Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як далучаюцца да веры сучасныя беларускія дзеці?


Аляксандар Уліцёнак, Менск Яшчэ 20 гадоў таму адкрыта выказвалі веру ў Бога хіба толькі старыя людзі, найчасьцей вяскоўцы. Сёньня сытуацыя радыкальна зьмянілася: раней забароненае стала амаль нормай. У большасьці сем’яў ёсьць Біблія, іншая рэлігійная літаратура, на вялікія сьвяты не прабіцца ў царкву... Цэлае пакаленьне вырасла ва ўмовах духоўнай рэфармацыі грамадзтва. Як жа далучаюцца да веры сучасныя беларускія дзеці? Пра гэта – чарговая перадача з цыклю “Тэматычная палітгеаграфія”.

Мне не хацелася страціць працу, таму свайго старэйшага сына хрысьціў фактычна “падпольна” – бабуля спэцыяльна дамаўлялася зь вясковым бацюшкам, каб пра тое ніхто ня ўведаў. Ну а з малодшым ужо не было ніякіх праблемаў: на дварэ стаяў 1990-ы. Гэта тыповая сытуацыя. Сёньня большасьць дзяцей адкрыта прызнаюцца, што яны вераць у Бога:

(Дзяўчынка: ) “Бог – гэта наш Творца. Ён айцец Пана Езуса, ён нас любіць, ён вельмі моцны, добры, міласэрны”.

(Хлопчык: ) “Для мяне Пан Бог – гэта другі бацька”.

(Дзяўчынка: ) “Ён мяне вельмі любіць. Ён памёр за нас на крыжы”.

(Дзяўчынка: ) “Ён для нас нібыта айцец нябесны, які нас стварыў і дае нам жыцьцё. Вечнае: калі мы паміраем, то наша душа не памірае. Яна несьмяротная”.

Навучаюцца веры па-рознаму, але часьцей – празь сям’ю. Традыцыйна лічыцца, што ў гэтым сэнсе найбольш пасьлядоўныя пратэстанты. Тры пакаленьні Лойкаў з узьдзенскай вёскі Калінінск – вернікі пратэстанцкай царквы. На іх касавурыліся яшчэ за саветамі: маўляў, “цягнуць малых у сэкту!”. Па інэрцыі хапае незычліўцаў і сёньня. Аднак дзядуля – спадар Уладзімер Лойка – лічыць, што прымусова вернікам стаць нельга:

(Уладзімер: ) “Мы дзяцей не далучаем. У 18 гадоў, а можа, дзе ёсьць і ў меншым узросьце, дзіця само ўсьведамляе і кажа: “Бог – мой асабісты збаўца. Я хочу служыць яму”.

У гэтай сям’і далучэньне да веры ідзе найперш праз духоўны аўтарытэт старэйшых. А беспасярэдняе спасьціжэньне асноваў хрысьціянства, вывучэньне Эвангельля адбываецца ў нядзельнай школе пры царкве. Пра яе расказвае Лізавета Лойка:

(Лізавета: ) “Вось нашы дзеці ходзяць. І іншыя бацькі прыводзяць сваіх дзетак. Падчас богаслужэньня ў нас у асобным пакоі праходзяць урокі біблейнай школы”.

Паўнацэннымі вернікамі дзяржынскай Царквы хрысьціян поўнага Эвангельля “Слова ісьціны” становяцца тыя падлеткі зь нядзельнай школы, якія стала ўсьведамляюць сябе яе часьцінкай. Гаворыць пастар Мікалай Козел:

(Козел: ) “Калі мы ўжо бачым, што дзіця сасьпела, каб прыняць на сябе адказнасьць быць часткай царквы, тады мы праз агульны сход прымаем у члены царквы. Потым наступаюць абрадавыя працэдуры: водны хрост і г.д”.

Нядзельныя школы ёсьць і пры цэрквах іншых канфэсіяў. Манахіні магілёўскага Катэдральнага касьцёлу сьвятога Станіслава раз на тыдзень навучаюць дзяцей ад пяці гадоў. Гэта вельмі вольныя ўрокі: можаш сесьці на дыван, можаш легчы – і абмяркоўвай, што такое Стары і Новы запавет, літургія слова, псальм, якая розьніца паміж апосталамі і эвангелістамі... Заняткі вядуцца на беларускай мове і завяршаюцца сьпевамі. Вучні не саромеюцца апавядаць пра сябе і Бога.

(Дзяўчынка: ) “Мяне завуць Эвэліна. Мой тата прыйшоў сюды, калі быў яшчэ вельмі малады. Потым ён ажаніўся з маёй маці. І яны вырашылі мяне сюды аддаць”.

(Хлопчык: ) “Мяне завуць Пеця. Мне 10 гадоў, я хаджу сюды 4 гады ці 5. Мне падабаецца тут вучыцца”.

(Дзяўчынка: ) “Мяне завуць Мар’ян. Я люблю пазнаваць Пана Езуса, як Ён жыў, што зь ім было, што зь ім здаралася ў Яго жыцьці”.

Сярод навучэнцаў у асноўным дзеці парафіянаў, тых, якія лічаць, што рэлігійны чалавек абавязаны выхоўваць сваіх блізкіх у веры. Дзеля чаго? Што дае яна малым? Адказвае спадар Аляксандар:

(Аляксандар: ) “Карысьць у духоўным пляне. У тым сэнсе, што дзіця будзе любіць Бога, а зь іншага боку, і баяцца будзе. Дык, можа, хоць вырасьце сумленным і добрым чалавекам”.

Сястра Ігнацыя, якая вядзе заняткі, лічыць: іх навучэнцы адрозьніваюцца ад равесьнікаў. Манахіня ўпэўненая, што веды пра Бога мяняюць уяўленьні пра сьвет, карэктуюць паводзіны дзяцей у адпаведнасьці з духоўнымі ідэаламі. Вера вызначае маральнасьць чалавека, яго культуру.

(Сястра Ігнацыя: ) “У нашым неспакойным сьвеце гэтыя дзеці, калі яны будуць усё жыцьцё з Богам, нешта змогуць перадаць іншым, і, можа, крыху больш здаровае пакаленьне вырасьце”.

І гэтыя спадзевы небеспадстаўныя. Вось назіраньне настаўніка з добрускай вёскі Вуць Адама Валынца:

(Валынец: ) “Калі ўзяць баптыстаў, то дзеці ў іх, я б сказаў, адрозьніваюцца ў станоўчы бок сваёй выхаванасьцю. Яны больш паслухмяныя, не брыдкасловяць, меней заўважаныя ў п’янстве, курэньні. Большая ў іх павага да дарослых…”

Дзяцей, якія спасьцігаюць асновы веры з дапамогай дасьведчаных людзей, ня так і мала, як падаецца. І ўсё ж большасьць у пэўным сэнсе паўтарае досьвед сваіх бацькоў. Тыя мала што ведалі пра рэлігію, бо панавала атэістычная ідэалёгія, а гэтыя – бо няма сыстэмнага навучаньня. Збольшага справа пушчаная на самацёк. Дзецям напоўніцу дадзена воля: хочаш – чытай, глядзі, слухай...

Мажлівасьцяў для саманавучаньня шмат. Аднак спакусаў аддаць вольны час нечаму іншаму, лягчэйшаму, забаўляльнаму – яшчэ больш. Невыпадкова нядзельную праваслаўную школу ў Узьдзе наведваюць усяго чалавек дваццаць. Чаму? Адказвае пяціклясьніца Ліза Хатылёва:

(Ліза: ) “Ім не падабаецца. Кажуць, што “крутыя” ня ходзяць туды, а толькі “ненармальныя…”

І гэтак адбываецца па ўсёй краіне. Ці спрабуюць дзеці-вернікі неяк паўплываць на сваіх сяброў? Часьцей – не. І ня толькі таму, што “крутых” большасьць. Сваю пазыцыю тлумачыць васьміклясьніца Вераніка Лойка:

(Вераніка: ) “Не, я іх не пераконваю ні ў чым. Хочацца сказаць пра Ісуса Хрыста, але гэта іхны выбар, куды хадзіць”.

Вось такі своеасаблівы рэлігійны дэмакратызм. Але варта нагадаць: Вераніка жыве ў сям’і, якая выхавала тры пакаленьні перакананых вернікаў. Паводле ж апошніх сацыялягічных зьвестак, толькі палова насельніцтва Беларусі лічыць сябе вернікамі. Дзецям далёкіх ад царквы бацькоў цяжэй самастойна знайсьці дарогу да храму. Таму спадзяваньні многіх найперш зьвязаныя зь сярэдняй школай.

(Аляксандар: ) “Ведаць рэлігію, хрысьціянства наагул, павінен кожны. Напрыклад, выяўленчае мастацтва – 70-90 % на рэлігійныя тэмы. Наагул, чалавек, які нешта ведае ў хрысьціянстве, ён на тую ж карціну глядзіць неяк інакш, нейкімі іншымі вачыма, і разумее ўжо інакш”.

Спадара Аляксандра з Магілёва дапаўняе ўзьдзенская фэльчарка Натальля Логіш:

(Логіш: ) “Добра было б, каб у школе выкладалася. Каб жыў з Богам, па-людзку каб жыў”.

Пытаньне гэтае насьпела ня толькі ў Беларусі, але і ў іншых постсавецкіх краінах. Нямала робіцца, напрыклад, у Расеі. Гэтак, у пазаклясны час там дазволена аддаваць школьныя памяшканьні для навучаньня рэлігіі тым канфэсійным суполкам, статут якіх прадугледжвае асьветніцкую дзейнасьць. Дзярждума заканадаўча прапісала ўзаемаабавязкі бацькоў, дзяцей, настаўнікаў, царквы.

Сярод расейскіх навінак – і прыватныя школы з рэлігійным ухілам, дзе сярод выкладчыкаў шмат сьвятароў. Аднак гэты досьвед не асабліва пашыраецца. Сёлета Ўладзімер Пуцін паставіў пытаньне пра вывучэньне ў сыстэме адукацыі гісторыі сусьветных рэлігіяў. Паралельна зь мінулага году праводзіцца адкрыты конкурс на падручнік “Рэлігіі Расеі”.

А што тым часам у Беларусі?

(Лойка: ) “Майму сыну настаўніца Лашанскай школы, яна выкладае гісторыю, дала словы і сказала: “Будзеш выступаць”. А ў гэтых словах напісана: “Курыў, куру і курыць буду”... Сцэнка такая, але мы аддалі гэтыя словы. А яна кажа, што гэта герой такі, Пеця. Дык выбачайце: нам такі герой не патрэбен!”

Гаварыў Сяргей Лойка. Пра тое, што ён баптыст, у школе добра ведалі. Аднак жа паспрабавалі зрабіць сына акторам у сцэнцы, якая пярэчыла рэлігійным перакананьням гэтай сям’і. Выпадкова або наўмысна – цікавае пытаньне. Задаю спадару Сяргею яшчэ адно: як ставяцца настаўнікі да пратэстантаў?

(Лойка: ) “Ну як? Адмоўна. Яны да Бога ставяцца адмоўна. Бо каб яны ставіліся станоўча, то былі б зусім іншыя вынікі. Яны кажуць, што царква аддзеленая ад дзяржавы”.

Гэта не зусім так: нядаўна Праваслаўная царква заключыла шэраг пагадненьняў аб супрацоўніцтве зь некалькімі міністэрствамі, сярод якіх і Міністэрства адукацыі. Невыпадкова пасьля закрыцьця Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту тэалягічны факультэт апынуўся ў БДУ. Зусім хутка школа атрымае падрыхтаваных пэдагогаў.

Дык што, Сяргею Лойку больш не давядзецца тлумачыць настаўнікам рэлігійныя азы? Шмат хто ня верыць у хуткія перамены. Найперш непакоіць пэрспэктыва перадачы школаў выключна пад крыло Праваслаўнай царквы.

(Пінчук: ) “Калі гэта рабіць у школах, то павінны ўсе сьвятары мець да гэтага доступ. Сёньня хай адзін выкладае, заўтра другі, пасьлязаўтра трэці”.

Так мяркуе пастар са Смалявічаў Мікалай Пінчук. На яго думку, у дзяцей павінен быць выбар: стаць праваслаўным вернікам, каталіком ці пратэстантам? Дарэчы, расейцы, якія ў школьным рэфармаваньні зайшлі куды далей за беларусаў, схільныя далучаць да рэлігійнага выхаваньня прадстаўнікоў не адной, хай сабе й вядучай, а розных канфэсіяў. Гаворыць настаўнік з-пад Добрушу Адам Валынец:

(Валынец:) “Калі царква будзе нешта прыносіць новае ў выхаваньне дзяцей, гэта добра. Дыскатэкі, гэтае павальнае п’янства, курэньне – вялікая шкода. Альтэрнатыва – добра. Але выпінаць царкву праваслаўную, а астатніх падаваць як ізгояў – гэта няправільна. Я лічу, што людзі самі павінны вырашаць, але на аднолькавай аснове, паводле аднолькавых законаў”.

Сёлета гомельскі гарадзкі аддзел адукацыі ўвёў у школах, насуперак лёгіцы добрускага настаўніка, выкладаньне асноваў праваслаўя. Пакуль што факультатыўна. Як зрэагавалі на тую навацыю навучэнцы? Гаворыць школьніца лінгвістычнай гімназіі нумар 10:

(Школьніца: ) “ У кожнага чалавека – свая вера. Нягледзячы на тое, што ў нашай Беларусі пераважае праваслаўе, існуюць і іншыя веры. Калі мы ўводзім заняткі з праваслаўя, трэба ўводзіць заняткі яшчэ і зь іншых вераваньняў”.

Атрымліваецца, дзеці разумеюць больш за некаторых высокапастаўленых дарослых. І тут зусім не парадокс, а свая аптымістычная лёгіка: у адрозьненьне ад бацькоў, яны растуць ва ўмовах рэлігійнай свабоды. Хай пакуль ёй бракуе належнай глыбіні, аднак імкненьне да беларускіх традыцыяў талерантнай духоўнасьці заўважнае. Калі ёсьць глеба і спрыяе час, дрэва зазелянее...
XS
SM
MD
LG