Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ксэракопіі артыкула акадэміка Вайтовіча – гэта сродак масавай інфармацыі?


Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць Сёньня ў Хойніках за распаўсюд перадвыбарчых улётак судзілі двух сяброў Аб`яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Ісачанку і Леаніда Судаленку. З Хойнікаў перадае наш карэспандэнт.

Улёткі і ксэракопіі артыкулу акадэміка Вайтовіча з “Народнай волі” Мікалай Ісачанка і Леанід Судаленка распаўсюджвалі 10 кастрычніка, за тыдзень да рэфэрэндуму і парляменцкіх выбараў.

Спадар Судаленка, якога не зарэгістравалі кандыдатам у дэпутаты, ва ўлётцы вытлумачваў выбарцам, чаму гэта здарылася. Ён адначасова заклікаў землякоў сказаць “не!” трэцяму тэрміну Аляксандра Лукашэнкі і трэцяму тэрміну дэпутацтва кандыдата ад улады Віталя Куліка.

Міліцыя затрымала спадароў Ісачанку й Судаленку, калі тыя распаўсюджвалі ўлёткі й ксэракопіі на вуліцы Карла Маркса.

Гаворыць сябра АГП Мікалай Ісачанка:

(Ісачанка: ) “Калі я разносіў перадвыбарчыя ўлёткі, я нават не падазраваў, што за гэта мяне будуць судзіць. Але судзяць насамрэч не мяне, а маё права распаўсюджваць вольную інфармацыю. Тым больш, падчас выбарчай кампаніі. Дзікунская дзяржава! Канстытуцыя і Выбарчы кодэкс дазваляюць, улады – забараняюць”.

На падставе міліцэйскіх папераў кіраўнік спраў райвыканкаму Фёдар Гвоздзеў, як упаўнаважаная раённым Саветам асоба, склаў пратаколы адміністрацыйных парушэньняў. Улёткі ў пратаколах названы сродкамі масавай інфармацыі. А ў мэдыяў павінны быць адпаведныя зьвесткі й дзяржаўная рэгістрацыя.

Старшыня суду Людміла Дэмбоўская, якая разглядала пратакол у дачыненьні спадара Ісачанкі, і судзьдзя Міхаіл Гарашчанка, што разглядаў адміністрацыйную справу Леаніда Судаленкі, таксама палічылі, што ўлёткі – гэта сродкі масавай інфармацыі. У выніку абодва сябры АГП аштрафаваны. Аляксандр Ісачанка – на 120 тысячаў, Судаленка – на 144 тысячы рублёў.

Пасьля суду Леанід Судаленка сказаў Радыё Свабода:

(Судаленка: ) “Судзьдзі Дэмбоўская і Гарашчанка стварылі судовы прэцэдэнт: перадвыбарчыя ўлёткі яны прызналі сродкамі масавай інфармацыі й пакаралі мяне ды Ісачанку штрафамі. Па лёгіцы судзьдзяў, любая аб`ява на слупе, якую чытаюць людзі, – гэта ўжо пэрыядычнае выданьне. Хутка, мабыць, за вымаўленае слова чалавека будуць судзіць, як за незарэгістраванае радыё”, – сказаў актывіст АГП, юрыст Леанід Судаленка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG