Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шклоўскі суд адмовіў актывісту БНФ


Марыя Ўсьціновіч, Шклоў Сёньня ў Шклове завяршыўся судовы працэс з удзелам рэдактара недзяржаўнай газэты “Шклоўскія навіны” Аляксандра Шчарбака, якія кіраваў выбарчым штабам кандыдата ў дэпутаты парляманту ад партыі БНФ. Суд сёньня адхіліў скаргу дэмакрата на адміністрацыйнае спагнаньне.

Аляксандар Шчарбак зьвярнуўся ў суд са скаргай на рашэньне адміністрацыйнай камісіі Шклоўскага райвыканкаму, якая аштрафавала яго напачатку кастрычніка, напярэдадні выбараў і рэферэндуму. На яго наклалі грашовае спагнаньне (95 тысяч рублёў) за нібыта незаконны распаўсюд друкаваных матэрыялаў. Падставай для такога рашэньня сталіся заявы двух супрацоўнікаў тэлемайстэрні, якія паскардзіліся, што Аляксандар Шчарбак пакінуў у іх улёткі.

Шклоўскі дэмакрат не пагадзіўся з рашэньнем адміністрацыйнай камісіі й заявіў, што ў яго ёсьць сьведкі, якія могуць пацвердзіць ягоную прысутнасьць у іншым месцы менавіта ў той час, калі, паводле заявы тэлемайстроў, распаўсюджваліся улёткі. Аднак сёньня суд палічыў, што сьведчаньні, якія прадставіў Аляксандар Шчарбак, не заслугоўваюць даверу.

На рашэньне таксама не паўплывала і тое, што адзін з заяўнікоў з тэлемайстэрні інфармацыю супраць Шчарбака ў судзе не пацьвердзіў.

Шклоўскі раённы суд вырашыў адмовіць дэмакрату і адхіліў яго скаргу. Гаворыць Аляксандар Шчарбак.

(Шчарбак: ) “Справа, якую мы сёньня разглядалі, ініцыяваная у кабінэтах КГБ і шклоўскай пракуратуры. Яны хацелі зьнішчыць мяне як мэнэджэра каманды кандыдата ад БНФ. Ім не ўдалося, але я буду працягваць далейшую барацьбу. Проста так ім нельга здавацца – гэтай намэнклятуры, гэтай уладзе і трэба змагацца да канца”.

Аляксандар Шчарбак і магілёўскі правабаронца Барыс Бухель, які прадстаўляе яго інтарэсы, заявілі, што зьвернуцца ў абласны суд з касацыйнай скаргай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG