Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Пцічы ўсё яшчэ чакаюць целы сваякоў, якія загінулі ў Расеі


Казімер Яноўскі, Петрыкаўскі раён Ужо амаль тыдзень у вёсцы Пціч і райцэнтры Петрыкаў родныя чакаюць целы пяці загіблых у Расеі будаўнікоў. Вяскоўцы спадзяюцца на дапамогу ў гэтай справе беларускай дыпляматычнай місіі ў Маскве.

Калі ў вёску Пціч дайшла інфармацыя, што даставіць целы загіблых падчас пажару беларускіх будаўнікоў расейцы ня змогуць з прычыны узбуджанай крымінальнай справай і адсутнасьці дакумэнтаў, ня ўсе ў гэта паверылі.

Гаворыць Cьвятлана Сігай, жонка загіблага Віктара Сігая:

(Сігай: ) “Я ня веру, што пашпарт згарэў. Пашпарт павінен быць у начальніка. Страхавую дамову і страхавыя полісы на іх не афармляюць. Яны працуюць проста так. Напрыканцы працы начальнік аддае пашпарт і грошы”, – кажа спадарыня Сігай.

Удава Вера Курзенка паведаміла нашаму радыё, што з Расеі сапраўды спраўджвалі пашпартныя зьвесткі.

(Курзенка: ) “Кажуць, пашпартныя зьвесткі, форму 1, у Расею павінны перадаць. У гэтым нібыта прычына. І ўжо нібыта перадалі зьвесткі ў амбасаду”, – распавяла Вера Курзенка.

Я зьвязаўся па тэлефоне з консулам беларускай дыпляматычнай місіі ў Маскве Вячаславам Скварцовым.

(Скварцоў: ) “Хутчэй за ўсе, што прывязуць загіблых заўтра ноччу, да 12-й гадзіны ночы. Пракуратура горада Пушкіна займалася. Усе дакумэнты падрыхтаваныя. Але сёньня загіблых не пасьпеюць адправіць. Выезд прызначаны на заўтра прыблізна на 10.30 – 11 гадзінаў раніцы”, – паведаміў консул Вячаслаў Скварцоў.

Паводле інфармацыі консула, у Расеі цяпер на заробках знаходзіцца больш як паўмільёна беларускіх грамадзянаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG