Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Павал Казлоўскі камэнтуе заяву Пуціна пра ядзерную зброю: “Гонка ўзбраеньняў заўсёды пагражала бясьпецы”


Алесь Дашчынскі, Менск Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін заявіў, што найбліжэйшым часам на ўзбраеньне расейскай арміі паступяць унікальныя ракетна-ядравыя комплексы, якіх ня маюць іншыя краіны. Як ставяцца да гэтай навіны ў Беларусі?

Былы міністар абароны Беларусі Павал Казлоўскі не выключае, што Расея можа зрабіць больш магутныя ўзбраеньні, калі на гэта хопіць сродкаў.

(Казлоўскі: ) “Але сёньня ў такой пазыцыі знаходзіцца Расея, што на гэта многія сродкі будуць накіраваныя, каб вярнуць сваю вагу Расеі, як ядравай дзяржавы, якую яна згубіла за апошнія гады. Для таго, каб зь ёй лічыліся, Пуцін, сёньняшняе кіраўніцтва (а вайскоўцаў гэта, канечне, задавальняе), на гэта будуць ісьці. Гонка ўзбраеньняў заўсёды пагражала бясьпецы, таму што калі нехта пачынае ствараць новыя віды ўзбраеньня, іншы таксама ня дрэмле і пачынае думаць, як знайсьці адэкватны адказ. Але якраз гэта можа весьці да таго, што можа раскручвацца процістаяньне паміж ядравымі краінамі”.

Паводле спадара Казлоўскага, Расея ня мае інтарэсу, каб дапусьціць Беларусь да ўдзелу ў стварэньні такіх узбраеньняў, але некаторыя беларускія прадпрыемствы могуць быць прыцягнутыя да гэтай справы.

Генэрал Валеры Фралоў лічыць, што Расея самадастатковая краіна і можа стварыць найноўшыя віды зброі.

(Фралоў: ) “Расейскі прэзыдэнт цудоўна ведае ўсе міжнародныя дамовы ў сфэры ядравых узбраеньняў і, канечне, не дазволіць ніякім чынам іх парушыць. Я думаю, што ў Расеі заўсёды была міралюбная палітыка і ніякіх пагрозаў яна нікому ня будзе ствараць. Напэўна, нейкія падставы ў Пуціна ёсьць прымаць такія рашэньні. Я ня думаю, што ён нейкі там ястраб”.

Заява Ўладзімера Пуціна не была нейкай нечаканасьцю для старшыні камісіі Савету рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бясьпецы Мікалая Чаргінца. Ён цьвердзіць, што Расея заўсёды ішла наперадзе ў галіне ракетабудаваньня.

(Чаргінец: ) “Канечне, у іх ёсьць вялікі навуковы і прамысловы патэнцыял, у іх ёсьць напрацоўкі, якія яны могуць запусьціць у справу. Я не сумняваюся, што заява Пуціна зьяўляецца адлюстраваньнем таго, што Расея сапраўды здольная стварыць такую тэхніку”.

Аднак, паводле Мікалая Чаргінца, Расея не стварае ніякай пагрозы бясьпецы іншых краінаў, а проста працуе над сваёй абаронай з прычыны таго, што тэрарызм набыў міжнародныя, глябальныя маштабы і ўзбройваецца сучаснымі відамі зброі. Ці магчымы ўдзел Беларусі ў стварэньні новай зброі, пра якую казаў Пуцін?

(Чаргінец: ) “Нельга выключаць і гэтага. Паводле дамовы паміж Расеяй і Беларусьсю, там прадугледжаны крокі дзеля ўмацаваньня сумеснай абароны дзьвюх краінаў”.
XS
SM
MD
LG