Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нясьвіскім замку на месцы гадзіньнікавае вежы цяпер дазорная


Валянціна Аксак, Менск Першы вынік рэстаўрацыі замка Радзівілаў у Нясьвіжы выклікаў расчараваньне жыхароў гораду ды ягоных гасьцей і шмат пытаньняў адмыслоўцаў. На месцы звыклае ўсім вежы з гадзіньнікам над мурамі замку цяпер узвышаецца зусім іншая. Аўтары праекту рэстаўрацыі кажуць, што менавіта так выглядала першапачатковая дазорная вежа, збудаваная ў замку ў 16 стагодзьдзі. Хто і як рэстаўруе гістарычна-культурную каштоўнасьць краіны, якую да таго ж хочуць уключыць у сьпіс гістарычна-культурных каштоўнасьцяў ЮНЭСКА?

Генэральны праектыроўшчык рэстаўрацыі — “Менскграмадзянпраект”, а генэральны падрадчык — Лідзкі будаўнічы трэст. Непасрэдна дазорную ці, як яна праходзіць па дакумэнтацыі, вежу пры камяніцы ўзьвялі паводле праекту архітэктара Ўладзімера Бачкова. Ня так даўно прызначаны навуковы кіраўнік рэстаўрацыі Сяргей Друшчыц з гэтым праектам быў ня згодны.

(Друшчыц: ) “Але ж, на жаль, мне сказалі, што цягнік пайшоў і ўжо нічога нельга зрабіць. Ужо была распрацаваная рабочая дакумэнтацыя, і распачаліся вытворчыя работы”.

Дазорная вежа 16 стагодзьдзя захавалася толькі на гравюры мастака Макоўскага, таму праект яе аднаўленьня, кажуць адмыслоўцы, гэта хутчэй уласнае ўяўленьне архітэктара, якое, аднак, было ў свой час падпісанае без аніякага абмеркаваньня кіраўніком Камітэту па ахове помнікаў гісторыі і культуры Дзьмітрыем Бубноўскім — што, лічаць адмыслоўцы, недапушчальна пры аднаўленьні помнікаў такое каштоўнасьці. Гаворыць гісторык архітэктуры Алег Трусаў:

(Трусаў:) “Нясьвіскі замак — гэта ня ўласнасьць нейкае асобы, а ўласнасьць усяго беларускага народу. І трэба было бы перш-наперш распрацаваць комплексны праект аднаўленьня, зрабіць грамадзкае абмеркаваньне, каб усе людзі ведалі і аўтараў рэстаўрацыі, і навуковых дасьледчыкаў, каб не было гэтае келейнасьці”.

Комплекснага праекту рэстаўрацыі не існуе. Дасьледчыя, праектныя і будаўнічыя працы вядуцца адначасова. Праўда, цяпер кожны новы этап рэстаўрацыі абмяркоўваецца навукова-практычнаю радай у Дэпартамэнце па ахове гістарычна-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры. На пытаньне, першапачатковыя будынкі 16 стагодзьдзя ці пазьнейшыя 18-га паўстануць у палацава-замкавым комплексе, спадар Друшчыц адказаў:

(Друшчыц: ) “Усё аўтэнтычнае, незалежна, зь якога яно часу захавалася, мы павінны захаваць і эстэтычна, і тэхнічна”.

Плянуецца, што першых турыстаў замак прыме ў наступным годзе.
XS
SM
MD
LG