Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Выступ Лукашэнкі ў Нацыянальным сходзе: ці магчымыя зьмены ў дзяржаўнай палітыцы?


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: экспэрт аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Сяргей Леўшуноў і кіраўнік аналітычнай службы кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі.

(Валер Карбалевіч: ) “Чым даўжэй Лукашэнка знаходзіцца ва ўладзе, тым большую вагу набывае цырыманіяльная частка ягонага кіраваньня. Яна ўдакладняецца, ускладняецца, ёй надаецца самастойная роля ў фармаваньні іміджу, наданьні нейкіх сакральных рысаў уладзе, увогуле, і самаму Лукашэнку, у прыватнасьці. Успомнім, як адбывалася цырымонія інаўгурацыі прэзыдэнта пасьля выбараў 2001 году на плошчы перад Палацам Рэспублікі з удзелам вайсковых фармаваньняў. І вось цяпер наданьне юрыдычнай сілы вынікам рэфэрэндуму таксама адбылося ў форме нейкай цырымоніі. Выступ Лукашэнкі пасьля гэтага цырыманіяльнага акту меў характар праграмнага. Якое агульнае ўражаньне ў вас склалася ад выступу кіраўніка дзяржавы?”

(Сяргей Леўшуноў: ) “Гэта быў вельмі эмацыйны выступ. Лукашэнка закрануў у сваім выступе амаль усе пункты, якія маюць хваравіты характар, праблемы, зь якімі нашае насельніцтва сустракаецца ў штодзённым жыцьці. Гэта і жыльлё, і сфэра абслугоўваньня, і пэнсіі. Таму гэтая прамова павінна зрабіць нейкае ўражаньне на нашае насельніцтва, на той электарат, які падтрымлівае Лукашэнку. Прамова была вельмі крытычная ў адносінах да існага стану рэчаў, да дзейнасьці дзяржаўнага апарату. Напярэдадні рэфэрэндуму нас пераконвалі, што справы ў дзяржаве ідуць у правільным кірунку. А калі паслухаць, што казаў Лукашэнка цяпер, то высьвятляецца зусім іншае. З выступу вынікае: праблемаў так шмат, што трэба ісьці ў адстаўку”.

(Аляксандр Класкоўскі: ) “Паводле задумы гэтая падзея мусіла быць урачыстай, нават пампэзнай. Але ўрэшце яе стылістыка была вельмі зьніжаная. Яна ў выніку зьвялася да такога партыйна-гаспадарчага актыву. Выступоўца закрануў усялякія, нават самыя дробныя пытаньні. Там фігуравалі і школьныя сьняданкі, і выцьвярэзьнікі, і валацугі, і іншае.

А вось канцэптуальных тэзаў фактычна не прагучала. Дакладней, тэза была адна: трэба й надалей кансэрваваць гэтую створаную ў краіне сыстэму. Напрыклад, як выглядала пастаноўка задачаў перад парлямэнтам. Не было нічога сказана пра нейкую законатворчую дзейнасьць, законы. Усё было зьведзена да таго, як правільна падзяліць партфэлі ў гэтым парлямэнце. Лукашэнка таксама перасьцярог дэпутатаў, каб не стваралі нейкіх палітычных груповак, а гуртаваліся паводле рэгіянальнага прынцыпу. Звышзадача тут зразумелая, таму што ўсе яшчэ памятаюць прыклад групы “Рэспубліка”.

І яшчэ адзін момант. З аднаго боку гучала, што ў нас правільны курс, яго падтрымаў народ, і мы ня маем права яго мяняць. І разам з тым, калі кіраўнік перайшоў да аналізу справаў у эканоміцы, іншых сфэрах, то ён камня на камні не пакінуў ад створанай ім жа сыстэмы. Высьветлілася, напрыклад, што дзяржаўныя будаўнічыя арганізацыі зусім не эфэктыўныя, што ў іх высокі кошт будаўніцтва, што там ёсьць мафіёзныя памкненьні, што прыватнікі робяць таньней, і рэнтабэльнасьць у іх вышэйшая.

Таксама было сказана і пра сфэру аховы здароўя, адукацыю, нібыта там квітнее хабарніцтва, чынавенства сваволіць, трэба змагацца зь бюракратызмам. Узьнікае пытаньне, хто ж перашкаджаў дзесяць гадоў усё гэтае самае рабіць. Фактычна, былі пералічаныя ўсе характэрныя заганы савецкай сыстэмы: неэфэктыўны дзяржаўны сэктар, бюракратыя і іншае. Фактычна пацьверджана, што гэта закансэрваваная савецкая сыстэма. І разам з тым заклік, што яе трэба кансэрваваць надалей”.

(Карбалевіч: ) “Адной з новых тэзаў, якія прагучалі ў выступе Лукашэнкі, была ідэя, што трэба разьняволіць дробны бізнэс, падтрымаць дзелавую ініцыятыву – у дзяржавы існуе запазычанасьць перад дробным бізнэсам, трэба зьняць дыскрымінацыйныя бар’еры, увесьці заяўны прынцып рэгістрацыі для дробных прадпрымальнікаў. Вядома, што пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году Лукашэнка таксама аб’явіў эканамічную лібэралізацыю. Але з гэтага нічога не атрымалася – наадварот, адбыўся новы наступ на дзяржаўны сэктар. І вось новая кампанія ў кірунку лібэралізацыі. Гэта шчырае жаданьне аблегчыць умовы працы дробнага бізнэсу – ці ўсё закончыцца гэтак жа, як і пасьля 2001 году?”

(Леўшуноў: ) “Здаецца, што можна станоўча адказаць на абодва пытаньні. Гэта, можа, і шчырае жаданьне нешта зрабіць. Але цалкам верагодна, што ўсё закончыцца як заўсёды. Сапраўды, гэтая частка прамовы гучала вельмі прывабна. Але кінулася ў вочы тое, што разьвіцьцё дробнага прадпрымальніцтва прапануецца найперш не як шлях вырашэньня эканамічных пытаньняў, а як нейкая сацыяльная праблема, як шлях вырашэньня праблемы беспрацоўя. Прычым, гаворка ішла пра нейкія зусім прымітыўныя прыватныя промыслы, як пляценьне кошыкаў, выраб ручак для малаткоў.

Але я згодны са спадаром Класкоўскім, што адчуваецца імкненьне закансэрваваць гэтую савецкую ці постсавецкую сыстэму кіраваньня. Таму з аб’ектыўнага добрага жаданьня разьняволіць дробны бізнэс можа нічога не атрымацца. Бо сыстэма цалкам супярэчыць гэтаму”.

(Класкоўскі: ) “Пра лібэралізацыю ў такім клясычным разуменьні гаворка і не ішла. Ставілася пытаньне, каб неяк аслабіць адміністрацыйны ўціск. Гучалі такія тэзы, што трэба зрабіць лягчэйшай працэдуру рэгістрацыі. Прычым, сапраўды, гаворка ішла пра саматужнікаў на ўзроўні пляценьня кошыкаў. Пра разьвіцьцё сярэдняга ці буйнага бізнэсу не было сказана ні слова. Яшчэ было сказана, што ня трэба, каб падаткавік стаяў і адбіраў гэты малаток і іншае. Гэта самыя прымітыўныя захады.

Не было гаворкі пра тое, каб мацнеў прыватны сэктар, каб ягоная доля ў гаспадарцы павялічвалася. Наадварот, было падкрэсьлена: добра, што мы не развалілі гігантаў індустрыі на злосьць ворагам, і будзем усяляк іх падтрымліваць надалей. Гэта азначае, што і далей будзе падтрымлівацца неэфэктыўны дзяржаўны сэктар”.

(Карбалевіч: ) “Зьвяртае на сябе ўвагу тое, што ў выступе Лукашэнкі адсутнічае разьдзел, прысьвечаны замежнай палітыцы. У пачатку прамовы ён выказаў такую думку, што беларускі рэфэрэндум ня быў прыняты ні на Захадзе, ні на Ўсходзе. І гэта вельмі сымбалічна. Яшчэ адна цікавая думка: Лукашэнка сказаў, што трэба зраўнаць у правах нацыянальныя й замежныя суб’екты гаспадараньня. Чамусьці існуе ўпэўненасьць, што гэтае зраўнаньне будзе ісьці ня шляхам наданьня новых ільготаў нацыянальным вытворцам, а наадварот, гэтых ільготаў пазбавяць замежных прадпрымальнікаў.

