Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Знойдзеная” Атлянтыда


Вячаслаў Ракіцкі, Менск Новая перадача сэрыі “Беларуская Атлянтыда”.

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Гэтым тыднем прыйшла сэнсацыйная навіна — амэрыканскі дасьледчык Робэрт Сарматс у Міжземным моры на глыбіні паўтара кілямэтра і на адлегласьці 75 кілямэтраў ад узьбярэжжа Кіпру знайшоў тое, што чалавецтва шукала тысячагодзьдзі, а менавіта — Атлянтыду. Яе час ад часу, так бы мовіць, знаходзілі ў раёне Азорскіх выспаў, Крыту, Сантарыні й нават далёкіх ад Міжземнамор’я частках сьвету. І вось цяпер — ля берагоў Кіпру.

Натуральна, што нашая праграма, якая ў сваім назове выкарыстоўвае слова “Атлянтыда” як мэтафару, не магла не адгукнуцца на гэтую падзею. Тым болей, што і празь дзьве з паловаю тысячы гадоў пасьля таго, як старажытнагрэцкі філёзаф Плятон апісаў выспу-дзяржаву, што нібыта зьнікла 9600 гадоў да нашай эры пад вадою, спрэчкі пра гэтую таямніцу не зьнікаюць. Чаму? І ці магчыма з гледзішча сучаснай навукі адшукаць тую старажытную Атлянтыду? А мо гэта разьвіцьцё прывабнага міту?

У кожным разе, гэтая навіна вельмі важная для сучаснай цывілізацыі. Важная і для нас, бо дае надзею, што ў нейкай пэрспэктыве будзе адшуканая і беларуская атлянтыда — страчаныя матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасьці нацыі. Дзеля абмеркаваньня гэтых пытаньняў я запрасіў у студыю сталых удзельнікаў праграмы “Беларуская Атлянтыда” — археоляга Алега Трусава і філёзафа Валянціна Акудовіча. І на пачатку я задаю пытаньні спадару Трусаву. Якія падставы меў Плятон дзеля апісаньня Атлянтыды?”

(Алег Трусаў: ) “Амаль усе народы зафіксавалі існаваньне нейкай моцнай цывілізацыі, што загінула ў часе глябальных катаклізмаў. І Плятон па-сутнасьці агучыў тое, што ўжо даўно было ў міталёгіі грэкаў”.

(Ракіцкі: ) “Дык вы лічыце, што Атлянтыда — гэта міт? А мо гэта прыгожая філязофская ідэя? Ці ўсё ж рэальны факт?”

(Трусаў: ) “Я лічу, што гэта — рэальны факт, які паступова стаў мітам, тым болей, што гісторыя сьведчыць, што не бывае мітаў з паветра, заўжды ў аснове іх ляжаць рэальныя падзеі”.

(Ракіцкі: ) “Вы сказалі, што міт пра Атлянтыду так ці інакш адгукнуўся ў міталёгіі многіх народаў… А як ён адбіўся на міталёгіі беларусаў?”

(Трусаў: ) “Нягледзячы на тое, што беларусы ня маюць выхаду да мора на сёньняшні дзень, але гісторыі пра патанулыя гарады ці храмы вельмі пашыраныя ў беларусаў. У маім родным Амсьціславе ёсьць сьвятое возера, і мне прабабуля расказвала, што колісь там царква апусьцілася пад ваду, і ў сонечныя дні чуваць, як зьвіняць званы пад вадою. Пра гэта пісаў і Вацлаў Ластоўскі, а яшчэ раней Адам Міцкевіч. Гэта значыць, што міт аб затанулай цывілізацыі закрануў і беларусаў”.

(Ракіцкі: ) “Мне гэты міт падаецца шырэйшым, чым гісторыя пра затанулую цывілізацыю. Той жа Ластоўскі ў “Лябірынтах” шукаў і нейкія аскалёпкі цывілізацыі ў тым жа Полацку. Дзеля чаго складаюцца гэтыя міты, дзеля чаго людзі вядуць гэтыя пошукі зьніклых цывілізацыяў?”

(Трусаў: ) “Міты складаюцца дзеля таго, каб у чалавека была пэрспэктыва жыцьця. Давайце ўспомнім, як шукаў мітычную Трою гандляр, багаты чалавек Шліман. Ён быў чалавекам, далёкім ад археалёгіі, тым ня меней, захапіўся “Іліядай” і “Адысэяй”, паехаў у Турэччыну і пасьля шматгадовых пошукаў знайшоў Трою. У кожнага з нас ёсьць свая Троя, і кожны хоча яе знайсьці”.

(Ракіцкі: ) “Але вернемся да сэнсацыі, якая стала падставай для нашай сёньняшняй гаворкі. З гледзішча навукоўцы, археоляга, вы, спадар Трусаў, ці верыце ў тое, што гэтым разам сапраўды знойдзеная Атлянтыда? Ці гэта ўвогуле магчыма?”

(Трусаў: ) “Цалкам магчыма. Тым болей, што ў 20 стагодзьдзі ўжо шмат знайшлі. У самым пачатку яго ангельскі археоляг Эванс на высьпе Крэта каля гораду Кнос адкапаў унікальную цывілізацыю — велізарны палац са шматлікімі памяшканьнямі, унікальнымі фрэскамі. Мне здаецца, што гэтым разам знайшоў амэрыканец Робэрт Сарматс, ёсьць кавалкам той самай цывілізацыі”.

(Ракіцкі: ) “А якія яшчэ, спадар Трусаў, згубленыя чалавецтвам цывілізацыі мы маглі б параўнаць з Атлянтыдай?”

(Трусаў: ) “Яскравы прыклад — цывілізацыі Індыі, якія таксама загінулі ў часе велізарнага патопу. Археолягі знайшлі сьляды глею. Гэты ўсясьветны патоп адлюстраваны ў Бібліі. А пошукі Ноевага каўчэгу, як Атлянтыды? Колькі разоў мы бачылі здымкі: на гары Арарат быццам бы і ёсьць Ноеў каўчэг. Зразумела, што ў эпоху бронзы (прыкладна каля 10 тысяч гадоў да нашай эры) была нейкая катастрофа, у выніку якіх на зямной кулі загінулі некалькі цывілізацыяў. І ўсіх іх параўноўваюць на філязофскім узроўні з Атлянтыдай”.

(Ракіцкі: ) “Я ўжо некалькі гадоў на Радыё Свабода вяду перадачу “Беларуская Атлянтыда”, і я вельмі ўсьцешаны гэтай сэнсацыйнай навіной. Мне гэта як мёд на душу, што слова Атлянтыда зноў на вуснах усяго чалавецтва. І такое пытаньне: а дзе мы, беларусы, знойдзем сваю Атлянтыду?”

(Трусаў: ) “Вядома, на возеры Нарач. Тым болей, што там праблемы цяпер і з экалёгіяй, і з турыстамі. І калі нейкі малады археоляг на дне знойдзе нейкага чарговага ідала, дык турысты з усяго сьвету паваляць. Дай Бог, нам знайсьці Атлянтыду пасярод возера Нарач”.

(Ракіцкі: ) “Вы жартуеце ці гаворыце ўсур’ёз?”

(Трусаў: ) “У нас ёсьць падводная археалёгія. І нашыя археолягі тое-сёе пад вадою знаходзілі, асабліва ў азёрах”.

(Ракіцкі: ) “У працяг разважаньняў археоляга паслухаем думку філёзафа, бо міт пра Атлянтыду — гэта яшчэ і вельмі прывабная філязофская ідэя. Сёньня бібліятэка атлянталёгіі налічвае 25 тысяч кніг, у якіх прыблізна два з паловай мільёна старонак. Гэта болей як у сто тысяч разоў перавышае напісанае самім Плятонам. Дык у чым жа прывабнасьць ідэі Атлянтыды?”

(Валянцін Акудовіч: ) “Найболей цікавае ў міце пра Атлянтыду — нашая цікавасьць да гэтага міту. Вось гэта ёсьць сапраўдным дзівам, бо колькі за тысячагодзьдзі пазьнікала народаў і магутных цывілізацыяў, але яны нікога, акрамя турыстаў і гісторыкаў, не інтрыгуюць. А вось знайсьці Атлянтыду — мара кожнага рамантычнага падлетка. У чым тут прычына? Няўжо толькі ў тым, што Атлянтыду занесла не пяском, а накрыла вадою? Ня ў гэтым.

Як мне здаецца, трываласьць міту пра Атлянтыду палягае на тым, што тут скрыжаваліся два асноўных міты чалавецтва. Першы зь іх — міт пра залаты век, які калісьці быў на зямлі. Як мы памятаем, у Плятона Атлянтыда — гэта выспа з урадлівымі палямі, багатымі гарадамі,магутным народам і заможным жыцьцём. Другі — гэта юда-хрысьціянскі міт пра апакаліпсыс — канец сьвету адразу і для ўсіх. Атлянтыда ёсьць своеасаблівым успамінам пра будучае, якое, паводле хрысьціянскай вэрсіі, чакае ўсё чалавецтва. Вось жа на скрыжаваньні гэтых двух мітаў і палягае, з майго гледзішча, тая неверагодная трывучасьць і вабнасьць міту пра Атлянтыду”.

(Ракіцкі: ) “Вы сказалі пра аптымістаў, якія ў гэтым міце бачылі нейкую ідэальную будучыню. Але ўжо пры жыцьці Плятона гэтая ідэя аспрэчвалася. Нават Арыстотэль, сучасьнік Плятона, як кажуць, менавіта з гэтай нагоды прамовіў: “Плятон мне сябра, а ісьціна даражэйшая”. Дык ці варта верыць у гэтую ідэю сёньня?”

(Акудовіч: ) “Тэарэтычна Атлянтыда цалкам магчымая. Болей за тое, зусім верагодна, што падобны лёс напаткаў не адзін народ, які жыў на высьпе ці ўзьбярэжжы. Хто і калі палічыць, колькі было тэктанічных ператрусаў у даўно прамінулым?! Разам з тым, я вельмі скептычна стаўлюся да Плятонавай Атлянтыды. Бачыце, да таго, як стацца філёзафам, Плятон быў паэтам і драматургам, гэта значыць, выдумлякам. Гэтай схільнасьцю да паэтычных фантазіяў я і гатовы патлумачыць зьяўленьне міту пра Атлянтыду”.

(Ракіцкі: ) “А чаму ня толькі тыя народы, якія жывуць ля Атлянтыкі, шукаюць Атлянтыду? Чаму многія народы бяруць на ўзбраеньне гэты міт? Вось і мы называем нашу праграму “Беларуская Атлянтыда”. У гэтым зьвязку: ці могуць беларусы знайсьці сваю Атлянтыду, калі яе разумець у філязофскім, шырокім сэнсе слова? І дзе можна знайсьці яе?”

(Акудовіч: ) “Кожны народ адчувае, што ён мае недзе ўнізе пад сабою нешта істотна страчанае. І ён спадзяецца, што калі падыме сваю Атлянтыду з прадоньня страчанага, дык знойдзе сябе. Разам з тым, міт пра Атлянтыду мае сэнс і вабу адно да той пары, пакуль Атлянтыда ня знойдзеная. Тое самае і зь беларускай Атлянтыдай. Як толькі мы яе знойдзем ва ўсёй яе паўнаце, рэканструюем, запішам у падручнікі й свае галовы, дык міт адразу ператворыцца ў гісторыю народу, які спрадвеку жыў на гэтай зямлі. З аднаго боку, адраджэнцы ўсіх часоў сумуюць па адсутнасьці ў беларусаў гэтай гісторыі. Але я, са свайго боку, калі такое здарыцца, калі нашая гісторыя стане нашай у нашых галовах, пачну сумаваць па беларускай Атлянтыдзе, бо ёсьць нейкая вабнота ў тым, што мы нават для саміх сябе і для іншых — terra nihil. Ёсьць нейкая вабнота ў тым, што мы ўсё яшчэ чакаем адкрыць і свой залаты век, і свой апакаліпсыс. І гэтае чаканьне зьвязанае з пошукамі й першага, і другога, мне — магчыма, як старому рамантыку — вельмі даспадобы”.

(Ракіцкі: ) “І нават калі сапраўды пад міжземнаморскай тваньню, як гэта паведаміў амэрыканскі навуковец Робэрт Сармаст, знаходзіцца таямнічая Атлянтыда, яшчэ стагодзьдзі спатрэбяцца, каб вывучыць і асэнсаваць тую цывілізацыю. Будзем спадзявацца, што ў дачыненьні да разуменьня Атлянтыды-Беларусь шлях карацейшы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG