Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці мае Масква дачыненьне да адстаўкі шэфа КГБ Леаніда Ерына?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Беларускія палітыкі працягваюць камэнтаваць адстаўку старшыні КГБ. Чаму Аляксандар Лукашэнка зьняў Леаніда Ерына — хто можа цяпер ачоліць Камітэт дзяржаўнай бясьпекі? Кіраўнікі беларускай апазыцыі не сумняюцца ў матывах адстаўкі, у той час як прадстаўнікі ўлады лічаць за лепшае да канца не выяўляць сваёй пазыцыі.

53-гадовы Леанід Ерын нарадзіўся ў Воршы і пачынаў кар’еру супрацоўніка КГБ у Беларусі, але ў 1989 годзе яго перавялі ў Маскву, дзе Ерын даслужыўся да кіраўніка ўправы Фэдэральнай службы бясьпекі Расеі па Маскве і Маскоўскай вобласьці. У 1995 годзе Леаніда Ерына вярнулі ў КГБ Беларусі, які ён празь пяць год і ўзначаліў. Між тым, многія казалі пра сувязі Леаніда Ерына з расейскімі сілавікамі й нават называлі яго “вокам Пуціна ў Беларусі”.

Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Мікалай Статкевіч не выключае, што некаторыя учынкі Ерына ўспрымаліся як прадыктаваныя з Масквы.

(Статкевіч: ) “Мяркую, нават тое, што Ерын 18 кастрычніка выйшаў да апазыцыі, трактавалі як ягоную спробу ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах. Цяпер у нас ва ўладзе модна прыбіраць тых, хто можа залежаць ад Масквы. Нават у Вашынгтон бясьпечней езьдзіць, чым у Маскву”.

Мікалай Статкевіч мяркуе: хто б ні ўзначаліў КГБ пасьля Леаніда Ерына, рэпрэсіі супраць апазыцыі будуць узрастаць.

Лідэр Маладога фронту Павал Севярынец, які 18 кастрычніка прысутнічаў падчас сустрэчы Ерына зь мітынгоўшчыкамі, лічыць, што супрацоўнікі спэцслужбаў праводзілі ўнутранае расьсьледаваньне паводзінаў Ерына ў той дзень. Павал Севярынец перакананы, што размова з апазыцыянэрамі наўпрост спрычынілася да адстаўкі Ерына, які, на думку Севярынца, ёсьць стаўленікам Масквы.

(Севярынец: ) “Гэта пуцінская схема. Гэтак, як Зязікаў, Ардзінба і іншыя. Яна працуе на постсавецкай прасторы”.

Сябра Савету рэспублікі Мікалай Чаргінец ня верыць у тое, што сустрэча Леаніда Ерына зь беларускай апазыцыяй паўплывала на рашэньне Аляксандра Лукашэнкі зьняць старшыню КГБ. Мікалай Чаргінец згадвае нядаўнюю праверку КГБ:

(Чаргінец: ) “Там былі заўвагі па працы, магчыма, гэта паўплывала. Цяжка сказаць пэўна, бо зразумела, гэтым усім працэсам кіруе кіраўнік дзяржавы”.

Мікалай Чаргінец лічыць, што зьмена старшыні КГБ не прывядзе да канфрантацыі ў грамадзтве. 18 лістапада Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ, якім зацьвердзіў новае палажэньне аб КГБ. У прэсавай службе прэзыдэнта кажуць, што новае палажэньне ўлічвае апошнія зьмены ў заканадаўстве.
XS
SM
MD
LG