Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскія вучоныя ў Полацку: “Усё тут дыхае імем Сімяона Полацкага”


Вінцэсь Мудроў, Полацак У старажытным Полацку прайшла міжнародная навуковая канфэрэнцыя “Сімяон Полацкі: сьветапогляд, грамадзка-палітычная і літаратурная дзейнасьць”. Гэта ўжо другая па ліку навуковая імпрэза, прысьвечаная жыцьцю і дзейнасьці знакамітага беларускага літаратара, пэдагога і рэлігійнага дзеяча.

На канфэрэнцыі асьвятляўся самы шырокі спэктар тэмаў, датычных ня толькі жыцьцядзейнасьці самога Сімяона Полацкага, але таксама й культурных ды рэлігійных рэаліяў 17 стагодзьдзя – часу, калі ён жыў. Ну а асноўная яе адметнасьць – тая, што ў Полацак завітаў гурт украінскіх навукоўцаў – дасьледнікаў творчасьці знакамітага палачаніна”.

Імя Сімяона Полацкага ва Ўкраіне добра вядомае. Скажу больш: некаторыя ўкраінскія дасьледнікі залічваюць творчасьць палачаніна да здабыткаў украінскай гісторыі й літаратуры. Гаворыць доктар філялёгіі з Інстытуту мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук Украіны Вера Франчук:

(Франчук: ) “Украінскія навукоўцы, здаецца, упершыню наведалі Полацак – прынамсі, апошнім дзесяцігодзьдзем. Дагэтуль мы ня ведалі, што тут ладзяцца канфэрэнцыі памяці Сімяона Полацкага. Усё ж такі ён непарыўна зьвязаны з Украінаю, бо скончыў там вышэйшую навучальную ўстанову. Мы, пэўным чынам, лічым яго й сваім пісьменьнікам і паэтам”.

Пра тое, якія ўражаньні выклікала ў гасьцей нашая старажытная сталіца, я спытаўся ў кандыдата філялёгіі з Кіеву Ліліі Андрыенка. Вось што яна адказала:

(Андрыенка: ) “Я хацела б сказаць пра тое, што Полацак – цудоўнае места, і мы папросту ўражаныя стаўленьнем палачанаў, беларусаў да сваёй духоўнай спадчыны. Для нас, украінцаў, гэта мусіць быць прыкладам і навукаю – як трэба зьберагаць сваю духоўнасьць. Усё тут дыхае імем Сімяона Полацкага, любоўю да свайго роднага краю, да сваёй спадчыны”.

У якасьці рэмаркі заўважу, што полацкія ўлады, тым ня менш, і дагэтуль не насьмеліліся надаць імя Сімяона Полацкага адной з гарадзкіх вуліц.

Нашым навукоўцам было цікава абмяняцца думкамі з украінскімі калегамі. Пра карысьць беларуска-ўкраінскага навуковага сумоўя кажа загадчык катэдры беларускай культуры Гомельскага ўнівэрсытэту Зьміцер Паўлавец:

(Паўлавец: ) “Калі казаць пра карысьць дадзенай канфэрэнцыі, перш за ўсё трэба адзначыць, што ў ёй упершыню бралі ўдзел навукоўцы з Украіны, якія па-свойму глядзяць на Сімяона Полацкага і на ягоную спадчыну, прычым у кантэксьце беларуска-ўкраінскіх культурных сувязяў. Сёньня ва Ўкраіне дзейнічае адноўленая Кіева-Магілянская акадэмія, у якой колісь вучыўся Сімяон Полацкі. Традыцыі жывуць, доўжацца, і нам трэба іх падтрымліваць. Гэта прынясе карысьць абодвум бакам”.

З украінскімі навукоўцамі была дасягнутая дамова ў пляне арганізацыі сумесных навуковых імпрэзаў і праектаў. Украінцы паабяцалі арганізаваць сумесную навуковую канфэрэнцыю, прысьвечаную творчай спадчыне нашых землякоў – выпускнікоў Кіева-Магілянскай акадэміі, сярод якіх, як ужо казалі, быў і Сімяон Полацкі, а таксама пераслаць у Полацак матэрыялы, датычныя жыцьця і дзейнасьці славутага палачаніна, якія захоўваюцца ва ўкраінскіх бібліятэках.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG