Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары раёнаў Магілёўшчыны, якія пацярпелі ад радыяцыі, адмоўна ставяцца да ініцыятывы Лукашэнкі спыніць замежнае аздараўленьне


Марыя Ўсьціновіч, Магілёўская вобласьць Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў упарадкаваць сфэры аздараўленьня беларускіх дзяцей за мяжой. Паводле яго, працэс вывазу дзяцей за мяжу трэба зьвесьці практычна да нуля і аздараўляць дзяцей у Беларусі. Як да гэтага ставяцца ў сельскіх раёнах Магілёўшчыны, якія пацярпелі ад чарнобыльскай аварыі й адкуль дзеці традыцыйна езьдзяць на аздараўленьне за мяжу?

У Магілёўскай вобласьці, паводле афіцыйнай інфармацыі, штогод прыкладна 8 тысяч дзяцей выяжджала на замежнае аздараўленьне. Пакуль у абласной управе адукацыі ня ведаюць, наколькі скароціцца колькасьць выездаў дзяцей за мяжу. Аднак вось меркаваньне намесьніка кіраўніка ўправы Мікалая Стральцова.

(Стральцоў: ) “Мы згодныя зь цьверджаньнем прэзыдэнта, што замежнікі няхай сюды выдаткуюць грошы. Я, напрыклад, падтрымліваю”.

Такі пункт гледжаньня не падзяляюць жыхары ўсходніх раёнаў Магілёўшчыны, якія пацярпелі ад радыяцыі. Дзеці знаёмых жыхара Касьцюковічаў Мікалая Малахава задаволеныя замежным аздараўленьнем. Таму Мікалай адмоўна ставіцца да распараджэньня Аляксандра Лукашэнкі й лічыць, што гэта пытаньне ідэалягічнае.

(Малахаў: ) “Калі дзеці прыяжджаюць адтуль і бачаць, як там людзі жывуць і бачаць тое, што паказаваюць па тэлебачаньні, яны гэта параўноўваюць і відаць, што гэта хлусьня”.

Жыхарка Краснапольля Галіна, чый 10-гадовы сын трапіў за мяжу толькі аднойчы, прызнае, што хлопчык сапраўды актыўна параўновае, як там і што тут.

(Галіна: ) “Неяк улетку зьбіраліся, група ехала. Адна жанчына гаворыць: “Ай, няхай едзе, а то яшчэ адменяць, цяпер усякае можа быць — такая ўлада, што ўсякае можа быць. Так няхай хоць сьвет паглядзіць, за мяжой пабывае”. Такое вось. Ну, канечне, людзі супраць будуць”.

Журналіст недзяржаўнага выданьня з Крычава “Вольны горад” Сяргей Няроўны распавёў, што школы раёну падтрымліваюць шчыльныя сувязі з замежнымі дабрачыннымі арганізацыямі. Няроўны лічыць: калі людзі ўсьвядомяць, што паездкі за мяжу будуць скасаваныя, гэта стане для іх шокам.

(Няроўны: ) “Як за савецкім часам не выпускалі людзей, каб яны ня бачылі дабрабыту заходняга, так, відаць, і Лукашэнка. Новая ініцыятыва не дадасьць павагі Аляксандру Рыгоравічу, наадварот — адверне ад яго людзей”.

У раёнах мяркуюць, што некаторыя дзеці, у сем’ях якіх з замежнікамі ёсьць сталыя кантакты, будуць езьдзіць на аздараўленьне паводле прыватных запрашэньняў. Але гэта досыць малая частка ў параўнаньні з арганізаваным аздараўленьнем дзяцей за мяжой.
XS
SM
MD
LG