Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі перамог Януковіч


Юры Сьвірко, Менск На выбарчым участку ў украінскай амбасадзе ў Менску ў нядзелю прагаласавала 705 грамадзянаў Украіны, зь іх 430 чалавек, альбо 61 адсотак, падтрымалі Віктара Януковіча. Аб гэтым карэспандэнту Радыё Свабода паведаміў прэсавы сакратар амбасады Леанід Ясіньскі. За Віктара Юшчанку прагаласавала 33 адсоткі, альбо 243 грамадзяне Ўкраіны. 10 выбаршчыкаў у Менску абралі варыянт “супраць усіх”, а яшчэ 22 бюлетэні былі прызнаныя несапраўднымі.

Яўка ў Менску гэтым разам была меншай, чым у першым туры выбараў прэзыдэнта Ўкраіны, і склала 27 адсоткаў ад агульнага сьпісу з 2640 чалавек. Старшыня ўчастковай камісіі Фаіна Ясіньская тлумачыць гэта надвор’ем: сьнег ды галалёд не спрыялі прыезду ўкраінскіх грамадзянаў зь іншых рэгіёнаў Беларусі.

На другім і апошнім выбарчым участку ў Беларусі, у памяшканьні ўкраінскага консульства ў Берасьці, таксама перамог Віктар Януковіч – за яго прагаласавалі 154 выбаршчыкі. А Віктару Юшчанку аддалі свой голас 106 чалавек. Усяго ў выбарах у Берасьці ўзялі ўдзел 793 грамадзяне. Аб гэтым Радыё Свабода паінфармаваў старшыня ўчастковай камісіі ў Берасьці Ігар Гунчык.
XS
SM
MD
LG