Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскія памежнікі знайшлі сакрэтны беларуска-літоўскі ...сьпіртаправод


Тацяна Поклад, Вільня Сёньня літоўскія памежнікі выявілі яшчэ адзін падземны сьпіртаправод, праз які мелася перапампоўвацца кантрабандная гарэлка зь Беларусі ў Літву.

Літоўскія памежнікі зь Дзяржаўнай службы аховы мяжы сёньня ўвечары падчас патруляваньня натрапілі на спробу наладзіць чарговы сьпіртаправод для кантрабанднай гарэлкі празь беларуска-літоўскую мяжу.

Сьпіртаправод выяўлены на літоўскім баку, у Варэнскім раёне, які мяжуе з Гарадзеншчынай – плястыкавую трубу пад зямлёй кантрабандысты працягнулі ўздоўж дзукійскай этнаграфічнай вёскі Швэндубряй, што каля Друскенікаў.

Тыдзень таму менавіта ў гэтым месцы былі затрыманыя двое нелегальных імігрантаў-аўганцаў, якія ішлі пешкі зь Беларусі ў Літву.

Тут дзяржаўная мяжа праходзіць паўз дрэнажную канавy, паабапал якой і зь беларускага, і зь літоўскага бакоў цягнуцца пустыя палі, а далей – лясныя нетры.

Спачатку памежнікі заўважылі падазроныя сьляды – было падобна, што там капалі нядаўна зямлю. Пашукалі – выявілі плястыкавую трубку, два з паловай сантымэтры ў дыямэтры, якая ўжо была працягнутая на 50 мэтраў пад зямлёй, на глыбіні 15 сантымэтраў.

Другі канец трубкі знайшлі каля мясцовай гравійкі. Памежнікі высьветлілі, што тут ладзіўся падземны сьпіртаправод, каб перапампоўваць гарэлку зь Беларусі ў Літву. Дзяржаўная служба аховы мяжы пакуль ня можа паведаміць дакладна, дзе беларуская гарэлка мелася захоўвацца і разьлівацца па пляшках, – найбліжэйшая зь літоўскага боку сядзіба знаходзіцца ў 2 кілямэтрах. Памежнікі распачалі расьсьледаваньне.

Гэта ня першы выпадак, калі літоўскія памежнікі знаходзяць падобныя «камунікацыі» дзеля кантрабанды беларускай гарэлкі. Радыё Свабода паведамляла пра ранейшыя такія выпадкі ў Салечніцкім раёне – акурат год таму быў знойдзены аналягічны сьпіртаправод, які ўжо дзейнічаў, а пазалетась, таксама ў лістападзе, памежнікі затрымалі беларускіх і літоўскіх кантрабандыстаў проста ў сажалцы на беларуска-літоўскай мяжы, дзе быў знойдзены пасьля падводны сьпіртаправод.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG