Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шукаць адзінага кандыдата ў прэзыдэнты на выбары 2006 году пачнуць праз два тыдні


Уладзімер Глод, Менск Пра гэта Радыё Свабода паведаміў намесьнік старшыні Аб''яднанай грамадзянскай партыі Аляксандар Дабравольскі, пасьля прайшоўшай 17 лістапада сумеснай сустрэчы лідэраў "Пяцёркі+" і прадстаўнікоў інтэлігенцыі краіны.

Дэмакратычныя сілы Беларусі шукаюць найлепшы варыянт вызначэньня свайго кандыдата на прэзыдэнцкія выбары, якія, згодна зь дзейнай Канстытуцыяй, павінны адбыцца ў 2006 годзе.

На папярэдніх выбарах адзіны кандыдат Уладзімэр Ганчарык быў названы толькі за паўтара месяца да пачатку галясаваньня. Зразумела, што тады ў яго прыхільнікаў проста не хапіла часу, каб прадставіць свайго прэтэндэнта належным чынам.

Дзеля таго, каб пазьбегнуць падобных памылак, у рамках кааліцыі "Пяцёрка+" пачалася выпрацоўка мэханізму вызначэньня кандыдата ад дэмакратычных сілаў на выбары 2006 году.

І хаця пакуль падрабязнасьці пошуку не выносяцца за межы пэўнага кола асобаў, вядома, што галоўнае ўжо вырашана – у гэты працэс будуць уключаны сотні тысячаў, а можа нават і мільёны шараговых гарамадзянаў краіны.

Сам працэс будзе празрыстым, з абавязковым улікам думак шырокага грамадзтва, падкрэсьлівае Аляксандар Дабравольскі:

(Дабравольскі: ) “Добра прапрацаваныя ўжо розныя варыянты, прааналізаваныя. Але да рашэньня яшчэ далёка. І мы вырашылі пакуль не выносіць у прэсу, але хутка арганізаваць грамадзкае абмеркаваньне”.

(Карэспандэнт: ) “Гэта прыблізна калі можа быць?”

(Дабравольскі: ) “Тыдні праз два, я думаю”.
XS
SM
MD
LG