Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Кепска, калі аўтамабіль коштам у некалькі тысяч даляраў будзе канфіскаваны з прычыны атрыманьня 5 ці 10 даляраў”


Міхал Стэльмак, Менск Канфіскацыя аўтамабіляў пагражае аўтааматарам за перавозку пасажыраў бяз ліцэнзіяў. Як паведамілі дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі, такое пакараньне Міністэрства транспарту зьбіраецца ўжываць ў дачыненьні да кіроўцаў, што зарабляюць на транспартных паслугах.

З чым зьвязана такая ініцыятыва беларускага Міністэрства транспарту? Адказ на гэтае пытаньне я паспрабаваў учора высьветліць у Міністэрстве транспарту. Як мне паведамілі, публічная абвестка пра новую ініцыятыву нарабіла тут шмат шуму. Многія аўтааматары тэлефануюць да чыноўнікаў гэтага ведамства й спрабуюць высьветліць сутнасьць новаўвядзеньня.

Між тым, як вынікае з тлумачэньня афіцыйных прадстаўнікоў гэтага ведамства, пакуль што ў пытаньні пакараньня кіроўцаў дзейнічаюць старыя правілы. Прычым начальнік Транспартнай інспэкцыі Сяргей Даніловіч у размове са мной удакладніў, што выкарыстаньне жорсткіх санкцыяў ужо практыкуецца:

(Даніловіч: ) “Сёньня артыкул 154 Адміністрацыйнага кодэксу за незаконную дзейнасьць безь дзяржаўнай рэгістрацыі альбо без наяўнасьці адмысловага рашэньня прадугледжвае адказнасьць ад 20 да 50 базавых ставак з канфіскацыяй альбо без канфіскацыі маёмасьці. У Менску за гэты год ужо тры аўтамабілі канфіскавалі, і спагнана 12 мільёнаў штрафу. Перавозчыкі й тыя, хто таксуе, усе цудоўна ведаюць, што могуць застацца без аўтамабіля”.

Міхал, як ставяцца да такіх карных мераў кіроўцы? Як вынікае зь іх тлумачэньня, адна справа – калі карныя меры могуць быць ужытыя супраць таксістаў-нелегалаў, якія прафэсійна займаюцца бізнэсам у сфэры транспартных паслуг. Дарэчы, зь нелегальнай дзейнасьцю таксістаў, якія ня плацяць падаткі, жорсткім чынам змагаюцца і ў іншых краінах. Аднак іншаземцы змагаюцца ня шляхам канфіскацыяў, а, галоўным чынам, пры дапамозе штрафаў.

Страх жа беларускіх кіроўцаў выкліканы найперш адметнасьцю беларускай сытуацыі, пры якой ахвярай можа аказацца любы аўтааматар. Так лічыць, напрыклад, менскі кіроўца спадар Віктар, які не захацеў называць свайго прозьвішча:

(Спадар Віктар: ) “А раптам у чалавека грошай няма? Трэба ж чалавека падвезьці. Я працую шмат гадоў, стаж у мяне вялікі. І людзей важу. Бываюць розныя выпадкі. Таму што гэта жыцьцё. Напрыклад, узяць вёску. Там толькі прыватны транспарт. А пэнсіянэры кожны дзень хочуць на рынак зьезьдзіць, кудысьці яшчэ. Каб набыць больш таннае харчаваньне. Трэба караць інакш, толькі не канфіскоўваць аўтамабіль”.

Крытычна ставяцца да беларускіх парадкаў у сфэры транспартных паслугаў і кантролю таксама незалежныя экспэрты. Гаворыць адзін з кіраўнікоў грамадзкага аб’яднаньня “Альтэрнатыва-ХХІ” Сяргей Балыкін:

(Балыкін: ) “Магчыма, зараз ім далі ўстаноўку зьверху, каб гэтыя транспартныя сродкі канфіскоўваліся. І магчыма, зараз будзе ў падыходзе большая жорсткасьць да гэтых таксістаў. Але гэта ня ёсьць добра. Бо адказнасьць павінна суадносіцца з самім вось гэтым правапарушэньнем. І кепска, калі транспартны сродак коштам у некалькі тысяч даляраў будзе канфіскаваны з прычыны атрыманьня нейкай выручкі ў 5 ці 10 даляраў”.
XS
SM
MD
LG