Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адмоўная рэакцыя на заявы Лукашэнкі


Алесь Дашчынскі, Менск У сваім выступе ў Нацыянальным сходзе прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка зьвінаваціў дэмакратычную апазыцыю ў тым, што яна, маўляў, псуе адносіны Беларусі з заходнім сьветам і заклікае да блякады. Паводле Лукашэнкі, вэтэраны Вялікай Айчыннай вайны параўналі дзеяньні апазыцыянэраў, якія патрабуюць санкцый адносна Беларусі, з пазыцыяй фашысцкіх прыхвасьняў і паліцаяў. Як рэагуюць у грамадзтве на такія заявы кіраўніка краіны?

Ня ведаю, на якіх вэтэранаў спасылаецца прэзыдэнт, але я прапаную паслухаць вэтэрана Вялікай Айчыннай вайны, прафэсара Мікалая Крукоўскага, які называе такія параўнаньні “яўным спрашчэньнем сытуацыі”.

(Крукоўскі: ) “Гэта самая паскудная спэкуляцыя на вельмі сур’ёзнай, вельмі драматычнай, можа, нават трагічнай для нашага народа сытуацыі тых часоў. Гэта проста нядобра ўвогуле. Я рэзка крытычна да гэтага стаўлюся, рэзка непрыймальна, гэта абуральна проста. Санкцыі накіраваныя супраць, па сутнасьці, цынічна-антыдэмакратычных дзеяньняў гэтых уладаў”.

Падобныя закіды прэзыдэнта Лукашэнкі супадаюць з чарговым наступам на дэмакратычныя сілы. Паводле старшыні міжнароднай камісіі БНФ Ігара Лялькова, улады распачалі падрыхтоўку да чарговых прэзыдэнцкіх выбараў.

(Лялькоў: ) “Заявы спадара Лукашэнкі – гэта звальваньне з хворай галавы на здаровую. Не апазыцыя загнала Беларусь у ізаляцыю, а менавіта палітыка сучаснага рэжыму, і не апазыцыі Беларусь з гэтай ізаляцыі выводзіць – гэта зможа зрабіць толькі новае кіраўніцтва краіны”.

Самым непрыемным для Аляксандра Лукашэнкі зьяўляецца прыняты ўладамі ЗША “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі”. Паводле прэзыдэнта, гэты ганебны дакумэнт павінен быць адменены, інакш апазыцыі наогул няма на што разьлічваць у грамадзтве. Былы сьпікер Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч:

(Шушкевіч: ) “Так, Акт аб дэмакратызацыі прыняты на падставе таго, што адбываецца ў Беларусі і, думаю, што на падставе таго камэнтара, які давалі па Беларусі ня толькі афіцыйныя асобы – многія зь іх былі ў Злучаных Штатах – але і камэнтара прадстаўнікоў апазыцыі. Гэта добры дакумэнт. Трэба задумацца гэтай прызначанай палатцы, на сто працэнтаў сфальшаванай, дзе пачуцьцё сораму страчана перш за ўсё ў гэтага самага прэзыдэнта, а пасьля ўжо ў тых, хто ў гэтую палатку ўвайшоў. І калі апазыцыя стаіць на шляху цывілізаванага супрацьдзеяньня, то Лукашэнка стаіць на шляху хлусьні”.

Наконт заяваў кіраўніка краіны адносна апазыцыі разважае Валеры Буйвал, сябра Кансэрватыўна-Хрысьцянскай партыі, якая байкатавала выбары і рэфэрэндум:

(Буйвал: ) “Па-першае, Лукашэнка ёсьць канчатковы ўзурпатар дзяржаўнай улады ў Беларусі, ён дэ-юрэ ніхто, каб такія заявы рабіць. Па другое, менавіта беларускі народ зьяўляецца сапраўднай апазыцыяй антынароднаму, антыбеларускаму рэжыму”.
XS
SM
MD
LG