Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзельнікам прэсавай канфэрэнцыі ў Маскве пагражае да пяці гадоў зьняволеньня


Уладзімер Глод, Менск Беларуская пракуратура пачала допыт удзельнікаў прэсавай канфэрэнцыі ў рэдакцыі расейскай газэты “Московский комсомолец”, якія абвінавачвалі беларускія ўлады ў фальсыфікацыі вынікаў рэфэрэндуму й выбараў. Першым на размову выклікалі журналіста, прэсавага сакратара зарэгістраванага ў Расеі беларуска-расейскага фонду “За новую Беларусь” Аляксандра Коктыша.

Спадар Коктыш размаўляў з памочнікам пракурора Заводзкага раёну Менску Сяргеем Бандарэнкам. Паводле журналіста, пракуратура ўбачыла ў некаторых выказваньнях удзельнікаў прэсавай канфэрэнцыі, якая адбылася 21 кастрычніка, парушэньні двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — 188 (паклёп) і 400 (наўмысна ілжывы данос).

Журналіст гаворыць, што, паколькі асабіста ён ніякіх выказваньняў падчас прэсавай канфэрэнцыі не рабіў, яго толькі пазнаёмілі са згаданымі артыкуламі Крымінальнага кодэксу. Але яны суровыя, паведамляе спадар Коктыш:

(Коктыш: ) “Там два артыкулы. Па другім можа быць да пяці гадоў пазбаўленьня свабоды. Калі абвінавачваюць чалавека, што ён зьдзейсьніў асабліва буйное дзяржаўнае злачынства, то сапраўды — да пяці гадоў...”

Дарэчы, у газэце “Московский комсомолец” тады былі таксама праваабаронца Алег Волчак, намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандар Дабравольскі, старшыня рады беларускай інтэлігенцыі Ўладзімер Колас, кіраўнік апякунскай рады фонду “За новую Беларусь” Васіль Лявонаў ды дэпутат тагачаснай Палаты прадстаўнікоў Валеры Фралоў. Спадар Коктыш упэўнены, што іх таксама будуць выклікаць у пракуратуру. Такая думка грунтуецца на тым, што ён на ўласныя вочы бачыў адпаведныя паперы:

(Коктыш: ) “Ёсьць такая дырэктыва рэспубліканскай пракуратуры. Яна натуецца 12 лістапада. Мне яна была нават паказаная”.

Аляксандар Дабравольскі гаворыць, што ён гатовы да падобнага разьвіцьця падзеяў:

(Дабравольскі: ) “Я буду казаць, што я выказаў маё перакананьне аб тым, як адбываліся выбары й рэфэрэндум. І скажу кожнаму: калі хтосьці будзе абараняць пазыцыю, што трэба хаваць ад грамадзтва сапраўдныя вынікі й пры гэтым пагражаць крымінальнай адказнасьцю людзям, якія хочуць сказаць праўду, то гэта вельмі слабыя асобы, якія ўсяго баяцца”.

Празь некалькі дзён пасьля правядзеньня згаданай прэсавай канфэрэнцыі амбасада Беларусі ў Раесі распаўсюдзіла адмысловую заяву, у якой абуралася тым, як “Московский комсомолец” асьвятляе беларускія падзеі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG