Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці плённы расейскі ўплыў на выбары ва Ўкраіне?


Валер Каліноўскі, Менск Прадстаўнікі ўкраінскай меншасьці ў Беларусі выказалі пратэст супраць ангажаванай палітыкі расейскіх уладаў адносна выбараў прэзыдэнта Ўкраіны. Дэлегацыя ад украінскіх суполак наведала амбасаду Расеі ў Менску і перадала ёй свой пратэст ў сувязі зь неаб’ектыўным асьвятленьнем расейскімі СМІ выбарчай кампаніі ва Ўкраіне, умяшальніцтвам расейскіх уладаў у ход выбарчай кампаніі. Як рэагуюць у штабах кандыдатаў Віктара Юшчанкі й Віктара Януковіча на расейскі ўплыў?

Расейскі ўплыў на выбары ва Ўкраіне шматаблічны, але аднабаковы — усе агітуюць за дзейнага Віктара Януковіча: артысты эстрады (напрыклад, апошнімі днямі па ўкраінскіх тэлеканалах круцяць кліп Іосіфа Кабзона аб мітычнай грамадзянскай вайне), на карысьць Януковіча працуюць шматлікія расейскія паліттэхнолягі на чале з Глебам Паўлоўскім і Сяргеем Маркавым, у ягоную ж падтрымку дзейнічае так званы Расейскі клюб. Нарэшце, агітуе за Януковіча і прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін. МЗС Украіны візыты Пуціна не расцаніў як умяшальніцтва ва ўнутраныя справы сваёй дзяржавы.

У штабе апазыцыйнага кандыдата Юшчанкі разумеюць хібнасьць такой аднабаковай палітыкі Расеі, але выяўляюць выключную стрыманасьць. Гаворыць прэсавы сакратар Юшчанкі Ірына Герашчанка:

(Герашчанка: ) “Гэта безумоўна непрыемныя рэчы. Іх нельга назваць нармальнымі, але ўсё роўна яны будуць толькі эпізодам, і ведаеце, мы ня можам жыць такімі эпізодамі, дазваляць, каб яны ўплывалі на нашую будучыню. На нашыя будучыя адносіны. Палітыкі-дзяржаўнікі павінны думаць не пра ўласныя абразы, а пра нацыянальныя інтарэсы”.

Ірына Герашчанка кажа, што ў любым выпадку Расея застанецца стратэгічным партнэрам Украіны, і Віктар Юшчанка зацікаўлены ў захаваньні мноства сувязяў з Расеяй.

Што да расейскіх паліттэхнолягаў, Расейскага клюбу, то яны кепска арыентуюцца ва ўкраінскай сытуацыі, фактычна толькі зарабляюць грошы, кажа спадарыня Герашчанка. Прэсавы сакратар Віктара Юшчанкі перакананая, што расейскі ўплыў на вынікі галасаваньня ў другім туры будзе мізэрным, вырашаць будзе ўкраінскі народ, які ўжо вызначыўся.

Такой жа думкі трымаецца і давераная асоба Віктара Януковіча Тарас Чарнавол:

(Чарнавол: ) “Ніколі яшчэ расейскія фактары ўплыву ні да чаго добрага не прыводзілі ў іншай асобнай незалежнай дзяржаве. Яшчэ першы тур паказаў, што вынік уплыву расейскага фактару абсалютна нулявы”.

Тарас Чарнавол прызнае факт умяшальніцтва расейскіх палітычных сілаў ва ўкраінскую выбарчую кампанію, кажа, што яго гэта не задавальняе, аднак ён разам з тым прыводзіць прыклады, калі расейцы агітуюць і за Юшчанку.
XS
SM
MD
LG