Лінкі ўнівэрсальнага доступу

21 лістапада ва Ўкраіне будуць выбіраць новага прэзыдэнта


Валер Каліноўскі, Кіеў Заўтра Украіна абірае трэцяга за гісторыю незалежнасьці прэзыдэнта. У бюлетэнях для галасаваньня два прозьвішчы: лідэра апазыцыі Віктара Юшчанкі й дзейнага прэм’ера Віктара Януковіча. У выбарчых штабах абодвух кандыдатаў абвінавачваюць канкурэнтаў у парушэньнях і падрыхтоўцы фальсыфікацыяў. Апазыцыя рыхтуецца да паралельнага падліку галасоў у намётах на галоўнай плошчы Кіева, штаб Януковіча для паралельнага падліку стварыў адмысловы інфармацыйны цэнтар.

Напярэдадні са зваротам выступіў старшыня Вярхоўнай Рады Ўладзімір Літвін, ён запатрабаваў ад выканаўчых уладаў забясьпечыць сумленныя і празрыстыя выбары. “Ствараецца ўражаньне, што абвешчаная вайна ўласнаму народу”, – гэтак ацаніў ён ход перадвыбарчай кампаніі. І хоць спадар Літвін не выказаўся на падтрымку аднаго з кандыдатаў – у штабе Віктара Юшчанкі ўпэўненыя, што Літвін на іх баку.

Давераная асоба Юшчанкі Мікола Таменка кажа, што на бок апазыцыйнага кандыдата пераходзіць і частка намэнклятуры на месцах. Спадар Таменка кажа, што ўлада рыхтуецца да фальсыфікацыяў, але апазыцыя ведае, як процістаяць ім. Праблемы застаюцца зь некантраляванымі адмацавальнымі талёнамі для галасаваньня, сьпісамі выбаршчыкаў, але ў параўнаньні зь першым турам сытуацыя крыху палепшылася, перакананы Мікола Таменка:

(Таменка: ) “Усё-таки мова йдзе, ну, пра сотні тысячаў, а не пра мільёны галасоў, а паводле сацыялягічных апытаньняў розьніца паміж Юшчанкам і Януковічам складае мільёны галасоў. Таму нягледзячы на ўсю непрыемнасьць сытуацыі, калі маштабы ціску, уплыву, фальсыфікацыі зьяўляюцца дастаткова вялікімі, мы ўпэўнена чакаем вынікі выбараў”.

У штабе Віктара Януковіча тым часам заявілі, што апазыцыя сама парушае заканадаўства, рыхтуе фальсыфікацыі на сваю карысьць у заходніх абласьцях Украіны. Сярод выкрытых парушэньняў – аранжавыя стужкі, колеру выбарчай кампаніі Юшчанкі, якія паўсюдна можна пабачыць у час, калі агітацыя забароненая. Кіраўнік штабу Януковіча Сяргей Цігіпка заявіў, што канкурэнты падрабілі пячаткі акруговых камісіяў. Акрамя таго, Цігіпка заклікаў штаб Юшчанкі не выводзіць людзей на вуліцы.

На 21-22 лістапада апазыцыя сапраўды рыхтуе масавыя акцыі ў цэнтры Кіева, называючы іх паралельным падлікам галасоў. МУС і пракуратура заклікаюць людзей ня браць удзел у гэтых падзеях, а дзейны прэзыдэнт Леанід Кучма выказаў пабойваньне, што можа праліцца кроў. Большасьць кіяўлянаў, зь якімі ўдалося пагаварыць, перакананыя, што крывавых падзеяў ня будзе.

(Спадар: ) “Усё будзе мірна, я спадзяюся, што ўсё будзе мірна”.

(Спадар: ) “Ня думаю, што мы такія дурні. За грошы, так, за грошы будуць...”

(Спадарыня: ) “Гэта ўрад палохае людзей”.

(Спадар: ) “Ня думаю, што будзе нейкі сілавы варыянт, хаця, прыкладам, падчас першага туру былі і бронетранспарцёры, і танкі пад Кіевам”.

(Спадар: ) “Гэта можа быць, ад гэтага нельга застрахавацца. Палітыка – гэта складаная рэч”.

(Карэспандэнт: ) “А вы асабіста будзеце адстойваць свой голас?”

(Спадар: ) “Так, пайду”.

У параўнаньні зь першым турам настроі выбарцаў зьмяніліся нязначна. Большасьць кіяўлян перакананыя ў перамозе Юшчанкі, многія скардзяцца на ціск уладаў і кажуць, што будуць галасаваць насуперак яму. На Ўсходзе й Поўдні Ўкраіны перавагу мае Януковіч.

Да украінскіх выбараў выяўляецца надзвычайная цікавасьць у сьвеце. Прыбылі ўжо тысячы назіральнікаў ад розных краінаў і міжнародных арганізацыяў. Прэзыдэнты ЗША й Расеі накіравалі на выбары сваіх прадстаўнікоў – сэнатара Рычарда Лугара і сьпікера Дзярждумы Барыса Грызлова. Абодва прадстаўнікі праводзяць сустрэчы з кандыдатамі й дзейнымі ўладамі. Рычард Лугар перадаў Л.Кучме асабістае пасланьне Д.Буша з заклікам забясьпечыць сумленныя выбары і мірную перадачу ўлады наступніку на пасадзе прэзыдэнта.
XS
SM
MD
LG