Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскіх журналістаў пазнаёмілі зь беларускім “эканамічным цудам”


Ігар Карней, Менск Для расейскіх журналістаў, якія ўжо тры дні на запрашэньне беларускіх уладаў езьдзяць па рэгіёнах Беларусі, у Нацыянальным прэсавым цэнтры быў наладжаны круглы стол “Магчымасьці інтэграцыі Беларусі й Расеі ў разьвіцьці экспартнага патэнцыялу дзьвюх краінаў”. Прадстаўнікі беларускага ўраду і структураў так званай саюзнай дзяржавы расказвалі пра посьпехі нацыянальнай эканомікі й запрасілі расейцаў зноў наведаць краіну празь месяц. Самі журналісты пры гэтым кажуць, што ўбачылі ў Беларусі шмат рысаў “савецкасьці”.

Удзел у круглым стале ўзялі прадстаўнікі амаль усіх ведамстваў, адказных за эканамічныя сувязі з Расеяй. А міністэрствы эканомікі, прамысловасьці, замежных справаў, а таксама Камітэту энэргаэфэктыўнасьці Саўміну былі прадстаўленыя на ўзроўні намесьнікаў кіраўнікоў. Літаральна ў апошні момант адмовіўся ад удзелу ў мерапрыемстве намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Алег Праляскоўскі, таму ў ягоную адсутнасьць “саліраваў” першы намесьнік прэм’ер-міністра Ўладзімер Сямашка. Былы дырэктар заводу “Гарызонт” звыкла апэляваў да старых прыкладаў.

(Сямашка: ) “Сёлета беларускія заводы “Гарызонт” і “Віцязь” выпусьцяць 1 мільён 300 тысяч тэлевізараў. Рынак Беларусі — прыблізна 280 тысяч штогоду. Мільён кудысьці трэба прадаць. Куды? Перадусім, у Расею. А калі паказчыкі растуць — значыць, гэта запатрабавана!”

Зрэшты, “запатрабаванасьць” беларускай прамысловасьці досыць умоўная. Як сьведчыць статыстыка, амаль 70% прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў пастаўляецца менавіта ў Расею. І каб ня ўсходні вэктар, заводы працавалі бы выключна на затаварваньне складоў. Пра гэта казалі й расейскія журналісты. А некаторыя не хавалі, што ўбачылі ў Беларусі шмат ад савецкага часу. Вось меркаваньне журналіста “Независимой газеты” Ігара Плугатарава:

(Плугатароў: ) “Так, якіясьці элемэнты засталіся. Гэта падобна на зацягнутую перабудову. Магчыма, гэта тая мадэль, да якой у свой час імкнуўся Гарбачоў — хацеў зрабіць, але не атрымалася. Усё гэта досыць павольнымі тэмпамі разьвіваецца, ня так, як гэта камусьці хацелася. Але гэта такі выбар Беларусі”.

Аднак бальшыня расейскіх журналістаў беларускую эканамічную палітыку цалкам падтрымлівае. Як апавялі ў кулюарах прэсавага цэнтру, менавіта такой групай расейцы ўжо ня першы раз прыяжджаюць у Беларусь і падобны прыём коштам беларускага боку ім вельмі падабаецца. А паколькі яны ўжо атрымалі запрашэньне яшчэ раз наведаць Беларусь празь месяц, ад камэнтароў пра ўражаньні ад убачанага расейскія журналісты тактоўна ўстрымліваюцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG