Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску пачалі здымаць шчыты з замежнай рэклямай – першай ахвярай стала галівудзкая зорка Сінды Кроўфорд


Уладзімер Глод, Менск 19 лістапада ў самым цэнтры беларускай сталіцы зьнялі рэклямны шчыт, з якога знакамітая прыгажуня, мадэль Сінды Кроўфорд рэклямавала швайцарскі наручны гадзіньнік "Амэга". Так у Менску адрэагавалі на выступ кіраўніка беларускай дзяржавы перад новым складам Нацыянальнага сходу.

Аляксандар Лукашэнка быў вельмі незадаволены тым, як у Менску рэклямуюць розныя тавары. На думку кіраўніка дзяржавы, усе тавары мусяць рэклямаваць выключна беларускія дзяўчаты, нават калі гэта вытворчасьць славутых замежных фірмаў.

У сталіцы Беларусі раней рабілі як ва ўсім сьвеце – напрыклад, абсалютна аднолькавыя выявы той ж Сіндзі Кроўфорд зь яе "Амэгай" я на ўласныя вочы бачыў месяц таму ня толькі ў Менску, але і ў Брусэлі, і ў Варшаве.

Лукашэнку такое не да спадобы, за што ён рэзка крытыкаваў старшыню Менскага гарвыканкаму Міхаіла Паўлава.

(Лукашэнка: ) “І каб у Паўлава не віселі гэтыя францужанкі з замызгаными тварамі на кожным скрыжаваньні. Нават там, дзе прэзыдэнт езьдзіць, павывешвалі невядома што. Сваіх туды фатаграфуйце, і няхай рэкламуюць гадзіньнікі нашага прадпрыемства. А за рэкляму імпартных гадзіньнікаў няхай плацяць нашым дзяўчатам. І пачынайце гэта ўжо заўтра рабіць”.

На прэзыдэнцкую ўстаноўку гарадзкія ўлады Менску адрэагавалі апэратыўна. Так, непадалёку ад гатэля "Беларусь" зьнікла рэкляма мабільнага тэлефону "Самсунг-120" зь вельмі прывабнай дзяўчынай, спынілася асьвятленьне рэклямы некаторых іншых замежных фірмаў.

З гэтай нагоды ўвечары 19 лістапада расейскі тэлеканал НТВ нават паказаў адмысловы сюжэт – замест выявы Кроўфорд павесілі сацыяльную рэкляму з надпісам "Не гони".

На думку аўтара сюжэта НТВ, гэты надпіс ёсьць зваротам Міхаіла Паўлава да Аляксандра Лукашэнкі.

Старшыня рады беларускай інтэлігенцыі рэжысэр Уладзімер Колас гаворыць, што тут, на жаль, не да жартаў.

(Колас: ) “Гэта нават ня сьмешна, тут не да гумару. Проста вельмі сумна. Ён выстаўляе ўсіх нас ужо даўно ў вельмі-вельмі такім непрыстойным выглядзе".
XS
SM
MD
LG