Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Для беларусаў пашырыцца спэктар краінаў, дзе яны могуць прыкласьці свае фізычныя й інтэлектуальныя здольнасьці


Ігар Карней, Менск Пасьля ўступленьня шэрагу краінаў Усходняй Эўропы ў Эўразьвяз перад гэтымі дзяржавамі нечакана паўстала праблема недахопу кваліфікаваных кадраў так званых “масавых прафэсіяў”. Усё тлумачыцца тым, што з адкрыцьцём межаў грамадзяне гэтых краінаў у пошуках заробкаў пачалі ад’яжджаць ў больш заможныя краіны. У зьвязку з гэтым улады Літвы, Латвіі і Эстоніі ўжо абвясьцілі пра намер ад наступнага году істотна павялічыць працоўныя квоты для грамадзянаў Беларусі, Украіны і Расеі.

Беларусы, якія ўжо працуюць ў суседняй Літве, перакананыя, што праблема дэфіцыту спэцыялістаў тут будзе толькі ўзмацняцца. Маштабы ад’езду грамадзянаў краінаў Балтыі за мяжу ўражваюць. Паводле афіцыйнай статыстыкі дэпартамэнту міграцыі МУС Літвы, у адной толькі Вялікай Брытаніі зараз працуе 15000 літоўцаў. Натуральна, што іхныя месцы на радзіме таксама хтосьці павінен заняць. Таму ўжо ад 2005 году Літва зьбіраецца скасаваць квоту на працаўладкаваньне замежнікаў (сёлета яна не павінна была перавысіць тысячу чалавек).

Аршанец Аляксей Сініцын працуе ў будаўнічым трэсьце літоўскага Панявежысу амаль паўгоду. Дагэтуль цягам двух гадоў езьдзіў у Падмаскоўе. І канстатуе, што цяпер мае гарантаваны заробак і, галоўнае, легальную працу.

(Сініцын: ) “Я еду, перакананы ў тым, што ў мяне ёсьць праца, у мяне ёсьць гаспадар, які мяне ня “кіне”. Іншымі словамі, мы загадзя абмяркоўваем аб’ём працы, суму заробку і ўмовы пражываньня. Прыяжджаем туды, робім працу, з намі разьлічваюцца, і ніякіх пасьля гэтага праблемаў не застаецца. Мы ад’яжджаем назад у Беларусь”.

Што пакуль яшчэ выклікае галаўны боль – гэта візавае афармленьне дакумэнтаў, чэргі каля літоўскага кансуляту ды іншыя тэхнічныя пытаньні. Аляксей ведае, што тыя ж літоўцы зусім па-іншаму будуюць свае стасункі з украінцамі – у тым выпадку дзейнічае спрошчаная схема візавага афармленьня. Прадстаўнік МЗС Андрэй Савіных пра такую мадэль міжнародных зносінаў ведае, але кажа, што Беларусь да яе пакуль не гатовая.

(Савіных: ) “Гэта так званы сымэтрычны падыход, які, дарэчы, ад пачатку прапанавала Польшча. Прыкладам, палякі ўяжджаюць ва Ўкраіну бязь візаў, а ўкраінскія грамадзяне атрымліваюць бясплатныя візы. Але, як часта бывае, бясплатнае не абавязкова адзначае штосьці добрае”.

Бальшыня беларусаў, задзейнічаных на часовых працах, прыбалтыйскі вэктар успрымае вельмі станоўча. Да таго ж, некаторыя ўжо маюць досьвед працы ў Эўразьвязе, дзе ўведалі шмат юрыдычных нюансаў. Так, Міхаіл Далінскі колісь будаваў гатэлі на акіянічных ўзьбярэжжах Партугаліі. Цяпер зьбіраецца выкарыстаць магчымасьць і паспрабаваць сябе на адным з будаўнічых прадпрыемстваў Латвіі. Пра той час узгадвае так:

(Далінскі: ) “Калі праблемаў няма, працуеш нармалёва. Крыху цябе падманваюць, але трываеш. А калі ўжо трэба ад’яжджаць, адчуваеш, што падманулі, вось тады ўступаеш у прафсаюз, расказваеш, дзе й хто “накалоў”, і тады адвакаты дапамагаюць “выбіваць” грошы. Дапамагаюць, натуральна, легалізаваным. Але дзеля гэтага трэба стаць сябрам прафсаюзу, плаціць унёскі. Каб у нас так было – унёскі плаціш, і адразу ж адвакат разьбіраецца. У нас такога няма”.

Як сьведчыць прыбалтыйская прэса, бліжэйшым часам Літва, Латвія й Эстонія будуць перажываць сапраўдны будаўнічы бум. Ужо зараз з-за адсутнасьці неабходнай колькасьці штатных адзінак прадпрыемствы не спраўляюцца з выкананьнем дамоўленасьцяў. Таму, найперш, муляры, бэтоншчыкі, тынкоўшчыкі і будуць запатрабаваныя.

Між тым адмыслоўцы кажуць, што тэндэнцыі працоўнай міграцыі датычна новых краінаў Эўразьвязу будуць паўтараць ранейшы досьвед. А, значыць, зусім ня выключана, што сьледам за масавымі прафэсіямі запатрабуюцца прадстаўнікі кампутарнай і навуковай сфэраў.
XS
SM
MD
LG