Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палавінкавы, расплывісты, ступеневы


Юрась Бушлякоў, Менск Новая перадача сэрыі "Жывая мова".

Раз-пораз здараюцца ў сучасным маўленьні й на пісьме прыметнікі з суфіксам -чат- – чуем пра палавінчатыя пастановы, расплыўчатыя ўяўленьні або, скажам, шматступеньчатую сыстэму адукацыі. Палавінчаты, расплыўчаты, ступеньчаты – такія прыметнікавыя ўтварэньні ў нашай літаратурнай мове не традыцыйныя: у савецкую пару зайшлі яны з расійскага маўленьня, а пасьля трапілі ў беларускія слоўнікі. Расійскія прыметнікі з суфіксам -чат- ніякіх новых сэнсавых адценьняў нам не прынесьлі – значэньні гэтых пазычаньняў у беларускай мове перадаюцца словамі іншай будовы – з суфіксамі -ав-, -ев-, -ават-, -іст-, -аст-.

Па-беларуску тое, што складаецца зь дзьвюх палавінак, – палавінкавае, з розных частак, – часткавае, з долек, – долькавае (напрыклад, цэгла з палавінак – палавінкавая цэгла, плод з долькамі – долькавы плод). Пастанова, захады могуць быць пазбаўленыя пасьлядоўнасьці, адназначнасьці – мы называем іх палавіністымі. Такі самы суфікс -іст- і ў беларускім слове расплывісты. Недаволі выразнае, няпэўнае ўяўленьне пра некага або пра нешта – гэта расплывістае ўяўленьне. Бульба, кажучы па-беларуску, бывае рассыпістая, рыссыпчастая ці – яшчэ – сопкая. Гума, падобная да губкі, – губкаватая, вужака, пакрытая лускою, – лускаватая, а матэрыял з мноствам складак – складкаваты.Сыстэма адукацыі складаецца з колькіх ступеняў – яна шматступеневая ці многаступеневая.

Выбіраем традыцыйныя сродкі: на месцы пазычаных прыметнікаў з суфіксам -чат- ужываем словы тыповай будовы. Гаворым па-беларуску: палавіністая пастанова, пералівісты колер, расплывістыя абрысы, зубчастае кола, клятчастая кашуля, палавінкавая цэгла, каленцавы вал, шматступеневая ракета, сеткаватая абалонка.
XS
SM
MD
LG