Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Прэмію за навядзеньне парадку на зямлі атрымаў хоцімскі сьвятар


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў Большасьць раённых цэнтраў Магілёўшчыны вельмі падобныя адзін да аднаго. Іх архітэктурны воблік звычайна складаецца з цэнтральнай плошчы з тыпавым будынкам райвыканкаму й помнікам Леніна, рынку, цэнтральнай крамы, дамоў у некалькі паверхаў і вялізнага прыватнага сэктара. З гэтага шэрагу вылучаецца Хоцімск. Гэты райцэнтар ўпрыгожвае вялікі сабор Сьвятой Тройцы, які сёлета стаў пераможцам раённага спаборніцтва навядзеньня парадку на зямлі.

Настаяцель Сьвята-Троіцкага сабору айцец Кірыл атрымаў першую прэмію за добраўпарадкаваньне, а дакладней – за кветкаводзтва. У саборы вырошчваюць кветкавую рассаду 30-ці гатункаў. Гаворыць айцец Кірыл:

(Айцец Кірыл: ) “У нас вакол сабору ўлетку ўсё патанае ў кветках. Акуратна пасаджаныя, дагледжаныя, да вышэйшай ступені. Потым мы яшчэ бясплатна аддаем рассаду й насеньне. І нідзе, ні ў адной арганізацыі гэтага няма”.

Хоцімск заўсёды называлі глухменьню, мядзьведжым кутом. Гэты пасёлак знаходзіцца на мяжы з Расеяй – 200 кілямэтраў да абласнога цэнтра, і 400 – да Менску. Мясцовыя жыхары гавораць, што апошнім часам пустазельля стала меней, і на цэнтральнай плошчы побач з помнікам Леніну зрабілі фантан. Аднак гэта ўсё не канкурэнты сабору, які быў і застаецца самым прыгожым месцам у Хоцімску.

А якая гісторыя Хоцімскага сабору? Сабор быў пабудаваны ў другой палове 19 стагодзьдзя коштам мясцовых сялянаў, у гонар вызваленьня ад прыгону. За савецкім часам ён выкарыстоўваўся спачатку як зернесховішча, а потым зьнесьлі купалы і адчынілі там дом культуры.

А 50 гадоў таму ў Хоцімск прыехаў айцец Кірыл. Яму моцна не спадабаўся пасёлак – бруд і газьніцы замест ліхтароў. Аднак калі ён убачыў пафарбаваны ў чырвоны колер будынак царквы, дзе таньчылі людзі, ён зразумеў, што у яго ёсьць вялікая мэта – вярнуць храм. Для яе дасягненьня спатрэбілася паўстагодзьдзя.

Пасьля перабудовы айцец Кірыл аббіваў усе парогі для таго, каб сабор вярнулі вернікам, а пасьля 1991 году, калі гэта адбылося, з просьбай даць грошай на аднаўленьне. Ён аддаваў на рамонт сваю пэнсію, пакідаў сабе толькі крыху грошай на самае сьціплыя харчы – звычайна набываў мех шэрай макароны, а бульбай частавалі сяляне.

Цяпер айцу Кірылу ўжо 75 гадоў, і ў Хоцімску нездарма гавораць, што атрыманая першая прэмія за парадак на зямлі – гэта яшчэ й прызнаньне культуры і аўтарытэта сьвятара. Людзі паважаюць айца Кірыла, гаворыць прыхаджанін Міхась Карпечкін:

(Карпечкін: ) “За 50 гадоў службы бацюшкі – дай Бог яму здароўя – гэта ўжо трэба бацюшку кланяцца ў ногі ўсім прыхаджанам, тым, хто яго паважае. У нас ёсьць такія сьвятары, якія панюхаюць нешта ня тое – ды бегчы. А ён свайму слову і справе верны”.

Я хачу яшчэ вярнуцца да прэміі і сказаць, што яна складаецца з 20 базавых адзінак – гэта каля 400 тысяч рублёў. Айцец Кірыл і яго памочнікі мараць, што гэтыя грошы пакладуць пачатак зьбіраньню сродкаў на пазалоту купалаў. Каштуе гэта, як гаворыць айцец Кірыл, “мора грошай” – каля 10 тысяч даляраў. Але гэта – новая мара, і хоцімскі сьвятар мяркуе, што з дапамогай спонсараў і вернікаў яна спраўдзіцца.
XS
SM
MD
LG