Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чатыром буйным цэрквам эвангельскіх хрысьціян баптыстаў на Берасьцейшчыне пагражае ліквідацыя


Алег Супрунюк, Берасьце Улады прымушаюць іх унесьці зьмены ў статут, якія б забаранялі праводзіць рэлігійную дзейнасьць па-за межамі месца, дзе зарэгістраваная царква.

Пра сваю нязгоду з патрабаваньнямі мясцовых уладаў абвясьцілі кіраўнікі цэркваў эвангельскіх хрысьціянаў баптыстаў Берасьця, Камянца, вёсак Чарнаўчыцы і Астрамечава. Паводле іхняга меркаваньня, калі пагадзіцца на прапанаваныя ўмовы, пратэстанцкім цэрквам будзе забаронена весьці гаспадарчую дзейнасьць па-за межамі свайго памяшканьня, адчыняць летнікі для моладзі, браць удзел у гуманітарных акцыях. Гаворыць прадстаўнік берасьцейскай царквы Мікалай Мельнічук.

(Мельнічук: ) “Гэтае абмежаваньне прымушае царкву парушаць вучэньне Бібліі, як асновы жыцьця і дзейнасьці царквы, пазбаўляе царкву магчымасьці нармальнага функцыянаваньня, ушчамляе правы царквы, ставіць пад пагрозу нашае канстытуцыйнае права на свабоду сумленьня”.

Аднак мясцовыя ўлады настойваюць на гэтых зьменах. Кіраўнік Савету ў справах рэлігіі й нацыянальнасьцяў Берасьцейскага аблвыканкаму Васіль Марчанка наступным чынам патлумачыў адмову рэгістраваць пратэстанцкія цэрквы паводле ранейшых статутаў.

(Марчанка: ) “Таму што яны пераступаюць гэтыя рамкі і, маўляў, закон законам, а мы робім, як хочам: у нас закон – Біблія. І пачынаюць спасылацца на Біблію. Таму пачакаем яшчэ некалькі дзён”.

Паводле зьвестак саміх пратэстантаў, прадстаўнікі Савету ў справах рэлігіяў ужо аддалі загад Берасьцейскаму гарвыканкаму зачыніць малітоўныя памяшканьні, калі цэрквы не пажадаюць уносіць зьмены ў свой статут.
XS
SM
MD
LG