Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ёсьць сувязь паміж месяцам нараджэньня і здароўем чалавека?


Кастусь Бандарук, Прага Новая перадача сэрыі “Навіны сучаснай мэдыцыны”.

“Скажы мне калі ты нарадзіўся, а я скажу табе наколькі ты будзеш здаровы і шчасьлівы”. Дагэтуль, калі гутарка ішла пра ўплыў дня нараджэньня на здароўе, кар’еру і сямейнае жыцьцё, адказ заўсёды давалі выключна астролягі. Аднак нядаўна сур’ёзныя навукоўцы заняліся вывучэньнем уплыву даты нараджэньня на далейшае жыцьцё.

Схільнасьць да празьмернай вагі, дыябэту, сардэчна-судзінных хваробаў ды алергіі, побач зь іншымі чыньнікамі, праўдападобна пэўным чынам залежаць і ад месяца нараджэньня. Нават тое, ці мы будзем пэсымістамі альбо аптымістамі, ляўшунамі ці праварукімі, ці будзе ў нас многа дзяцей і ўнукаў, часткова прадвызначае дата нараджэньня.

Яшчэ ў 1950-я гады аўстрыйскі лекар Штур заўважыў, што большая частка ягоных пацыентаў хворых на рак нарадзіліся ў тыя ж самыя месяцы. Ён зацікавіўся сваім назіраньнем і прааналізаваў дадзеныя амаль трох тысяч выпадкаў сьмерці ад раку.

Вынік пацьвердзіў ягоную здагадку: у таго, хто нарадзіўся з траўня па жнівень, рызыка захварэць на рак была значна меншай. Тыя, што прыйшлі на сьвет увосень, хаця і не сьвяткуюць дзень народзінаў ў цёплае, сонечнае лета, затое маю тэндэнцыю адзначаць яго ў кампаніі многіх сяброў і блізкіх. Пазьнейшыя дасьледаваньні далі аналягічныя вынікі. Народжаныя ўвосень часьцей за астатніх дажываюць да глыбокай старасьці. Гэтак ў прыватнасьці лічаць дактары Габрыела Добльгамэр-Райтэр і Джэймс Воўпэл з Інстытуту дэмаграфічных дасьледаваньняў імя Макса Планка ў Ростаку.

Вынікі некалькіх дасьледаваньняў падсумоўвае Міхаэла Акст-Гадэрман ў кнізе пад загалоўкам “Травенская жанчына шукае сьнежаньскага мужчыну: як месяц нараджэньня ўплывае на здароўе, асабістае жыцьцё і кар’еру”.

Вучоныя прааналізавалі дадзеныя больш як мільёна чалавек, якія памерлі ў пэрыяд ад 1968 да 1998 году ў Аўстрыі, Даніі, Злучаных Штатах і Аўстраліі, і ў момант сьмерці былі не старэйшыя за 50.

Выявілася, што ў паўдзённым паўшар’і ўсё перамяшчаецца: аўстралійскія доўгажыхары прыходзяць на сьвет пераважна ў другой чвэрці году, з красавіка па чэрвень, гэта значыць у пэрыяд аўстралійскай восені.

Нараджэньне ўзімку, верагодна, падвышае рызыку некаторых хваробаў. Дэбі Лоўлор і Рычард Мітчэл з унівэрсытэтаў ў Брысталі і Эдынбургу абсьледавалі 4286 жанчын ва ўзросьце ад 60 да 79 гадоў. Усе яны нарадзіліся ў розных гарадох Вялікай Брытаніі з 1919 да 1940 гадоў. Вучоныя прыйшлі да высновы, што ў жанчынаў, якія нарадзіліся зімой часьцей бывае высокі ўзровень халестэрыну і пашкоджаньне функцыяў нырак. Рызыка ўзьнікненьня сардэчна-судзінных хваробаў ў жанчынаў, якія прыйшлі на сьвет ў самыя халодныя месяцы году, была вышэйшая на 24%.

Месяц, калі чалавек зьявіўся на сьвет, уплывае і на іншае: на рост і аптымізм. Дасьледаваньне, праведзенае Венскім унівэрсытэтам на 500 тысячах прызыўнікоў, паказала, што народжаныя ўвесну вышэйшыя за тых, хто нарадзіўся ў іншую пару году. Ляўшуны прыходзяць на сьвет пераважна зь верасьня па люты, а вясеньнія дзеці часта бываюць нясьмелыя. Шчасьлівыя людзі нараджаюцца ўлетку. Аб гэтым сьведчыць дасьледаваньне Рычарда Вайсмана з Унівэрсытэту Гэрдфордшыр. Прафэсар псыхалёгіі дасьледаваў сувязь паміж месяцам нараджэньня і поглядамі на жыцьцё ў 40 тысяч чалавек. Аказалася, што ў тых, хто нарадзіўся ўлетку вышэйшая самаацэнка і аптымізм, а таксама больш станоўчае стаўленьне да жыцьця, чым ў тых, хто прыйшоў на сьвет ў хмурную восень і халодную зіму.

Аднак усё гэта ня мае нічога супольнага з астралёгіяй. Вучоныя тлумачаць прычыны гэтай зьявы чыста зямнымі і матэрыялістычнымі чыньнікамі. Яны лічаць, што ў часе цяжарнасьці й першых месяцаў жыцьця дзіцяці, у залежнасьці ад сэзону, па рознаму дзейнічаюць такія чыньнікі як клімат, харчаваньне, інфэкцыі й гармоны. Гэтыя чыньнікі на самым раньнім этапе маюць доўгатэрміновы ўплыў на фізычнае, інтэлектуальнае і эмацыйнае разьвіцьцё. Мяркуючы на ўсяму, месяц нараджэньня ўплывае на зацікаўленьні і на густы, і незалежна ад усіх астатніх фактараў, падвышае рызыку адных хваробаў і зьмяншае – у выпадку іншых.

З другога боку, ня кожны, хто нарадзіўся ў “месяц рызыкі” насамрэч захварэе. Гэта можна параўнаць з курэньнем. Курэньне– вядомы чыньнік рызыкі, які выклікае рак лёгкіх, тым ня менш ня кожны курэц хварэе на гэтую хваробу.

У прынцыпе, няма аптымальнага месяца нараджэньня: кожны зь іх мае свае плюсы і мінусы, лічаць спэцыялісты. Аднак добра ведаць, якая пара году нясе ў сабе небясьпеку, хаця б толькі патэнцыйную, каб з дапамогай разумнага ладу жыцьця, засьцерагчыся ад магчымай рызыкі.
XS
SM
MD
LG