Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску зноў “Лістапад”


Іна Студзінская, Менск На Беларусь абрынуўся першы сьнегапад, і зь ім у беларускую сталіцу прыйшоў традыцыйны “Лістапад”, ужо 11-ы Міжнародны кінафэстываль. Беларусь будзе прадстаўлена на кінафоруме ажно дзьвюма стужкамі. Першы фільм ужо вядомы беларускаму гледачу – гэта “Дунечка” рэжысэра Аляксандра Яфрэмава. Другая стужка зьявілася ў конкурснай праграме нечакана, літаральна тры дні таму. Гэта праца Юрыя Бяржыцкага “Вам заданьне” паводле раману пісьменьніка і сэнатара Мікалая Чаргінца.

Акрамя саліднай конкурснай праграмы, у межах “Лістападу” заплянаваныя цікавыя пазаконкурсныя паказы, міжнародны фэстываль дзіцячага кіно “Лістападзік”, кінаканцэрты, выставы, фотаэкспазыцыі.

Фільмы будуць ацэньвацца ажно па 25 намінацыях. У Менск прыедуць Карэн Шахназараў, Багдан Ступка, Георгі Жжонаў, Мікалай Бурляеў, Натальля Бандарчук, Віктар Праскурын. Ну а старшынём журы будзе Вадзім Абдрашытаў.

Галоўнай адметнасьцю 11-га “Лістападу” ёсьць тое, што ў кінафоруме бяруць удзел прадстаўнікі 24-х краінаў сьвету. Апавядае кінакрытык Вольга Мядзьведзева:

(Мядзьведзева: ) “Бадай, упершыню такое саліднае прадстаўніцтва: і Сэрбія, Францыя, Швайцарыя, Эстонія, Японія, Польшча. Расея рэпрэзэнтуе пяць карцін: чатыры конкурсныя й адну пазаконкурсную. Шмат вядомых імёнаў, і ня вельмі вядомых”.

(Карэспандэнтка: ) “Вольга, а што Беларусь выстаўляе? Кажуць, заўсёды была адна карціна, а сёлета – дзьве?”

(Мядзьведзева: ) “Так. Перш за ўсё, эта фільм “Дунечка” Аляксандра Яфрэмава і “Вам заданьне”, фільм Юрыя Бяржыцкага паводле сцэнару Мікалая Чаргінца”.

Фільм “Дунечка” ужо вядомы беларускаму гледачу – стужка прысьвечаная актору Мікалаю Яроменку-малодшаму. А вось “Вам заданьне” літаральна днямі прымала мастацкая экспэртная рада. Рэжысэр Юры Бяржыцкі больш за 10 гадоў нічога сур’ёзнага не здымаў, вымушаны быў перакваліфікавацца ў кліпмэйкеры. Выбраўшы раман, напісаны яшчэ ў 70-х гадох Мікалаем Чаргінцом, ён не прагадаў – атрымаў і фінансаваньне (дарэчы, бюджэт фільму – 500 тысяч даляраў, для беларускага кіно гэта нямала), і зялёнае сьвятло на здымкі – фільм зьняты ў рэкордна кароткі тэрмін, ад зацьверджаньня сцэнару да здачы стужкі прайшло крыху больш за год. Кажуць, у фільме вельмі шмат надзвычай жорсткіх сцэнаў, і рэжысэр падчас здымак не раз зьвяртаўся да псыхоляга.

Багата на фэстывалі па традыцыі будзе расейскіх карцін: фільм рэжысэра Мясхіева “Свае”, “Кіроўца для Веры” Паўла Чухрая, “Доўгае разьвітаньне” Сяргея Урсуляка, “Мой зводны брат Франкенштэйн” Валерыя Тадароўскага, “Ноч сьветлая” Рамана Балаяна.

Сапраўдныя кінагурманы, якія любяць так званае “кіно не для ўсіх”, таксама атрымаюць асалоду, сьцьвярджае кінакрытык Вольга Мядзьведзева.

(Мядзьведзева: ) “Імя Ежы Гофмана гаворыць пра многае. Будзе ягоная карціна “Старадаўняе паданьне: калі сонца было Богам”. Таксама будзе фільм, які ўжо прыцягнуў увагу кінааматараў – стужка маладой рэжысэркі з Казахстану Гульшад Амаравай “Шыза”. З задавальненьнем паглядзяць гледачы і японскі фільм “Рахуда Гінзы” рэжысэра Хірокі Хаяшы”.

Кінакрытыкі выказваюць меркаваньне, што галоўным прэтэндэнтам на Гран Пры фэстывалю будзе фільм Дзьмітрыя Мясхіева “Свае (Сьвятая вайна. Звычайная гісторыя)”, які ужо атрымаў галоўны прыз Маскоўскага кінафэстывалю. Гэты фільм старшыня журы Алан Паркер назваў “ня толькі найлепшым фільмам фэстывалю, але і наагул найлепшым фільмам, які ён глядзеў за апошнія гады”.

Менскі кінафэстываль будзе доўжыцца цэлы тыдзень, асноўныя паказы пройдуць у кінатэатры “Кастрычнік”, а ўрачыстае адкрыцьцё – у Палацы рэспублікі ў суботу, а 17 гадзіне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG