Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства адукацыі прапануе зьнізіць кошт школьных абедаў


Юлія Шарова, Менск Кошт школьных абедаў павінен стаць ніжэйшым: такую мэту сабе паставіла Міністэрства адукацыі. Спэцыялісты гэтага ведамства лічаць, што варта зьнізіць сумы даплатаў, якія робяць бацькі вучняў сярэдніх і старэйшых клясаў на харчаваньне сваіх дзяцей у школах. Аднак гэтае добрае памкненьне Міністэрства адукацыі можа спарадзіць шэраг эканамічных праблемаў.

Спосаб вырашэньня гэтай праблемы, які прапануе Міністэрства адукацыі, для Беларусі апошнім часам стаў тыповым: пазбавіцца ад пасярэднікаў у справе паставак прадуктаў на камбінаты школьнага харчаваньня ды ў школы. Са словаў інспэктара міністэрства Алы Ібрагімавай, пытаньне пра тое, якім чынам можна дамагчыся зьніжэньня коштаў школьных абедаў, будзе вырашацца якраз сёньня.

(Ібрагімава: ) “Гэта робіцца ў зьвязку з выступам прэзыдэнта. Тут гаворка ідзе пра тое, каб былі мінімальныя даплаты з боку бацькоў. Кошт дзіцячага абеда можа быць у вёсцы 960-1000 рублёў, а ў горадзе – 1400-1670 рублёў, у залежнасьці ад таго, які асартымэнтны пералік. Тут цяжка нешта сказаць”.

Вядома таксама, што з наступнага году падвысіцца памер дзяржаўнай дапамогі, што выдаткоўваецца на школьнае харчаваньне. Яна будзе складаць 5 адсоткаў ад базавай велічыні штодня, альбо каля 1200 рублёў. Але на такую дапамогу маюць права толькі вучні 2-4 клясаў агульнаадукацыйных школ, гімназіяў, ліцэяў да іншых навучальных установаў такога кшталту, а таксама вучні 5-12 клясаў сельскіх школ. Бацькам астатніх вучняў давядзецца плаціць з уласнай кішэні, калі яны хочуць, каб дзеці штодня абедалі ў школе.

Каб зрабіць школьныя абеды таньнейшымі, трэба ня толькі пазбавіцца ад пасярэднікаў, але й зьнізіць гандлёвыя надбаўкі. Цяпер, паводле інфармацыі Міністэрства гандлю, для арганізацыі школьнага харчаваньня такія надбаўкі – мінімальныя, 30-40 адсоткаў. Але ж спэцыялісты гэтага ведамства мяркуюць, што далей можна зьніжаць кошт школьных абедаў толькі пры ўмове кампэнсацыі выдаткаў зь бюджэту, бо аб’екты грамадзкага харчаваньня, што пастаўляюць прадукты ў школы, могуць пры яшчэ большым зьніжэньні надбавак папросту збанкрутавацца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG