Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Найвышэйшым беларускім чыноўнікам пагражаюць санкцыі з боку Эўразьвязу


Юры Сьвірко, Менск 22 лістапада Эўрапейскі Зьвяз можа забараніць уезд на сваю тэрыторыю некаторым беларускім чыноўнікам. Паводле некалькіх крыніцаў, на рэгулярнай сустрэчы ў Брусэлі кіраўнікоў дыпляматычных ведамстваў краін ЭЗ адным з галоўных будзе беларускае пытаньне. Прайшоў месяц пасьля рэфэрэндуму й выбараў – за гэты час Эўропа пасьпела прааналізаваць тое, што адбылося ў Беларусі, і выпрацаваць прапановы. Чаму Эўразьвяз уводзіць санкцыі супраць Беларусі?

Як стала звычайным, найперш гэта візавыя санкцыі. Праект такіх санкцыяў сёньня мусіць быць ухвалены міністрамі замежных справаў краінаў Эўрапейскага Зьвязу Папярэдні сьпіс асобаў, супраць якіх уводзяцца санкцыі, уключае кіраўніцу Цэнтральнае выбарчае камісіі, старшыню КГБ, намесьніка міністра ўнутраных справаў і кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта.

Тут трэба дадаць, што шэф МУС Ул.Навумаў ужо трапіў у сьпіс невыязных раней, на падставе дакладу Хрыстаса Пургурыдэса, а старшыню КГБ зусім нядаўна звольнілі. Такім чынам, могуць пацярпець Лідзія Ярмошына, Урал Латыпаў і нейкі намесьнік спадара Навумава – мажліва, кіраўнік Сьледчага камітэту Леанід Глухоўскі, пераабраны ў Палату прадстаўнікоў.

Газэта “International Herald Tribune” паведамляе, што гэтыя санкцыі выкліканыя шматлікімі парушэньнямі й фальшаваньнем на апошніх парлямэнцкіх выбарах і рэфэрэндуме, а таксама перасьледам апазыцыі і ўдзельнікаў яе акцыяў пратэсту. Санкцыі маюць на мэце пераканаць Аляксандра Лукашэнку зьмяніць ягоную палітыку, якая прывяла да зьбядненьня й ізаляцыі 10-мільённай нацыі, піша газэта.

Іншая крыніца – EUobserver.com – пацьвярджае мэту зьмяніць Лукашэнкаву палітыку, але падкрэсьлівае, што міністры замежных справаў краін ЭЗ будуць заклікаць Аляксандра Лукашэнку зрабіць гэта й нават прапануюць яму “аліўкавую галінку” міру, а менавіта, паводле праекту – пашыраныя гандлёвыя й палітычныя сувязі ў межах палітыкі эўрапейскага суседзтва ў абмен на дэмакратыю ў Беларусі. Праект заявы прадугледжвае паступовы падыход, які ўжо называюць не пакрокавым, а “пашматковым”, то бок шматок за шматком.

Мабыць, ня вельмі разьлічваючы на сілу перакананьня, гэты праект, які займае 3 старонкі, вызначае шэраг канкрэтных захадаў у справе таго, каб дапамагаць дэмакратычным сілам Беларусі “наўпрост і ўскосна”, а таксама прапагандаваць бліжэйшую інтэграцыю з Эўразьвязам сярод беларускага насельніцтва.

Але якое рашэньне прымуць эўрапейскія міністры – мы даведаемся неўзабаве.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG