Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будзе ў новай Палаце прадстаўнікоў апазыцыя?


Алесь Дашчынскі, Менск 18 лістапада дэпутат Палаты прадстаўнікоў Вольга Абрамава вылучыла сваю кандыдатуру на пасады кіраўнікоў усіх 14 дэпутацкіх камісій. Але яна не была абраная, і такім чынам не патрапіла ў кіраўніцтва ніводнай з камісіяў. Чаму Вольга Абрамава прыняла такое неардынарнае рашэньне? Сама яна патлумачыла, што гэта быў пратэст супраць мэханізму ўзгадненьня кандыдатур і вылучэньня іх паводле нейкага рэгіянальнага прынцыпу.

Вольга Абрамава мяркуе, што ўсе пасады былі разьмеркаваныя загадзя, і было ясна, што ніводная з жанчынаў не патрапіць на пасаду кіраўніка камісіі. Аднак для ўстанаўленьня гендэрнага раўнапраўя, як мінімум 4 камісіі павінны былі ачоліць жанчыны. Але нават спадарыня Абрамава не змагла прабіцца да гэтай пасады. Па розных камісіях за яе аддалі галасы толькі 36 чалавек.

Дарэчы, сьпікер палаты Уладзімер Канаплёў падтрымаў ініцыятыву Вольгі Абрамавай і заявіў, што асабіста ён заўсёды будзе галасаваць за яе. Ці быў ён сярод тых 36 дэпутатаў?

(Абрамава: ) “Не, канешне. Я думаю, што Ўладзімер Мікалаевіч у характэрнай яму гумарыстычнай манэры такім чынам ацаніў мае дзеяньні”.

Калі пасьля выбараў 17 кастрычніка ў парлямэнт не патрапіў ніводзін апазыцыянэр, Вольга Абрамава заявіла, што ёй цяпер давядзецца, як і раней, адной працаваць за ўсю апазыцыю. Спадарыня Абрамава кажа, што ў часе абраньня старшыняў выступіла ў 8-мі камісіях і прэзэнтавала абсалютна ясную дэмакратычную плятформу.

У прыватнасьці, яна патрабавала пашырэньня паўнамоцтваў парлямэнта, права яго кантролю за выканаўчай уладай і сілавымі структурамі. Яна заклікала разьвярнуцца да Захаду й абараняць правы чалавека. У эканоміцы яна падтрымлівае рынкавыя пачынаньні. Але спадарыня Абрамава цьвердзіць, што адносіць сябе не да палітычнай, а да ідэйнай апазыцыі.

(Абрамава: ) “Для таго, каб быць у палітычнай апазыцыі, трэба быць у палітычнай апазыцыйнай структуры. Я была ў такой структуры ў Вярхоўным Савеце 13-га скліканьня, але паколькі я не была сябрам ніводнай партыі, я больш чалавек грамадзянскай супольнасьці”.

Спадарыня Абрамава лічыць, што пакуль няма пэўнай яснасьці, ці будзе апазыцыйная групоўка ў гэтым парлямэнце, ці могуць яе ўтварыць тыя 36 чалавек, якія падтрымалі яе кандыдатуру. Яна пакуль ня ведае, ці можа яна асабіста ачоліць такую групоўку.

І ўсё ж – ці можна адносіць Вольгу Абрамаву да апазыцыі? Гэтае пытаньне я адрасаваў былому дэпутату Ўладзімеру Парфяновічу, які працаваў зь ёй цягам мінулых чатырох гадоў у Палаце прадстаўнікоў. Навіну пра тое, што спадарыню Абраму не абралі на пасаду старшыні камісіі спадар Парфяновіч успрыняў спакойна і сказаў, што яе ніхто ніколі больш не абярэ.

(Парфяновіч: ) “Таму што чалавека, які мае маску, не абіраюць”.

(Карэспандэнт: ) “Але ж яна сябе лічыць прадстаўніцай ідэалягічнай апазыцыі?”

(Парфяновіч: ) “Нешта нейкая новая апазыцыя зьявілася ў парлямэнце... Вольга Абрамава– той чалавек, які сёньня адышоў ад апазыцыі, і далучаць сябе да апазыцыі яна не мае ніякага маральнага права. Я бачыў яе працу ў парлямэнце, яна ніколі не была ў палітычнай апазыцыі, яна заўсёды была ў нейкім сваім кокане”.
XS
SM
MD
LG