Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне на вуліцах Стакгольму: “Ці вы ведаеце нешта пра Беларусь?”


Аляксей Дзікавіцкі, Стакгольм У апошнія дні, як мы паведамлялі, у Стакгольме прайшлі адразу некалькі канфэрэнцыяў, прысьвечаных у тым ліку і сітуацыі ў Беларусі пасьля выбараў і рэфэрэндуму. У Швэцкай сталіцы нярэдка ладзяцца акцыі ў супраць парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі, ў гэтай справе выказваецца швэцкі ўрад, а недзяржаўныя арганізацыі Швэцыі і Беларусі пашыраюць супрацоўніцтва. А ці шмат простыя швэды ведаюць пра Беларусь? З гэтым пытаньнем да мінакоў на цэнтральнай плошчы Стакгольму “Сэргельсторг” зьвяртаўся наш карэспандэнт.

Што вы ведаеце пра Беларусь?

(Малады чалавек: ) “Я ведаю, што ў вас былі нядаўна выбары. Наколькі я чуў, у Беларусі вялікая карупцыя. Яшчэ адна рэч, якую нельга забыць – гэта ганебны пройгрыш нашай хакейнай каманды ў паедынку са зборнай Беларусі на алімпіядзе. Што да выбараў, дык, яны былі, хіба, несправядлівыя”.

(Малады чалавек: ) “Першае, што прыходзіць у галаву, калі вы пытаецеся пра Беларусь, гэта праблемы з дэмакратыяй, ці справядлівыя былі выбары. Як гэта прозьвішча вашага прэзыдэнта – Лукашэнка? Ен больш падобны да дыктатара”.

(Спадар: ) “Нажаль, я ведаю пераважна дрэнныя рэчы. Я шмат гадоў дзейнічаю ў арганізацыях, якія выступаюць за адмену сьмяротнага пакараньня. Беларусь – гэта адзіная краіна ў Эўропе, дзе сьмяротныя выракі працягваюць выконваць. Гэта ўсё”.

(Спадарыня: ) “Я ведаю толькі, што Беларусь знаходзіцца недзе на Ўсходзе, але якую гэтая краіна мае сталіцу, ці хто ёй кіруе, я ня ведаю... Нічога мне не вядома і пра беларускі хакей ці іншых беларускіх спартоўцаў”.

(Спадар: ) “Я ведаю крыху, бо сам журналіст і нават быў у Менску на канфэрэнцыі па правах чалавека, якую ладзіла ў студзені арганізацыя “Вясна”. Ураджаньні ад вашай кріаны не адрозьніваліся ад таго, што пішуць у прэсе. Я сустракаўся з журналістамі незалежных мэдыяў і ведаю пра праблемы, якія яны маюць – гэта было цяжка чуць. Дарэчы, ад Стакгольму да Менску бліжэй, чым да паўночных ускраінаў Швэцыі”.

(Спадарыня: ) “Не, нічога я пра вашу краіну ня ведаю – не пытайцеся нават, бо сапраўды ня ведаю”.

(Дзяўчына: ) “Насамрэч няшмат, а калі падумаць - дык увогуле нічога!”

(Малады чалавек: ) “Я ведаю, дзе Беларусь знаходзіцца і больш нічога”.

(Дзяўчына: ) “І я таксама – ведаю, дзе гэтая краіна месьціцца, але нічога больш”.

(Дзяўчына: ) “Я ня вельмі цікаўлюся хакеем, але ведаю, што ў вас ёсьць хакейная каманда”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG