Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заходні друк камэнтуе заявы Пуціна пра новую ядзерную зброю


Сяргей Абламейка, Прага Заявы прэзыдэнта Расеі аб новых ядзерных ракетах сёньня шырока камэнтуе заходні друк. Зь некаторымі публікацыямі вас пазнаёміць наш карэспандэнт.

Прамова Пуціна выклікала скептыцызм у аналітыкаў, якія ўбачылі ў ёй спробу кампэнсаваць незадаволенасьць Расеі. Аб гэтым піша француская “Le Figaro”. Газэта прыводзіць меркаваньне вядомага незалежнага ваеннага экспэрта Аляксандра Гольца. Гольц сьцьвярджае, што Расея надалей робіць стаўку на дактрыну ядзернага застрашэньня, што паказвае на яе слабасьць у звычайных узбраеньнях і адсталасьць мэнталітэту. Іншы экспэрт, чыю думку прыводзіць “Le Figaro”, Яўген Воўк, сьцьвярджае, што Пуцін надалей знаходзіцца ў палоне састарэлай ідэі аб біпалярным сьвеце.

Пуцін зрабіў сваю заяву ў той дзень, калі стала вядома аб прызначэньні на пасаду дзяржсакратара ЗША Кандалізы Райс, – піша брытанская “Financial Times”. На думку газэты, Пуцін у такі спосаб паспрабаваў падбадзёрыць расейскія кіруючыя колы, якія маюць псыхалёгію савецкіх часоў у часе, калі Расея ўжо страціла статус звышдзяржавы. Газэта зьвяртае ўвагу на нізкі маральны стан расейскага войска. Летась у гэтым войску памёрла 900 вайскоўцаў, прычым чвэрць зь іх наклалі на сябе рукі.

Нямецкая “Frankfurter Rundsau” зьвяртае ўвагу на іншыя, няядзерныя аспэкты прамовы Пуціна. Заявы аб аднаўленьні базаў у Кіргізіі й Таджыкістане, стварэньні адзінай структуры для закупкі ўзбраеньняў, а таксама асаблівы клопат аб жытле для вайскоўцаў сьведчаць, на думку газэты, аб далейшай мілітарызацыі Расеі.

Хто прымушае Расею на фоне росту цэнаў на нафту і пэрспэктывы эканамічнага аздараўленьня кідацца ў новую ваенную авантуру зь ядзернай зброяй – пытаецца нямецкая “Die Welt”. І адказвае, што гэта не Ўсама Бін Ладэн, не ЗША і не Кітай. Гэта пэўныя колы ў Маскве, якія бачаць веліч Расеі толькі ў ядзерным патэнцыяле. На думку газэты, спроба Расеі зноў стаць упоравень са Злучанымі Штатамі у ваенным сэнсе можа абярнуцца эканамічным правалам.
XS
SM
MD
LG