Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як пірацкім чынам выкарыстоўваюць кампазыцыі “Старога Ольсы”


Ганна Соусь, Менск Стваральнік гурту “Стары Ольса” Зьміцер Сасноўскі лічыць, што Белдзяржтэлерадыёкампанія пірацкім чынам выкарыстоўвае музыку “Старога Ольсы”. У “Белдзяржтэлерадыёкампаніі” кажуць, што з павагай ставяцца да аўтарскіх правоў, і тлумачаць, якім чынам музыка гурту трапіла ў эфір.

Паводле стваральніка і кіраўніка гурту “Стары Ольса” Зьмітра Сасноўскага, каля сямі месяцаў рэклямная служба першага каналу беларускага радыё 4–6 разоў на дзень выкарыстоўвала музыку “Старога Ольсы” ў рэклямных застаўках, не ўзгадніўшы гэтага з музыкантамі.

(Сасноўскі: ) “Мы зьвярнуліся ў Камітэт абароны аўтарскіх правоў, дзе ўся нашая музыка зарэгістраваная. Але зьвярнуцца з прэтэнзіямі да Белдзяржтэленрадыёкампаніі немагчыма, таму што доўгі час, літаральна да апошняга тыдня, дамовы паміж камітэтам і Белдзяржтэлерадыёкампаніяй не існавала на ініцыятыву Белдзяржтэлерадыёкампаніі”.

Зьміцер Сасноўскі прыводзіць іншыя прыклады пірацтва. Уся тэлевізійная рэкляма фільму “Анастасія Слуцкая” ішла пад кампазыцыю з другога альбому “Старога Ольсы” “Руевіт”.

Уся рэкляма па тэлебачаньні конкурсу прыгажосьці “Міс Беларусь” гучала пад іх кампазыцыю “Рэчанька” — ізноў жа без узгадненьня з музыкантамі.

Тэлеканал “Лад” выпусьціў два фільмы, прысьвечаныя гісторыі Беларусі — “Мой горад Мядзель” і “Адлюставаньне”, выкарыстоўваючы без дазволу музыкантаў кампазыцыі “Старога Ольсы”.

(Сасноўскі: ) “Такая ж гісторыя адбылася і зь відэаролікам, прысьвечаным Аляксандру Лукашэнку, які быў зьмешчаны на афіцыйным сайце прэзыдэнта. На нашае патрабаваньне наша музыка была зьнята. Пры гэтым прадстаўнік прэсавай службы прэзыдэнта папрасіў прабачэньня, і сказаў, што яны больш уважліва будуць ставіцца да аўтарскіх правоў. Ён патлумачыў, што адміністрацыя прэзыдэнта ня ведала, што фірма, у якой яны замовілі гэты ролік, выкарыстала гэтую музыку, не ўзгадніўшы з намі”.

Стваральнік і кіраўнік “Старога Ольсы” Зьміцер Сасноўскі кажа, што ўсе ўдзельнікі гурту хочуць, каб іхная музыка пашыралася і гучала ў эфіры радыё і тэлебачаньня, і вельмі часта даюць дазвол на тое, каб творы “Старога Ольсы” гучала бясплатна. Напрыклад, тры рэдакцыі беларускага радыё бясплатна карыстаюцца кампазыцыямі “Старога Ольсы” са згоды музыкантаў.

(Сасноўскі: ) “Але нас абураюць прыклады таго, калі нашай музыкай карыстаюцца, не зьвяртаючыся”.

Я зьвярнулася па тлумачэньні да намесьніка кіраўніка рэклямна-камэрцыйнай дырэкцыі Белдзяржтэлерадыёкампаніі Дзьмітрыя Нікалаева.

(Нікалаеў: ) “Гады два таму мы прынялі меры, каб безь ліцэнзіі на аўтарскую прадукцыю не выдаваць у эфір. Наконт “Міс Беларусь”, то гэта ня наш праект. Аўтар і распрацоўнік — Міністэрства культуры і Школа прыгажосьці. Наконт “Анастасіі Слуцкай”… Нам таксама прыносяць з рэклямнай агенцыі рэкляму ці з самой кінастудыі “Беларусьфільм”, якія і нясуць адказнасьць. Мы да ўсіх гэтых пытаньняў ставімся з увагай”.
XS
SM
MD
LG