Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія і латвійскія “зялёныя” рыхтуюцца змагацца супраць будаўніцтва ГЭС між Наваполацкам і мяжой з Латвіяй


Севярын Квяткоўскі, Менск Паводле плянаў беларускіх уладаў, на Дзьвіне мусіць паўстаць каскад з шэрагу гідраэлектрастанцыяў. На думку эколягаў, наступствы могуць быць вельмі сур’ёзнымі, бо затопяцца тэрыторыі на беларуска-латвійскім памежжы. Будаўнічыя працы пакуль не пачаліся, але эколягі з абодвух бакоў мяжы рыхтуюцца да барацьбы.

Беларуская экалягічная арганізацыя “Фонд рэалізацыі ідэяў” цяпер рыхтуе супрацу зь незалежнымі экспэртамі, якія б змаглі крытычна ацаніць пляны на пабудову ГЭС. На думку прадстаўніка Фонду Яўгена Лабанава, самая вялікая праблема на сёньняшні дзень – закрытасьць праекту для публічнага абмеркаваньня:

(Лабанаў: ) “Аніякай інфармацыі няма. Грамадзкія арганізацыі не прыцягваюцца ні да распрацоўкі, ані нават да абмеркаваньня гэтага будаўніцтва”.

Сёлета “Фонд рэалізацыі ідэяў” ладзіў на беразе Дзьвіны міжнародны летнік з мэтай прыцягнуць увагу да праблемы. Падобная ж акцыя з удзелам Зялёнага руху Латвіі заплянаваная на наступны год. Наколькі эфэктыўная падобнага кшталту барацьба? Ці былі ў беларускіх “зялёных” гучныя перамогі?

Зь нядаўніх акцыяў можна прыгадаць паразу “зялёных” у Гарадзенскай вобласьці, дзе заплянаванае будаўніцтва ГЭС на Нёмане. На жаль, самі экалягісты робяць пэсымістычныя высновы. На думку лідэра грамадзкай ініцыятывы “Тэра Канвэнцыя” Валера Дранчука, у Беларусі зялёныя мусяць узяць за ўзор паводзіны абаронцаў Курапатаў:

(Дранчук: ) “Гэта воля, гэта зьяднанасьць, тая, якую дэманстравалі абаронцы Курапатаў. У “зялёным” стане гэтага няма, на вялікі жаль. Я думаю, што ўсё гэта будзе ня болей, чым гульня. Усё гэта будзе раздушана”.

Вось такі сумны прагноз вэтэрана “зялёнага руху” Валера Дранчука. Навабранцы зялёных арганізацыяў могуць запярэчыць – але ісьціну, вядома, выявіць час.
XS
SM
MD
LG