Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Лех Валэнса – на беларускай Свабодзе


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Лех Валэнса – легендарны лідэр “Салідарнасьці”, сымбаль дэмакратычных пераменаў у Эўропе, ляўрэат Нобэлеўскай узнагароды міру і першы дэмакратычна абраны прэзыдэнт Польшчы. Чалавек, які прадстаўляў у часе апошняй алімпіяды ўвесь эўрапейскі кантынэнт, а ў часе пашырэньня Эўразьвязу сёлета ў траўні – усе 10 новых краінаў-сябраў. Пра свой шлях да палітычнай дзейнасьці, пра ўласныя памылкі і перамогі, пра сваё стаўленьне да цяперашняга беларускага кіраўніка, Лех Валэнса гаворыць у эксклюзіўным інтэрвію для Радыё Свабода.

Лех Валэнса нарадзіўся ў 1943 годзе, ад 67 году працаваў электрыкам ў гданьскай суднавэрфі. У 1970 годзе далучыўся да страйкавага камітэту вэрфі. Пасьля сканчэньня страйку быў арыштаваны і ўпершыню асуджаны на год турэмнага зьняволеньня...

Нягледзячы на надзвычайную занятасьць, Лех Валэнса сустрэў нашае тэлефанаваньне з радасьцю:

(Валэнса: ) “Ну вось, калі ласка! Калі ж гэта апошні раз было, калі вы пра мяне ўзгадвалі!”

(Карэспандэнт: ) “Падаецца, што каб стаць змагаром з магутнай сыстэмай, трэба было, атрымаць адпаведнае выхаваньне. Я запытаўся ў спадара Валэнсы, як ён выхоўваўся, што гаварылася ў ягонай роднай хаце пра тагачасны палітычны лад, пра сытуацыю, у якой апынулася Польшча пасьля сканчэньня другой Усясьветнай вайны”.

(Валэнса: ) “Папярэдняе пакаленьне перадало майму пакаленьню падзелены сьвет, Польшчу, якой здрадзілі ў 1939, у 1945 гадох. Польшчу, з навязаным камунізмам і няволяй. Паўсюль быў такі падтэкст: дзеці, калі б вы, вашае пакаленьне, адбудавалі краіну – на што мы, скрываўленыя, ня мелі сілаў – дык гэта было б тое, што трэба”.

(Карэспандэнт: ) “У Польшчы ўсе ведаюць выраз першага дэмакратычнага прэзыдэнта “Можа й не хачу, але мушу”. Менавіта так спадар Валэнса тлумачыць, напрыклад, чарговае рашэньне аб удзеле ў выбарах.

“Я балятуюся не дзеля таго, каб перамагчы і не хачу гэтага, але мушу патлумачыць людзям, што адбываецца”. Ці ня гэтым дэвізам электрык Лех Валэнса карыстаўся, калі вырашыў пайсьці ў палітыку?”

(Валэнса: ) “Шчыра кажучы, я ніколі не вырашыў, што вось пайду ў палітыку. Справа ў тым, што я маю такі характар, што ніколі не магу прайсьці міма справаў, якія выглядалі іначай, чым пра іх казалі афіцыйна. Я заўсёды казаў – не, гэта насамрэч ня так, гэта ня добра. І гэта як бы ўвапхнула мяне ў апазыцыйную дзейнасьць ды так далёка, што я так заграз у гэтай апазыцыйнасьці і палітыцы, але ж я гэтага не хацеў!”

(Карэспандэнт: ) “На пачатку 80-х “Салідарнасьць” ператварылася ў настолькі моцны рух, што ўлады былі вымушаныя прызнаць права гэтага незалежнага прафсаюзу на існаваньне і пайсьці зь ягонымі лідэрамі на перамовы. Але дзеля гэтага апазыцыя павінна была аб’яднацца. Як ў асяродку польскай апазыцыі атрымалася пераадолець супярэчнасьці, разыходжаньні ў поглядах, якіх было нямала? Як Валэнсу ўдалося згуртаваць столькі моцных лідэраў вакол сябе – Герэмка, Кураня, Міхніка, Мазавецкага?”

