Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве пачынаюцца масавыя акцыі пратэсту: Юшчанка заявіў, што ў яго хочуць скрасьці перамогу


Валер Каліноўскі, Кіеў 21 лістапада прайшоў другі тур прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне, грамадзяне якой галасавалі за лідэра апазыцыі Віктара Юшчанку й дзейнага прэм’ера Віктара Януковіча. Галасаваньне вызначылася высокай актыўнасьцю – яўка склала каля 80 адсоткаў, больш чым у першым туры. Пасьлявыбарчая ноч была вельмі жывая, цікавая і разам з тым супярэчлівая. Спачатку былі абвешчаныя вынікі апытаньняў на выхадзе з участкаў, экзыт-пол, паводле якіх перамагаў Юшчанка з адрывам у 11 адсоткаў (54 за яго і 43 за Януковіча), у Кіеве на Плошчы незалежнасьці каля 30-40 тысячаў чалавек ужо сьвяткавалі перамогу. Потым яны ж асьвіствалі першыя афіцыйныя вынікі, якія пачалі агучваць у ЦВК, згодна зь якімі ўжо лідзіраваў Януковіч з даволі сьціплым адрывам у некалькі адсоткаў галасоў.

Апазыцыя заўважыла дзіўнае прамаруджваньне падліку галасоў ва ўсходніх рэгіёнах. Віктар Юшчанка паспрабаваў пераканаць ЦВК захоўваць празрыстасьць і абвясьціць канчатковыя вынікі яўкі, адзін раз ён нават сустрэўся з кіраўніком ЦВК Сяргеем Ківалавым, а потым яго з паплечнікамі не пусьціла ахова, так што адбылася нават сутычка ў памяшканьні ЦВК.

На гэты момант ЦВК падлічана 73,3 адсотка галасоў, за Януковіча прагаласавала 48,9%, за Юшчанку – 47,47%. Януковіч лідзіруе, хаця разрыў нібыта скарачаецца. Старшыня ЦВК Ківалаў абяцае падлічыць усе галасы і даць папярэдні вынік выбараў бліжэй да абеду. А на канчатковае выяўленьне афіцыйных вынікаў адводзіцца законам да 15 дзён, пры тым, што разрыў паміж кандыдатамі невялікі, і нельга выключаць, што гэтыя дні могуць спатрэбіцца.

Паралельны падлік галасоў, які вядуць каманды кандыдатаў, дае фактычна люстраныя вынікі: штаб Юшчанкі заяўляе пра тое, што лідзіруе іх кандыдат з перавагай у больш чым дзесяць адсоткаў, штаб Януковіча – пра перамогу свайго кандыдата з перавагай у 6 адсоткаў галасоў. Як і ЦВК, паралельны падлік кандыдатаў пакуль не ахапіў усе выбарчыя участкі, яны палічылі каля паловы пратаколаў, таму цалкам можа быць, што абодва штабы маюць рацыю, проста адны лепей палічылі галасы з Захаду і цэнтру Украіны, іншыя – з Усходу.

Калі ніхто не набярэ болей за 50 адсоткаў галасоў, то пераможа той, хто атрымае больш галасоў – паводле ўкраінскага закону для перамогі патрэбна адносная большасьць галасоў “за”, у адрозьненьне ад беларускага заканадаўства, якое патрабуе болей за 50 адсоткаў галасоў для перамогі.

Ацэнак кандыдатамі першых вынікаў галасаваньня пакуль няма. Пакуль што толькі Віктар Юшчанка выступіў перад журналістамі й выказаў упэўненасьць у сваёй перамозе, якую аднак могуць забраць шляхам маніпуляцыяў, у якіх ён абвінаваціў ЦВК і тэрытарыяльныя камісіі усходніх абласьцей. Вось што сказаў Віктар Юшчанка.

(Юшчанка: ) “Сцэнарый, тэхналёгіі, якімі карыстаюцца зараз у ЦВК, даюць магчымасьць мне як кандыдату ў прэзыдэнты заявіць: я не давяраю падлікам ЦВК. Дзяржаўны пераварот ва Ўкраіне ўжо пачаўся. Ён пачаўся з Данецка штабам Януковіча. Пытаньне ў часе, якія сувэніры для нацыі падрыхтуе гэтая каманда”.

Паводле Юшчанкі, выглядае дзіўным, што ў Данецкай вобласьці яўка выбарцаў за адну гадзіну з 19 да 20 гадзін вечара вырасла на 18 адсоткаў і склала фантастычныя 96 адсоткаў. Віктар Януковіч пакуль не выступаў – вядома, што ён хвалюецца, і што ўжо пагаварыў па тэлефоне са старшынём ЦВК, які таго заспакоіў. Прадстаўнікі Януковіча абвінавацілі канкурэнтаў у спробах ціску на ЦВК.

Старшыня ЦВК Украіны Сяргей Ківалаў таксама відочна хвалюецца, але трымае ўдар. Вось як ён адказаў на гэтыя абвінавачваньні:

(Ківалаў: ) “На гэтым этапе казаць, што паступілі скаргі, ёсьць нейкія прэтэнзіі, нельга. Няма ніводнай паперы. А эмоцыі хай нашыя палітыкі пакінуць па-за межамі ЦВК. Нас закон вельмі дакладна абараняе, нам дадзены час, каб мы юрыдычна падвялі вынікі галасаваньня другога тура па выбарах прэзыдэнта Ўкраіны. Гэта мы і будзем рабіць”.

Што будуць рабіць бліжэйшым часам украінская апазыцыя і ўлада? Юшчанка заклікаў сваіх прыхільнікаў на акцыю пратэсту а 9 гадзіне на плошчы Незалежнасьці ў Кіеве. Акрамя таго, ён зьбіраецца склікаць пазачарговае паседжаньне Вярхоўнай Рады й напісаць звароты ў міжнародныя арганізацыі, АБСЭ, Эўразьвяз і краіны Захаду наконт парушэньня ўладамі Ўкраіны права народу на выбар.

Што будзе рабіць Януковіч, ён пакуль не казаў. Кіраўнік ягонага штабу Сяргей Цігіпка загадзя заявіў, што ён пагодзіцца з рашэньнем ЦВК.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG