Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што гаварыла міністарка абароны Францыі пра беларускіх наёмнікаў у Кот-д’Івуары?


Юры Сьвірко, Менск Як ужо распавядала Радыё Свабода, група юрыдычнай абароны францускіх вайскоўцаў падала крымінальны пазоў супраць прэзыдэнта Кот-д’Івуару Ларэна Гбагба, якога абвінавачваюць ў “сьвядомым забойстве” 9 францускіх міратворцаў 6 лістапада. Адказьнікамі таксама хочуць зрабіць пілётаў, якія тады нанесьлі бомбавыя ўдары па міратворцах. Паводле міністаркі абароны Францыі Мішэль Альё-Мары, гэтыя лётчыкі былі наёмнікамі зь Беларусі.

Адрозна ад адвакатаў забітых жаўнераў, урад Францыі адмовіўся ад абвіначваньняў на адрас івуарскага прэзыдэнта. Францускі міністар замежных справаў Мішэль Барнье заявіў ў інтэрвію радыё “Europe 1”, што ўрад Францыі ня ведае, на якім узроўні было прынятае рашэньне атакаваць францускую базу ў цэнтры Кот-д’Івуару.

Як паведамляе агенцтва “Франс Прэс”, “міністарка абароны Францыі Мішэль Альё-Мары заявіла, што Францыя перакананая ў тым, што авіяўдар быў наўмысным, але правядзе расьсьледаваньне, каб высьветліць, на якім узроўні было прынятае рашэньне атакаваць. Яна сказала, што гэта мог вырашыць мясцовы камандзір або нават пілёт, што быў, як паведамляецца, наёмнікам зь Беларусі”.

У інтэрвію радыё “France Info” спадарыня Альё-Мары заявіла: “Гэта быў гэткі акт вар’яцтва, што не падаецца лягічным тое, што івуарскі кіраўнік дзяржавы мог прыняць такое рашэньне”.

Я зьвязаўся з дарадцам міністаркі абароны Францыі Філіпам Ле Корам, які на пытаньне, ці абстрэльвалі беларускія наёмнікі французаў у Кот-д’Івуары, адказаў гэтак:

(Ле Кор: ) “Мы ня думаем, што гэта магло быць выпадковасьцю – гэта дакладна. Мы ня ведаем, хто былі гэтыя пілёты – ці то нехта з Кот-д’Івуару, ці то зь Беларусі. Гэта ня мае значэньня – ёсьць расьсьледаваньне, і мы спадзяемся атрымаць вынікі вельмі хутка ад івуарскага ўраду”.

Спадар Ле Кор заявіў, што сам ня чуў ад міністаркі абароны словаў пра двух беларускіх наёмнікаў. Але кіраўнік дэпутацкай групы кіроўнай партыі ў парлямэнце Францыі Бэрнар Акае пасьля сустрэчы з гэтай міністаркай заявіў, што атака на івуарсікх самалётах Су была наўмыснай: “Няма няяснасьці наконт меркаванай памылкі з боку двух пілётаў “Сухога”, якія – мы ведаем – былі наёмнікамі зь Беларусі”.

Дык ці казала міністарка Мішэль Альё-Мары пра двух беларускіх наёмнікаў у Кот-д’Івуары, якія збамбавалі са сваіх самалётаў французаў?

Вось як на гэтае пытаньне адказала прадстаўніца дэпутацкай групы, якую ачольвае Бэрнар Акае – Вэранік Ўінтэр:

(Ўінтэр: ) “Так, гэта тое, што яна сказала. Яна сказала гэта нам. Бэрнар Акае проста паведаміў тое, што сказала Мішэль Альё-Мары. Так, я таксама гэта чула”.

Спадарыня Ўінтэр была прысутная на той закрытай сустрэчы дэпутатаў Нацыянальнай асамблеі Францыі ад кіроўнай партыі з міністаркай абароны. На маё пытаньне, чаму спадар Акае распавёў пра закрытую сустрэчу прэсе, яна адказала:

(Ўінтэр: ) “Калі вы гаворыце перад чатырма сотнямі дэпутатаў, а ў нашай групе 361, калі нешта гаворыцца перад усімі гэтымі людзьмі, звычайна Бэрнас Акае аддае перавагу таму, каб сказаць пра тое, што адбылося на гэтай сустрэчы, – замест таго, каб любыя дэпутаты маглі казаць нешта ня вельмі праўдзівае ці… вы ведаеце, што я маю на ўвазе. Ён аддае перавагу таму, каб распавядаць рэчы самому”.

Нагадаю, што міністэрства абароны Кот-д’Івуару абвергла, што самалётамі, якія збамбавалі францускіх вайскоўцаў, кіравалі беларусы. Аднак яно пацьвердзіла, што грамадзяне Беларусі мелі кантракт з вайсковым ведамствам гэтай афрыканскай краіны ды абслугоўвалі менавіта вайсковыя самалёты Су.

Хаця 15 лётчыкаў з СНД кажуць, што яны цывільныя й займаліся перавозкамі грузаў на Ан-12, адмыслоўцы зазначаюць, што для абслугоўваньня гэтага самалёту хапае 4 сяброў экіпажу. Кіраўнік гэтай групы Міхаіл паведаміў Радыё Свабода, што яны сапраўды рамантавалі яшчэ й вайсковыя самалёты, а таксама спаслаўся на міжурадавае пагадненьне паміж Беларусьсю і Кот-д’Івурам аб ваеннай дапамозе, тэкст якога ён меў з сабою. Беларускае МЗС дагэтуль не абвергла факт існаваньня такога пагадненьня – яго прэсавы сакратар Андрэй Савіных толькі заявіў, што самалёт Ан-12 ня ёсьць беларускім. Але чыім – не ўдакладніў. Раней Беларусь прадала Кот-д’Івуару 2 вайсковыя гэлікоптэры ды іншую зброю, пасьля чаго гэтая афрыканская краіна трапіла ў чацьвёрку найбуйнейшых імпарцёраў беларускай зброі, пра што афіцыйна паведаміла МЗС Беларусі.
XS
SM
MD
LG