(Валэнса: ) “Гэта быў вельмі цяжкі працэс. У нас доўгі час не атрымлівалася аб’яднацца. У 40-х, 50-х гадох мы змагаліся са зброяй у руках, у 60-я, 70-я гады – страйкі і дэманстрацыі на вуліцах, але ўсё гэта было крывава здушанае. Мы зрабілі высновы з гэтага досьведу і прыдумалі “Салідарнасьць”. Але ў грамадзтве тады панаваў маразм. Пасьля столькіх паразаў людзі ўжо ня верылі ў канец камунізму. Я цягам 20 гадоў зьбіраў вакол сябе людзей, гатовых да змаганьня і ведаеце колькі назьбіраў – 10 чалавек былі гатовыя змагацца! Такіх групаў як мая ў Польшчы тады было зь дзясятак. Такім чынам, бачыце, з 40-мільённага польскага народу толькі якая сотня чалавек была гатовая да сапраўднай барацьбы! Астатнія ня верылі, былі зламаныя, з галавой, задуранай камуністычнай прапагандай. І тут адбылося нешта непраўдападобнае – у 1978 годзе паляк стаў Папам.”.

(Валэнса: ) “Праз год Папа прыехаў у Польшчу – мільёны людзей прыходзілі на сустрэчы зь ім. Тады ва ўсім сьвеце пачалі думаць – што ж гэта робіцца ў гэтай камуністычнай краіне. Гэта дапамагло абудзіць народ – польскі народ абудзіўся, а разам зь ім і іншыя. Народ перастаў баяцца. Бо Сьвяты айцец, сярод іншага гаварыў, ня бойцеся – зьмяняйце аблічча гэтай зямлі”.

(Папа ў Польшчы ў часе першай пілігрымкі: ) “З глыбіні гэтага тысячагодзьдзя, напярэдадні сьвята Пяцідзесятніцы, заклікаю, заклікаю разам з Вамі: няхай Дух Сьвяты сыдзе і адновіць аблічча зямлі.... гэтай зямлі”.

(Карэспандэнт: ) “Менавіта тыя два дададзеныя Папам на Плошчы перамогі ў Варшаве словы – “гэтай зямлі”, ды словы аб тым, што “ня можа быць справядлівай Эўропы без незалежнай Польшчы” і сталі для палякаў сыгналам да пераменаў”.

(Валэнса: ) “Праз год пасьля пілігрымкі Папы, я змог арганізаваць ужо 10 мільёнаў чалавек, якія былі гатовыя да змаганьня. Гэты абуджаны народ мы накіравалі на дэманстрацыі, страйкі, перамовы і пайшло-паехала. Без абуджэньня народу Сьвятым Айцом, гэта б не атрымалася. Таму 50% заслугі ў тым, што адбылося належыць Папу. З другога боку, калі б ён толькі сказаў гэтыя словы, а мы самі нічога б не зразумелі, не пачалі арганізоўваць народ, дык словы б паляцелі толькі ў эфір ды былі б запісаныя ў кніжках”.

У пачатку 80-х “Салідарнасьць” уваходзілі 10 мільёнаў чалавек – гэта амаль 80% ўсіх занятых у гаспадарцы жыхароў Польшчы.

Канец 1981 году – году, калі Валэнса быў фармальна абраны лідэрам “Салідарнасьці”, здавалася, стаў і канцом мараў аб дэмакратычнай будучыні, аб свабоднай Польшчы.

(Ярузэльскі – архіў 1981: ) “Грамадзянкі і грамадзяне, я зьвяртаюся да вас у справе надзвычайнай дзяржаўнай важнасьці...”

Уведзенае ваеннае становішча – масавыя арышты, перасьлед, забароны...

(Валэнса– архіў 1981: ) “Вы перамаглі рэформы, якія так патрэбныя краіне, з дапамогай танкаў і вайсковай сілы. Але гэта не перамога, хіба што ў стылі XVII стагодзьдзя. Наша перамога будзе ў стылі ХХІ стагодзьдзя – гэта будзе перамога людзей, якія глядзяць наперад, маюць праграмы зьменаў, ведаюць, што рэформы неабходныя”.

Нобэлеўская узнагарода міру для Леха Валэнсы, потым яшчэ 6 гадоў змаганьняў, перасьледу, няпэўнасьці. Але галоўная мэта была дасягнутая – ніхто ўжо ня верыў у моц камуністычных уладаў. 1989 год – знакаміты круглы стол.

Гаворыць прафэсар Браніслаў Герэмэк, былы паплечнік Леха Валэнсы, потым міністар замежных справаў, а цяпер дэпутат Эўрапейскага парлямэнту.

(Герэмэк: ) “Я лічу, што роля, якую адыграў Валэнса ў часе круглага стала – выключная. Выключная ў тым рашэньні, якое было рызыкоўным для абодвух бакоў, бо калі ўваходзіш на шлях перамоваў, кампрамісу, заўсёды ёсьць страх згубіць уласную маральную чыстату. У апазыцыі ў нейкім сэнсе лягчэй жыць, але цяжэй быць эфэктыўным. У выніку круглага стала ўдалося стварыць клімат даверу”.

(Валэнса архіў 1989 круглы стол: ) “Мы дасягнулі максымальна на цяперашні час магчымага ў выніку круглага стала. Але будзе працяг і толькі тады ўсе праблемы будуць вырашаныя”.

Працяг, гэта прэзыдэнцкія выбары ў 1990 годзе, якія адбываліся ў драматычнай атмасфэры расколу “Салідарнасьці”. Частка лідэраў руху лічыла, што Лех Валэнса ня спраўдзіцца на пасадзе прэзыдэнта і вырашылі падтрымаць тагачаснага дэмакратычнага прэм’ера і былога паплечніка Валэнсы Тадэвуша Мазавецкага.

Валэнса, аднак, выйграў выбары і паехаў з візытам у Злучаныя Штаты, дзе зьвярнуўся да дэпутатаў Кангрэсу са сваёй знакамітай прамовай:

(Валэнса-архіў: ) “My – naród. We – the people”.

Але вернемся да нашага інтэрвію зь Лехам Валэнсам.

(Валэнса: ) “Мая драма і дагэтуль палягае ў тым, што я не магу ўсяго гаварыць, але мушу гэта зрабіць. Я насамрэч не хацеў быць прэзыдэнтам. Гэта чыстая праўда. Але я ведаю, што ў часе круглага стала я заключыў дрэнны кампраміс з камуністамі. Аддаў Ярузэльскаму пасаду прэзыдэнта, а з гэтым міністэрства абароны, міністэрства ўнутраных справаў і міністэрства замежных справаў. Магло здарыцца, што ў такой сытуацыі яшчэ доўга не надышоў бы канец камунізму. У такой сытуацыі, тыя людзі не пагадзіліся б распусьціць Варшаўскую дамову і пайсьці на захад. Ніколі! І таму я вырашыў нічога не гаворачы ўсе гэтыя структуры заваяваць і аддаць людзям. А адзіная магчымасьць, каб гэта зрабіць гэта трэба было стаць прэзыдэнтам. Таму я вырашыў нічога нікому не гаварыць, але стаць прэзыдэнтам і дабіць камунізм. І я яго дабіў”.

(Карэспандэнт: ) “На пачатку свайго прэзыдэнцтва Лех Валэнса меў вялікую папулярнасьць. Я спытаўся, ці не было такой спакусы – нейкім чынам застацца на пасадзе далей?”

(Валэнса: ) “Не, прабачце, не. Я чалавек веруючы – можаце запытацца ў каго заўгодна, што кожны свой дзень я пачынаю са сьвятой імшы. І не таму, што я чалавек занадта клерыкальны. Былі спакусы, былі і цяжкасьці, але я заўсёды знаходзіў хаця б паўгадзіны на малітву, ачышчэньне, на тое, каб затрымацца, аглядзецца і пайсьці далей. Таму я ўпэўнены, што не зрабіў ніякай памылкі. Розныя рэчы гавораць, але гэта была толькі палітычная барацьба. Са мной змагаліся і мяне перамаглі ў такі спосаб, што... карацей – казалі пра мяне глупствы!”

(Працяг будзе)
XS
SM
MD
LG