Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Ідэалёгіі без ідалаў не бывае”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Многія нашыя слухачы, асабліва сталага веку, у сваіх лістах параўноўваюць сёньняшнія беларускія рэаліі з тымі, што былі ўласьцівыя для Беларусі часоў камуністычнага рэжыму. І пры гэтым знаходзяць ня толькі агульныя рысы. З двух лістоў на гэтую тэму і пачну размову.

“Успомніце, як мы на пачатку 1990-х гадоў наракалі на савецкую ўладу і камуністаў, — піша Віталь Музычэнка зь Ляхавіцкага раёну. — Маўляў, яны русіфікавалі Беларусь, зьнішчалі беларускую культуру, выцясьнялі беларускую мову з усіх сфэраў. А цяпер параўнайце, што стала зь беларушчынай за апошнія десяць год у незалежнай беларускай дзяржаве. Можа, хто-небудзь выконвае праграму адраджэньня беларускай мовы, распрацаваную і прынятую ў БССР у 1989 годзе? Між іншым, паводле той праграмы, сыстэма адукацыі за дзесяць год павінна была цалкам перайсьці на беларускую мову. А дзе стотысячныя наклады твораў вядомых беларускіх пісьменьнікаў — такія звыклыя ў БССР? Дзе новыя помнікі клясыкам беларускай літаратуры і культуры (у савецкай Беларусі такія помнікі, між іншым, адкрываліся пэрыядычна, на гэта дзяржава выдаткоўвала шмат грошай)?

Дзяржаўнае тэлебачаньне і радыё ў БССР было пераважна беларускамоўным, як і большасьць абласных і раённых газэт. На беларускамоўны пэрыядычны друк улада не шкадавала грошай. А цяпер паглядзіце, якія тэлеканалы й радыёстанцыі стварыла так званая “незалежная” беларуская ўлада. У што ператварыліся рэгіянальныя газэты? Дзе ўвогуле беларускамоўныя мэдыі? Усё здратавана і зьнішчана. Асабіста я цяпер успамінаю савецкі час як росквіт усяго нацыянальнага”.

У вашых, спадар Музычэнка, развагах шмат слушнага. Праўда, цяжка назваць той час росквітам усяго беларускага. Нацыянальная мова таксама выцясьнялася з грамадзкага ўжытку (зачыняліся беларускамоўныя школы — у гарадах іх фактычна не было, беларуская мова не выкарыстоўвалася ў справаводзтве). Але адначасова з гэтым — і тут вы маеце рацыю — улады ў шэрагу сфэраў падтрымлівалі беларушчыну (літаратура, пэрыядычны друк, тэатар). Многае, відавочна, тлумачылася тым, што адзіныя стандарты ў гэтых галінах выкарыстоўваў у дачыненьні да нацыянальных рэспублік саюзны цэнтар. Улады БССР у гэтых сфэрах ніколі не выяўлялі асаблівай ініцыятывы, а вось, да прыкладу, прыбалтыйскія рэспублікі былі вельмі ініцыятыўныя. Масква ішла на саступкі ім — а адначасова давалі дазвол і Беларусі, у якой быў такі ж статус.

Так, дарэчы, было і зь дзяржаўнай праграмай адраджэньня беларускай мовы, прынятай падчас гарбачоўскай перабудовы, у 1989 годзе. Беларускія ўлады проста паўтарылі тое, што ўжо было зроблена ў суседніх рэспубліках. Цяпер патрэба азірацца на саюзны цэнтар і браць прыклад з прыбалтыйскіх суседзяў альбо з Украіны адпала. Адпаведна, новая ўлада ажыцьцяўляе нацыянальную палітыку так, як разумее сама. Зводзіцца гэтая нацыянальная палітыка пераважна да татальнай русіфікацыі — прытым у такіх маштабах, якія ў савецкай Беларусі немагчыма было ўявіць.

Павал Багушэўскі з Новалукомля ў сваім лісьце на Свабоду разважае пра некаторыя адметнасьці беларускай дзяржаўнай ідэалёгіі. Ён піша:

“Нейкая непасьлядоўная ў нас дзяржаўная ідэалёгія. Ну, добра, нацдэмаў адрынулі — усе тыя БНР, Кастусь Каліноўскі, Булак-Балаховіч не патрэбныя. За пачатак дзяржаўнасьці ўзятая БССР. А хто тады павінен быць абвешчаны бацькам нацыі, зь імем якога атаясамліваецца БССР? Вядома хто — Пётар Міронавіч Машэраў. Яго памятае і згадвае добрым словам большая частка беларускага народу. Значыць, ягоныя партрэты павінны вісець ва ўсіх чыноўніцкіх кабінэтах і ў школьных клясах, ягоныя помнікі павінны ўпрыгожваць цэнтральныя плошчы ўсіх гарадоў. Калі ўжо ўвялі абавязковую дзяржаўную ідэалёгію, дык давайце быць пасьлядоўнымі. Машэраў — гэта як Ленін у Савецкім Саюзе, як Пілсудзкі ў даваеннай Польшчы, як Ататурк у Турэччыне. Але дзе тыя партрэты Машэрава, дзе помнік яму ў Менску? Няўжо ідэолягі не разумеюць, што ідэалёгіі бяз ідалаў не бывае?” — пытаецца ў сваім лісьце на Свабоду Павал Багушэўскі з Новалукомлю.

Адказ на свае пытаньні, спадар Багушэўскі, вы можаце атрымаць, зайшоўшы ў любы чыноўніцкі кабінэт і зірнуўшы на сьцяну за сьпіной начальніка. Партрэт асобы, якая прэтэндуе на тытул “бацькі нацыі”, там ужо вісіць. І наўрад ці гэта асоба захоча, каб побач вісеў яшчэ чый-небудзь партрэт.

Пётар Машэраў узначальваў савецкую Беларусь на працягу 15 гадоў, да сваёй трагічнай гібелі ў 1980 годзе. Гэта быў росквіт брэжнеўскага застою, які многія ў Беларусі згадваюць з настальгіяй. У БССР тады, у адрозьненьне ад многіх іншых рэгіёнаў Савецкага Саюзу, у вольным продажы былі малочныя і мясныя прадукты, будавалася шмат жыльля і хоць і пакрысе, але расьлі заробкі. Аляксандар Лукашэнка па працягласьці знаходжаньня пры ўладзе, відавочна, можа пераўзысьці Машэрава. Больш складана яму супернічаць у іншым. Машэраў у 26-гадовым узросьце стаў героем Савецкага Саюзу. Прычым, залатую зорку ён атрымаў падчас вайны, калі гэтыя ўзнагароды яшчэ не былі дэвальваваныя брэжнеўскім “зарападам”. Герой-партызан, сьціплы ў побыце, ня прагны да атрыбутаў улады (ён езьдзіў па горадзе ў суправаджэньні ўсяго двух ахоўнікаў) — гэтыя рысы істотна адрозьніваюць яго ад цяперашняга кіраўніка Беларусі.

Ліст ад Міхаіла Казька зь Любані. Слухач разважае пра будучыню беларускай вёскі:

“Паслухаеш вас: нібыта ўсё пераканаўча. І пра тое, што чалавек працуе эфэктыўна толькі на сябе, на ўласнай зямлі, і пра фэрмэраў, і пра дэградацыю калгасаў. Але азірніцеся наўкол. У большасьці беларускіх вёсак — адны пэнсіянэры. Адкуль там можа ўзяцца фэрмэр? Хто захоча браць на сябе такі цяжар? А галоўнае — дзе ўзяць грошы, тэхніку, перадавыя тэхналёгіі? Гэта ж проста нерэальна. Цяпер ужо і ўлада ўбачыла, што калгасы ў многіх выпадках выратаваць немагчыма: ніякія субсыдыі не дапамагаюць. Але і ахвотных укладваць грошы ў безнадзейную справу знайсьці ня можа”.

Найлепшы час для рэфармаваньня, спадар Казько, сапраўды, упушчаны. За апошніх пятнаццаць год, калі былі магчымасьці для рэформаў, многія вёскі канчаткова абязьлюдзелі альбо пазбавіліся рабочай сілы. Тыя мужыкі, якія ў 1990 годзе хацелі й маглі стаць гаспадарамі зямлі, сёньня ўжо пэнсіянэры. Чыя ў тым віна? Гэтую сытуацыю нескладана было спрагназаваць. Але ўлада ў сярэдзіне 1990-х гадоў зрабіла выснову, што альтэрнатывы калгаснай сыстэме няма. Адпаведна, фэрмэры ніякай істотнай падтрымкі не атрымалі.

Але выйсьце ўсё роўна застаецца ранейшым — у пошуку гаспадара. Такі гаспадар можа знайсьціся, калі будуць эканамічныя стымулы, калі яму будуць дапамагаць крэдытамі і льготамі, калі зьявяцца дзяржаўныя гарантыі таго, што ў яго не адбяруць зямлю і ўласнасьць.

На заканчэньне ліст ад Валянціна Цішка з Маладэчна. Слухач піша:

“Вашым слухачом я стаў тры месяцы таму. І ніколькі не шкадую аб тым. Мне вельмі падабаецца, што вы вяшчаеце на беларускай мове, што паказваеце, а не хаваеце праўду пра нашае жыцьцё. Дай Бог, каб вас не закранула хваля “алукашэньваньня”, якая захліснула ўсе іншыя газэты і радыёстанцыі. Чуваць беларускую Свабоду па-рознаму. Час ад часу — вельмі добра, нават безь перашкод. Але бываюць моманты, калі Свабода проста зьнікае — а замест яе чуваць перадачы іншых станцыяў. Я, вядома, не спэцыяліст, але вельмі ж часта вялікія перашкоды ў эфіры зьяўляюцца якраз тады, калі вы згадваеце пра апазыцыю. Высновы напрошваюцца самі сабой.

Ёсьць у мяне адна мара. Вельмі хачу, каб у маім родным Маладэчне 25 сакавіка, у гадавіну БНР, адбыўся мітынг ці ўрачыстае шэсьце. Сам я быць арганізатарам не магу — патрэбна дапамога якой-небудзь партыі ці таварыства. А якіх — ня ведаю”.

Відавочна, Валянцін, вы можаце зьвярнуцца да мясцовых актывістаў дэмакратычных партыяў — Аб’яднанай грамадзянскай, Сацыял-дэмакратычнай грамады ці Беларускага Народнага Фронту. Наколькі я ведаю, штогод 25 Сакавіка яны ладзяць невялікія імпрэзы, і вашая дапамога была б ім дарэчы. Што да чутнасьці нашых праграмаў. На жаль, на кароткіх хвалях не заўсёды можна забясьпечыць якасны прыём радыёсыгналу. Многія нашы слухачы выказваюць меркаваньне, што, магчыма, аднавілі дзейнасьць так званых “глушылак”, якія актыўна выкарыстоўваў падчас “халоднай” вайны камуністычны рэжым. Дакладных доказаў гэтага мы, аднак, ня маем.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Аляксандар Мазго зь Віцебску, Віктар Макарэвіч зь вёскі Няровы Валожынскага раёну, Раман Зіноўеў зь Лёзна, Пётар Касьнерык зь вёскі Пераносіны Баранавіцкага раёну, Генрых Аўцюкевіч зь вёскі Хмяльнікаўцы Шчучынскага раёну, Разалія Рубінчык і Віктар Бута зь Менску.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG