Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У выніку ўрагану 700 беларускіх гарадоў і вёсак засталіся без электрычнасьці, цыклён можа вярнуцца ў панядзелак


Ігар Карней, Менск Больш за семсот населеных пунктаў ва ўсіх рэгіёнах Беларусі пацярпелі ў выніку моцнага ветру ў ноч на 19 лістапада. Як сьведчаць у Белгідрамэтэацэнтры, хуткасьць ветру месцамі дасягала 30 мэтраў на сэкунду, альбо больш за 100 кілямэтраў на гадзіну. Міністэрства надзвычайных сытуацыяў паведаміла пра адзін трагічны выпадак. Некалькі чалавек было паранена.

Па ўсёй краіне пашкоджана 120 школьных установаў, 160 будынкаў і 680 трансфарматарных падстанцыяў.

У Сьветлагорскім раёне абваліўся дах кароўніка, дзе знаходзіліся блізу сотні цялятаў. Ветрам абарвана амаль 200 кілямэтраў ліній электраперадачаў і праваднога вяшчаньня. Па іроніі лёсу, з гэтай жа прычыны амаль немагчыма датэлефанавацца да апэратыўнага штабу Міністэрства надзвычайных сытуацыяў, які акумулюе ўсю інфармацыю пра наступствы ўрагану. Праз памехі ў сувязі супрацоўнік міністэрства Кірыл Данілаў апавёў, што вядома пра адзін сьмяротны выпадак у Гомелі: загінула супрацоўніца мясцовага хлебазаводу.

(Данілаў: ) “Адзіны выпадак — загінула 26-гадовая Натальля Цімашэнка, яе забіла зламаным дрэвам. Два чалавекі пры гэтым пацярпелі, былі шпіталізаваныя. А таксама яшчэ адна жанчына была дастаўленая ў шпіталь, ёй аказалі мэдычную дапамогу і адпусьцілі дахаты. Усяго пацярпелі 732 населеныя пункты, 715 былі абясточаныя”.

Наступствы ўчорашняй стыхіі сёньня можна ўбачыць нават у цэнтры сталіцы. На Кастрычніцкай плошчы — там, дзе яшчэ нядаўна вісеў вялізны агітацыйны плякат за рэфэрэндум, ветрам пагнутыя нават мэталічныя канструкцыі.

На праспэкце Скарыны сарваныя некалькі расьцяжак і ілюмінацыя. У нейкім сэнсе камічным можна назваць такі прыклад: вецер сарваў рэклямны шчыт, на якім было напісана “Правер стыхію на трываласьць”.

У сквэры на вуліцы Леніна вырвана з каранямі некалькі маладых дрэваў. Таксама поўна гальля і адламаных галінаў у сквэры каля рэзыдэнцыі Аляксандра Лукашэнкі. Апроч таго, на некаторых аўтобусных прыпынках ветрам павыбівала шкло.

Паводле сталічных уладаў, наступствы стыхіі ў Менску не такія істотныя, як у іншых рэгіёнах краіны. Тлумачыцца гэта тым, што ў горадзе вецер “тушыцца” будынкамі, тады як на адкрытай прасторы паказвае ўсю сваю сілу. Небясьпека, якой найбольш баяліся, — моцны дождж, зь якім ня справілася б ліўневая каналізацыя. У гэтым выпадку некаторыя вуліцы маглі ператварыцца ў імправізаваныя каткі. Расказвае прадстаўніца Менскага гарвыканкаму Алена Аўрынская:

(Аўрынская: ) “Калі пачалі масьціць пліткай ходнікі, спачатку думалі, што гэта нікому не патрэбна. А цяпер бачым, што гэта экалягічна важна, бо сьцёк у шчыліны паміж пліткамі таксама ёсьць — не суцэльны ж асфальт! І таму больш суха атрымліваецца”.

Сыноптыкі тым часам папярэджваюць, што цыклён можа вярнуцца ў Беларусь ужо ў панядзелак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG