі ААН маюць рэкамэндацыйны характар. Узяць нават рэзалюцыю ў адносінах да Палестыны: ні Ізраіль, ні ЗША яе не выконваюць”.

Ад сярэдзіны 1990-х адказы на свае запыты з Камітэту ААН у правох чалавека атрымалі шасьцёра грамадзянаў Беларусі. Ва ўсіх выпадках Камітэт прыйшоў да высновы, што парушэньне правоў чалавека сапраўды мела месца. Яшчэ паўтара дзясятка скаргаў прынятыя і знаходзяцца на розных стадыях разгляду. Паводле дарадцы кіраўніка прадстаўніцтва ААН у Беларусі Ўладзімера Шчэрбы, найбольш скаргаў зь Беларусі на адрас Камітэту ААН паступае ад канца 1990-х, калі ўзьніклі сур’ёзныя праблемы з палітычнымі свабодамі. А паколькі Беларусь далучылася да міжнародных пагадненьняў у галіне абароны правоў чалавека, то дзяржава мусіць ставіцца да рэкамэндацыяў праваабарончых структураў з большай увагай, — лічыць Уладзімер Шчэрбаў.

(Шчэрбаў: ) “Беларусь далучылася да міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, прызнаўшы тым самым права Камітэту ў правах чалавека ААН разглядаць індывідуальныя скаргі грамадзянаў Беларусі. Іншымі словамі, далучэньнем да пратаколу Беларусь прызнала юрысдыкцыю Камітэту. І калі прызналі права Камітэту прымаць скаргі й выносіць рэкамэндацыі, то дзяржава, якая паважае сябе і сваіх грамадзянаў, павінна гэтыя рэкамэндацыі выконваць”.

Каб скарга была прынятая да разгляду Камітэтам ААН, неабходна, каб былі выкананыя дзьве ўмовы. Па-першае, гэта тычыцца парушэньняў, прызнаных у Пакце грамадзянскіх і палітычных правоў, і другое — калі вычарпаныя ўнутраныя сродкі юрыдычнай абароны праз нацыянальную прававую сыстэму. Статыстыка сьведчыць, што толькі 1% скаргаў адпавядаюць такім патрабаваньням.

Між тым, як паведамілі ў Прадстаўніцтве ААН у Беларусі, штогод у іхны офіс прыходзіць да тысячы зваротаў ад грамадзянаў Беларусі.

Гл. таксама • У справе крычаўца Лявона Сьвеціка Вярхоўны суд ігнаруе рашэньне камітэту правоў чалавека ААН
XS
SM
MD
LG