Хачу нагадаць, дарэчы, што зусім нядаўна, падчас справаздачы Гарадзенскага аблвыканкаму, Лукашэнка адзначыў, што свабодныя эканамічныя зоны не даюць эфэкту – яшчэ нейкі час іх пацерпім, а потым увогуле ліквідуем. А вядома, што менавіта там найбольш ствараліся прадпрыемствы з замежным капіталам. І яшчэ адна дэталь: Лукашэнка амаль забараніў вываз дзяцей на аздараўленьне ў замежжа, таксама забараніў усынаўленьне дзяцей зь дзіцячых дамоў замежнымі грамадзянамі. Усё гэта разам складае ўражаньне нейкага курсу на ўзмацненьне міжнароднай самаізаляцыі Беларусі. І міжнародная палітыка ўсё менш уплывае на ўнутрыпалітычнае жыцьцё. Ці згодныя вы з гэтым?”

(Леўшуноў: ) “Па-першае, сапраўды — нібыта мала часу адведзена было ў прамове пытаньням замежнай палітыкі. А зь іншага боку, здаецца, міжнародныя аспэкты былі закранутыя ў той частцы выступу, які тычыўся дачыненьняў улады й апазыцыі. Фактычна Лукашэнка прызнаў, што апазыцыя мае значны ўплыў на міжнародныя справы, якія тычацца Беларусі. Мне здаецца, што такі зварот да апазыцыі павінен выклікаць нейкі разумны адказ з боку апазыцыі. Яна павінна выкласьці свае прынцыповыя пазыцыі, патрабаваньні да ўлады.

Што тычыцца замежных інвэстыцыяў, то ўсе міжнародныя фінансавыя арганізацыі даводзяць, што для таго, каб у краіну прыйшлі замежныя інвэстыцыі, трэба спачатку стварыць умовы для нацыянальнага бізнэсу. І ідэя аб стварэньні роўных умоваў для сваіх і замежных інвэстараў ідзе ў гэтым рэчышчы. Але, сапраўды, можа стацца так, што ільготы для замежных інвэстараў будуць ліквідаваныя, а ўмовы для разьвіцьця ўласнага бізнэсу ня будуць палепшаныя. І гэта яшчэ больш наблізіць нашую эканамічную сыстэму да той, якая існавала ў СССР”.

(Класкоўскі: ) “Мне здалося, што тыя часткі выступу, якія тычыліся дачыненьняў з замежжам, былі псыхалягічнай падрыхтоўкай насельніцтва да яшчэ большай ізаляцыі. Узяць тую ж тэму ўсынаўленьня замежнікамі беларускіх дзяцей. Падаваць праблему так, што, маўляў, крадуць наш генафонд, што нам трэба думаць пра заўтрашні дзень — гэта, мякка кажучы, перакручваць пытаньне. Таму што дэмаграфічнае пытаньне не такім чынам трэба вырашаць. Трэба вырашаць яго праз стварэньне такіх умоваў жыцьця для ўсяго народу, каб хацелася нараджаць і расьціць дзяцей.

Зьвярну ўвагу на выкладзеную тэзу, што ня трэба адпускаць аздараўляць дзяцей за мяжу, бо яны прыяжджаюць “спажыўцамі ў квадраце”. Думаю, насамрэч кіраўніцтва турбуе, што маладое пакаленьне будзе параўноўваць умовы для жыцьця, творчага разьвіцьця асобы за мяжой і ў нас”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, галоўная выснова з выступу Лукашэнкі ў Нацыянальным сходзе палягае ў тым, што ранейшы палітычны курс мяняцца ня будзе, гэта курс на кансэрвацыю той мадэлі, якая створаная ў Беларусі. Лукашэнка лічыць, што яна дае эфэкт. Але незалежныя назіральнікі лічаць, што гэтая мадэль усё больш супярэчыць тым рэгіянальным і ўсясьветным тэндэнцыям, якія моцна праяўляюцца апошнім часам”.
XS
SM
MD
LG