Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У берасьцейскай царкве “Спасение” прадстаўнікі КГБ пагражалі пастыру й раілі на нядзельным богаслужэньні ў час пропаведзі падтрымаць дзеючага кіраўніка дзяржавы”


RFE/RL Водгукі слухачоў – 17 лістапада 2004 г. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 229-22-71 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Мікола Саскевіч: ) “Добры дзень, шаноўнае панства! Што тычыцца рэлігійнай меншасьці, я адкажу так. У краіне кіруе дыктатар, які зусім ня веруе ў Бога й які ператварыў расейскую праваслаўную канфэсію ў сваю палітычную партыю. Гэта жахліва! Беларусь – хрысьціянская краіна. І ўсім канфэсіям ня трэба забываць пра сваю галоўную місію: веру ў Бога, любоў да Бога ўсёю душою, усёю думкаю, з усіх сіл сваіх любіць блізкага як самога сябе. І ўсе хрысьціянскя канфэсіі: католікі, праваслаўныя, пратэстанты – усе роўныя перад панам Богам нашым, Ісусам Хрыстом. А да другіх нетрадыцыйных рэлігіяў, я лічу, трэба ставіцца з асьцярожнасьцю, але з дабром і павагай.

Што тычыцца сэксуальных меньшасьцяў, я лічу, што дыктатарскі рэжым абыякавы да гэтай праблемы. Што тут можна сказаць, калі ўвесь беларускі народ, ад дзяцей да дарослых, бачыць, што іх кіраўнік краіны ўвесь час адзін, бяз жонкі, без дзяцей? Як такое магчыма? Галоўнае ж – сям’я! Таму трэба ўвесь час праз радыё, тэлебачаньне адраджаць нашыя хрысьціянскія традыцыі і ўвесь час адкрыта асуджаць гэтую сэксуальную меньшасьць. Гэта ж жахлівае падзеньне чалавека, ганьба, разбэшчанасьць! Я хачу сказаць, што ўсіх гэтых гомасэксуалістаў чакае прамая дарога ў пекла.

А цяпер, што тычыцца нацыяльнай меньшасьці. Што тут скажаш, калі кіраўнік краіны ператварыў сапраўдных гаспадароў сваёй зямлі, наш ліцьвінскі беларускі народ, у так званую нацыянальную меншасьць? Што тут зробіш, калі дыктатар забраў наш сьцяг, наш герб, наш гімн, нашую праўдзівую гісторыю, нашыя правы, нашу мову?”

(Юшкевіч Аляксандар: ) “Прывітаньне! Я ўжо 9 год зьяўляюся актыўным членам царквы хрысьціянаў веры эвангельскай пяцідзесятнікаў у горадзе Ліда. Вельмі напружана сачу да стаўленьня ўладаў да царквы і магу ўпэўнена сьцьвярджаць, што пратэстанцкая царква ў Беларусі знаходзіцца ў вельмі жорсткіх абцугах. Аб гэтым сьведчаць пастаянныя мітынгі пратэстантаў вернікаў на плошчы Бангалор, што ў Менску.

На беларускім тэлебачаньні Яўген Новікаў у сваёй “дэмакратычнай” праграме разьвёў жудасны паклёп і проста абразіў усіх вернікаў пратэстантаў, параўноўваючы ўсіх нас з фашыстамі. Дзякуючы зьмяненьням у законе аб свабодзе сумленьня й веравызнаньнях для нас створаныя вельмі цяжкія ўмовы для перарэгістрацыі. Дарэчы, ніхто з пратэстанцкіх вернікаў не прайшоў нават рэгістрацыю ў кандыдаты ў дэпутаты на цяперашніх так званых выбарах. Цяпер вельмі цяжка мець у арэндзе залы дамоў культуры для набажэнства.

Неаднойчы ў лідзкую царкву прыходзілі прадстаўнікі КГБ і размаўлялі з пастарам. Я ведаю, што ў берасьцейскай царкве “Спасение” прадстаўнікі КГБ пагражалі пастыру, і яму ж гэтыя людзі раілі на бліжэйшым нядзельным богаслужэньні ў час пропаведзі падтрымаць дзеючага кіраўніка дзяржавы. У нас у Лідзе раней была магчымасьць быць на мясцовым радыё і гаварыць пра Бога, не пярэчачы другім канфэсіям. Гэта вельмі нармалёва й правільна. Але цяпер у нас такой магчымасьці няма. Вось вам і ўся свабода, якую мы маем”.

(Міхаіл Лекаў: ) “Добры вечар! Праслухаў перадачу “Экспэртыза Свабоды”, якую вёў спадар Валер Карбалевіч. Пытаньне стаяла аб талерантнасьці. Лічу, што “талерантнасьць” – тэрмін вельмі шырокі, таму пастаноўка пытаньня была залішне шырокая. То бок можа быць талерантнасьць у стаўленьні да нацыянальнай меншасьці, можа быць талерантнасьць да гомасэксуалізму. А тут спадары ўдзельнікі экспэртызы паставілі пытаньне талерантнасьці палітычнай – і ўсё было зьмяшанае ў адну кучу, прабачце мяне за гэты выраз. Натуральна, народ Беларусі вельмі талерантны, а тут спадары выказвалі нязгоду з чымсьці, удзельнікі спрабавалі даказаць, што беларусы неталерантныя. Гэтага б не адбылося, калі б пытаньне было больш вузкае, хай па часткам у некалькіх перадачах. А так атрымалася слабая перадача і некарэктная. Я добра стаўлюся да Карбалевіча, але гэтая перадача, на мой погляд, была непасьпяховая”.

(Спадарыня: ) “Зьдзіўленая рашэньнем спадара Скрабца прасіць палітычнага прытулку ў Пуціна – у Пуціна, які прымае Беларусь як наступную губэрню. А хто ж будзе змагацца за Беларусь? Хто з багны выведзе люд паспаліты, куды нас завёў апошні прэзыдэнт? Хіба ж гэта наканавана нам зносіць дубінкі рэжыму і стаяць перад лукашэнкаўскім судзілішчам?! Не паддаецца разуменьню, што ўчорашні ўдзельнік галадоўкі супраць рэжыму можа цьвердзіць, што ў нас агульная гісторыя з Расеяй! Недаравальна ў такі вырашальны для будучыні Беларусі час пакідаць Радзіму!”

(Спадар: ) “Я зьвяртаюся да амэрыканскіх кіраўнікоў Радыё Свабода. Калі ласка, зьвярніце ўвагу на беларускую рэдакцыю! Паглядзіце, наколькі яна адстае ад расейскай і ўкраінскай, асабліва ў прафэсійным пляне. Калі яшчэ такія людзі, як Скобла, Дубавец, Бандарук і іншыя, працуюць, не пакладаючы сіл, то жаночая яе частка, напэўна, далей за Журавінку не выходзіць, у гарадах не бывае. Таму сама праграма складаецца зь нейкіх абвестак, зацягваньня часу, зь нейкіх музычных уставак, чытаньня нейкіх старых газэтаў. Калі параўнаць, напрыклад з украінскай Свабодай, частку якой паслухаеш, даведаесься болей – і хочацца слухаць далей гэтую праграму. Менавіта такая праграма патрэбная для Беларусі! Ды, дарэчы, і пра Беларусь яны гавораць больш востра, больш прафэсійна, больш цікавых людзей запрашаюць, асабліва часта запрашаюць людзей з простага народу, разумных, якіх хапае і на Беларусі.

Сышоў Лукашук, мы думалі: ну, сьвята будзе на нашай вуліцы. Няма сьвята, няма сапраўднай баявой рэдакцыі, няма праўдзівай рэдакцыі! А для нас самае галоўнае – гэта змаганьне са злом. А гэта рэдакцыя не змагаецца з дыктатурай. Гэта, як цяперашні БНФ нават, які ў Маладэчна пад час выбараў не змагаўся супраць рэфэрэндуму, нават ва ўлётках сваіх ніводнага слова супраць рэфэрэндуму іхняя кандыдатка не гаварыла.

Дапамажыце вы, калі ласка, каб гэта была цікавая радыёстанцыя, цікавы калектыў зь цікавымі перадачамі. Засядзеліся, і па-беларуску нават развучыліся размаўляць, колькі іх Бушлякоў ні вучыў”.

(Рысевіц Уладзімер: ) “Кручу свой прымач на Беларускую Свабоду, чую, таварыш Андрэй Савіных выступае – добра вядома, што на расейскай мове. Кручу далей на іншую хвалю, выступае нейкі чыноўнік з чыгункі – зноў на расейскай мове, на трэцюю кручу – нейкі лекар гаворыць з Магілёва, а пасьля нейкі чыноўнік – і ўсе па-расейску. І вось думаецца, што амэрыканскія грамадзяне даюць грошы на Радыё Свабода, каб радыё несла людзям свабоднае слова, украінцам на украінскай мове, расейцам на расейскай мове, беларусам… А вось беларусам, беларускія журналісты, выходзіць, што сваё пачуцьцё нацыянальнай годнасьці не сказаць, што згубілі, але годнасьці гэтай не чуваць у беларускіх журналістаў. Вось як прыемна ўзяць у рукі “Нашу Ніву” – усё сваё, кожнае слова сваё. Думайце, хлопцы!”

(Спадар: ) “У мяне пытаньне, якое я не магу вырашыць для самога сябе. Усе людзі браты, гэтага ніхто не аспрэчвае. Але вось якая справа. Расейскамоўнае насельніцтва збольшага – гэта прыежджыя. У Малдове стварылі Прыднястроўскую рэспубліку на карысьць Расеі. На Ўкраіне ўсход рэспублікі ў пэўным сэнсе нагадвае анклаў Расеі. Рэспубліка падзеленая на 2 часткі, дзе ўсходняя частка выступае па сваіх сымпатыях на карысьць Расеі, што нясе пагрозу дзяржаўнай нацыянальнай бясьпецы. І тут галоўную ролю іграюць не нацыянальныя кадры, не карэннае насельніцтва, а прыежджыя з усходу. У рэспубліках Прыбалтыкі прыежджыя з усходу не жадаюць падпарадкоўвацца нацыянальнаму ўраду карэннага тытульнага народу. Прыехалі ў госьці часова, а паводзяць сябе, быццам бы гаспадары. Дзе тут выйсьце? Дзейнічае прынцып: дзе кітайцы – там Кітай, дзе расейцы – там Расея. Прыежджыя, госьці, ня могуць быць гаспадарамі, інакш гэта будзе агрэсія тых самых братоў. Дзякуй”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG