Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналістку Ірыну Халіп зноў дапытвалі ў пракуратуры


Альгерд Невяроўскі, Менск Намесьніцу галоўнага рэдактара “Белорусской деловой газеты” Ірыну Халіп 19 лістапада выклікалі на допыт у пракуратуру Партызанскага раёну Менску. Сьледчага цікавіла публікацыя журналісткі ў расейскім часопісе “Новый очевидец” пад назваю “Рэвалюцыя апалага лісьця”. Ніякіх абвінавачаньняў Ірыне Халіп прад’яўлена не было.

У сваім артыкуле “Рэвалюцыя апалага лісьця” Ірына Халіп апавядала пра выбары й рэфэрэндум у Беларусі, пра фальсыфікацыі, а таксама пра грамадзкія пратэсты ў цэнтры Менску. Гарадзкая пракуратура даручыла сьледчаму Аляксею Бародзьку правесьці разьбіральніцтва, дапытаць Ірыну і даць прававую ацэнку яе публікацыі. Гаворыць Ірына Халіп:

(Халіп: ) “Мяне выклікалі ў пракуратуру, каб я апавяла, што канкрэтна я мела на ўвазе ў сваім артыкуле. Ці мела я на мэце зьняважыць прэзыдэнта Лукашэнку ды іншых службовых асобаў. Гутарка была вельмі доўгая, амаль дзьве з паловай гадзіны — таму што сьледчы быў вельмі дысцыплінаваным і задаваў пытаньні літаральна па кожным сказе майго артыкулу”.

На мінулым тыдні Ірыну Халіп выклікалі на падобны допыт у менскую гарадзкую пракуратуру. Сьледчых цікавіла яе іншая публікацыя, у расейскай “Новой газете” — таксама на тэму палітычнага становішча ў Беларусі. І хаця абвінавачаньне ёй прад’яўленае не было, журналістка не выключае, што гэтае пракурорскае разьбіральніцтва можа мець крымінальныя наступствы.
XS
SM
MD
LG