Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыватны дзёньнік: Генадзь Бураўкін


Генадзь Бураўкін, Менск Новая перадача сэрыі “Прыватны дзёньнік”. Асабістыя запісы прадстаўляе знаны беларускі паэт і грамадзкі дзеяч Генадзь Бураўкін.

14 лістапада, нядзеля

Як звычайна, раблю гэта ў нядзелю, раніцой уключыў праграму “Апэльсынавы сок”, якую вядзе па НТВ Уладзімер Салаўёў. На гэты раз яе госьцем быў міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў. Я добра памятаю яго па сустрэчах у Нью-Ёрку на сэсіях Генэральнай асамблеі ААН. Ён быў мне вельмі сымпатычны сваёй засяроджанасьцю, спакоем і нешматслоўем. Сяргей Віктаравіч пастарэў, памажнеў, але па-ранейшаму тактоўны і інтэлігентны, толькі, можа, яшчэ больш асьцярожны і ўзважаны ў фармулёўках. Але мяне ўразіла ня гэта, бо хіба я сумняваўся ў высокай дасьведчанасьці й мудрай абачлівасьці цяпер ужо міністра? Мяне парадавалі ўзровень гаворкі ў вельмі паважлівы, можна сказаць, сяброўскі тон.

Неяк само сабою, міжволі зьявілася параўнаньне “Апэльсынавага соку” з так званымі аналітычнымі праграмамі Беларускага тэлебачаньня, з усімі гэтымі “Пастскрыптумамі”, “Правамі чалавека”, “Выбарамі”, “Асаблівымі меркаваньнямі”. Не кажу пра чыста прафэсійную розьніцу паміж Уладзімерам Салаўёвым і Яўгенам Новікавым ці Юрыем Шынкаром (яна відавочна не на карысьць “нашых”) — не магу не заўважыць агромністай дыстанцыі ў падыходах да ацэнкі палітычных падзеяў, адносінаў паміж уладай і сродкамі масавай інфармацыі ў Менску і ў Маскве. Хіба можна ўявіць, каб у нечым, хоць у адным слове, сказаным кіраўніком нашай дзяржавы, па любой, нават нязначнай драбязе, усумніўся бойкі Юры Пракопаў? Хіба хоць аднойчы Юры Шынкар меў у нечым асабістае меркаваньне па надзённых праблемах жыцьця?

Глядзеў НТВэўскую праграму, і ў галаву лезла парадаксальная думка: ці ня п’юць нашыя тэлепрапагандысты перад выхадам на экран нешта больш моцнае, чым сок? Бо чаму ж ім не хапае ні спакою, ні разважлівасьці, ні стрыманасьці Ўладзімера Салаўёва? А можа, ідэалягічныя “гаспадары” патрабуюць ад іх якраз агрэсіі й зласьлівасьці, так бы мовіць, праца ў іх такая?.. Ну тады тым болей сумна і крыўдна…

15 лістапада, панядзелак

Перад абедам завітаў да мяне Віктар Казько, зь якім даўно ня бачыліся. Люблю я гэтага выдатнага празаіка, аўтара вельмі сьветлых і мудрых кніг, нешматслоўнага, надзвычай сардэчнага і надзейнага сябра. Закідалі адзін аднаго пытаньнямі пра жыцьцё: пра здароўе, пра сямейнікаў, а найбольш, вядома, пра творчыя справы. Горка жартуючы, расказаў мне Віктар, як доўгія гады ляжаць у выдавецтве “Мастацкая літаратура” ягоныя рукапісы, як амаль немагчыма ўжо надрукавацца ў Маскве, што ўсяго два дзясяткі гадоў таму было рэальным, як на кожным кроку і ён адчувае проста садысцкую дзяржаўную пагарду да беларускіх пісьменьнікаў, да беларушчыны наогул. Паплакаліся, як кажуць, адзін аднаму ў камізэльку і сумна пагадзіліся, што пэрспэктыва ў нас, на жаль, невясёлая. Апроч часопісу “Дзеяслоў” ды адной-дзьвюх незалежных газэтаў і паткнуцца няма куды з новымі вершамі ці апавяданьнямі. Такога, здаецца, не было нават у самыя змрочныя часы сталіншчыны…

Вечарам з асаблівай шчырасьцю шукаў на экране і ў эфіры інфармацыю пра тэледэбаты прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта Ўкраіны. Была яна дужа кароткая і даволі цьмяная, бо ішла з расейскіх крыніцаў, а пазыцыя афіцыйнай Расеі й тут адкрыта імпэрская і кансэрватыўная. Нам, беларусам, яна добра знаёмая. Праўда, Украіна — гэта не Беларусь. Там і куды больш нацыянальна сьвядомых людзей, і моцная апазыцыя, ды і некаторыя дэмакратычныя заваёвы ўсё яшчэ не растаптаныя, як у нас. Так што ад вынікаў галасаваньня 21 лістапада залежыць вельмі многа ў далейшай гісторыі і самой Украіны, і Расеі, і Эўропы, і нашай роднай Беларусі. Калі пераможа Януковіч, лукашызм, ня выключана, распаўзецца ажно да Чорнага мора. Вытрымай, выстай, дарагая, залатая наша Ўкраіна!..

16 лістапада, аўторак

Аднёс у рэдакцыю газэты “Салідарнасьць” чарговы свой артыкульчык у рубрыку “Задумаемся разам”. Яшчэ з парога сустрэўся позіркам з вачыма Веранікі Чаркасавай, чый партрэт стаіць на шафе над адным з кампутараў, сьведчачы, што яна па-ранейшаму тут, з намі, працавітая і сьціплая, прыгожая і няўступчывая. Яе жахлівае, трагічнае забойства яшчэ вельмі баліць усім, і ня ведаю, як астатнія, а я, як чалавек, што ня часта бывае ў рэдакцыі, проста фізычна адчуваю, наколькі зьмянілася атмасфэра ў нашым цесным пакойчыку, як паменела ў ёй бесклапотнасьці й маладога аптымізму. Пакутніцкая сьмерць Веранікі, як усім нам здаецца, — гэта нейкі знак, нядобры знак ня толькі для нашай газэты, а і для ўсёй Беларусі…

Мне падабаецца невялікі, дружны калектыў “Салідарнасьці”. Вельмі мне сымпатычны Аляксандар Старыкевіч — галоўны рэдактар. Па-першае, ён надзвычай таленавіты публіцыст-аналітык, якіх у нас зусім мала. Ён умее натуральна і нават нібы непрыкметна заглыбляцца ў вытокі праблемаў, у тонкасьці самых заблытаных палітычных інтрыгаў. І яшчэ (што ня меншая рэдкасьць) ён — пасьпяховы арганізатар. Тым, якімі сучаснымі, інтэлектуальнымі выданьнямі ён зрабіў некалі газэту “Беларускі час”, а цяпер робіць “Салідарнасьць” у нашых умовах, можна толькі захапляцца… Вось за такімі, як Саша, — будучыня Беларусі, яе сапраўдны ясны дзень. Толькі б сёньняшняя нахабная ўлада не зламала, не растаптала іх!..

17 лістапада, серада

Сёньняшні дзень, па мерках афіцыйнай прапаганды, можна сьмела занесьці ў сьпіс гістарычных — Аляксандар Лукашэнка падпісаў рашэньне, прынятае рэфэрэндумам 17 кастрычніка. Цырымонію паказвалі ўсе беларускія тэлеканалы, у прамым эфіры яе трансьлявала радыё. Як звычайна, віноўнік урачыстасьці выступіў зь вялікай, можна сказаць, усеабдымнай палітычнай прамовай.

Цікавы чалавек наш Аляксандар Рыгоравіч. Сьпярша на поўным сур’ёзе даказвае, што Беларусь — райскі востраў ва ўсясьветным акіяне беззаконьня і галечы. Богам аблашчаны куток на былой савецкай прасторы з самым лепшым на зямлі народам і самым мудрым і беззаганным кіраўніцтвам. А потым з усёй палымянасьцю сваёй эмацыйнай натуры, з праведным гневам і пралетарскімі праклёнамі не пакідае ні вінціка, ні шрубачкі ад праржавелай адміністратыўнай машыны, якую так апантана і безразважна кляпаў усе гады свайго бескантрольнага ўладараньня. Калі б хоць дзясятую долю гэтай крытыкі дазволіў сабе Вінцук Вячорка або Анатоль Лябедзька, ох які віскат пачаўся б у “чэсных” сродках масавай інфармацыі і ў зацененых пракурорскіх кабінэтах!..

Адзін пасаж у выступленьні Аляксандра Рыгоравіча мяне, сына камуніста-франтавіка, як бы тут мякка сказаць, ашаламіў. Спасылаючыся на нейкіх неназваных вэтэранаў Вялікай Айчыннай вайны, ён паставіў у адзін шэраг сёньняшніх апазыцыянэраў і колішніх паліцаяў, якія “сваімі даносамі наклікалі на землякоў розныя беды — блякады партызанскіх раёнаў, спальваньне вёсак…” (Так было сказана.) Дык вось мяне, васьмігадовага, разам з маці й маленькай сястрой эсэсаўцы хацелі спаліць сярод іншых у вёсцы Шмур’і партызанскага Расонскага раёну падчас карнай апэрацыі. Я цудам выратаваўся. І хіба мог я падумаць, што праз шэсьцьдзесят гадоў сярод маіх знаёмых, хай сабе і апазыцыянэраў, з высокай трыбуны ў Менску будуць шукаць новых паліцаяў, новых карнікаў!.. Зрабілася страшна. Доўга ня мог заснуць…

18 лістапада, чацьвер

Выглянуў ранкам з акна — і ажно зажмурыўся ад белізны. За ноч увесь двор, сьцежкі й прысады акрыў пульхны і чысты сьнег… Ну вось, нарэшце, здаецца, прыйшла зіма… Але не пасьпеў я сьцішана налюбавацца забытай ужо прыгажосьцю, як раптам выбухнуў і пакаціўся за небакрай нечаканы гром, недарэчны ў такую пару. І бліснула цьмяная злавесная маланка… Да чаго б гэта? Ці ня зноў неба злуецца і папярэджвае нас, грэшных, што ня ўсё мы на зямлі робім так, як трэба?..
XS
SM
MD
LG