Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генэральная асамблея ААН адклала прыняцьцё рэзалюцыі аб парушэньні правоў чалавека ў Беларусі


Ганна Соусь, Менск Гэтае рашэньне на просьбу нашага радыё камэнтуюць прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі Андрэй Савіных, лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і былы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Андрэй Саньнікаў.

Камітэт у справе правоў чалавека Генэральнай асамблеі ААН бальшынёй галасоў пагадзіўся з прапановай Расеі адкласьці абмеркаваньне рэзалюцыі аб парушэньні правоў чалавека ў Беларусі. У рэзалюцыі, прапанаванай ЗША і Эўразьвязам, уздымаліся пытаньні аб зьнікненьні палітычных апанэнтаў рэжыму, парушэньнях падчас выбараў, зьбіцьці й затрыманьні дэманстрантаў і журналістаў у Беларусі. Гаворыць прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных:

(Савіных: ) “Унівэрсальная міжурадавая арганізацыя не саступіла маштабнаму ціску ЗША і йншых краінаў і адхіліла разгляд праекту рэзалюцыі аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Узважанае і цьвярозае рашэньне ў дачыненьні да праекту рэзалюцыі стала магчымым у выніку інтэнсіўных кансультацыяў, як з нацыянальнымі дэлегацыямі ў Нью-Ёрку, так і ў сталіцах сувэрэнных дзяржаваў. Рэспубліка Беларусь выказвае сваю шчырую ўдзячнасьць дзяржавам, якія прадэманставалі прынцыповасьць і аб’ектыўнасьць, прагаласаваўшы ў падтрымку нашай дзяржавы”.

Іншы пункт гледжаньня ў апазыцыйных палітыкаў. Міжнародны каардынатар “Хартыі-97”, а ў мінулым намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Андрэй Саньнікаў не выключае, што гэта толькі першы крок Генэральнай асамблеі ААН да больш сур’ёзных дакумэнтаў у справе правоў чалавека ў Беларусі.

(Саньнікаў: ) “У Генэральнай Асамблеі ААН даволі складаная сытуацыя наконт рэзалюцыяў па краінах. Гэта найбольш цяжкая працэдура. Таму я лічу, што шанцаў было няшмат. І суаўтары таму і пагадзіліся на тое, каб не выносіць на галасаваньне гэтай рэзалюцыі. Але тое, што зьявілася гэтая рэзалюцыя, гэта вельмі сур’ёзны факт”.

А вось меркаваньне лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі:

(Лябедзька: ) “ААН — усё ж арганізацыя вельмі няпростая. І там прысутнічаюць ня толькі краіны сталай дэмакратыі, такія як Эўразьвяз і ЗША, але і вельмі многія палітычныя рэжымы, якія вельмі блізкія ідэалягічна да Аляксандар Лукашэнкі. Таму прыняць рэзалюцыю — гэта вельмі й вельмі складана. А тое, што адкладзеная, то я ня думаю, што можа быць ад гэтага вельмі добры настрой у Беларусі. Пытаньні ж застаюцца…”
XS
SM
MD
LG