Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка патрабуе спыніць вываз дзяцей на аздараўленьне за мяжу


Ул. інф. У сваёй прамове кіраўнік дзяржавы закрануў таксама некаторыя гуманітарныя праблемы. У прыватнасьці ён запатрабаваў у наступным годзе навесьці "ідэальны парадак" у сфэры аздараўленьня беларускіх дзяцей за мяжой.

Паводле Лукашэнкі, на сёньня ліцэнзію на права арганізацыі аздараўленьня дзяцей за мяжой маюць 130 арганізацыяў, зь якіх 115 – грамадзкія, 9 – рэлігійныя. Арганізацыя выезду за мяжу дзяцей, што маюць патрэбу ў аздараўленьні, павінна быць прэрагатывай дзяржавы – заявіў Лукашэнка, дадаўшы што на сёньня гэтымі пытаньнямі займаюцца ўсяго чатыры дзяржаўныя арганізацыі.

Ён заявіў, што некаторыя недзяржаўныя дабрачынныя арганізацыі, якія займаюцца вывазам дзяцей на аздараўленьне, “выцягваюць з бацькоў грошы нібыта на дадатковыя паслугі й экскурсіі”. Аднак акрамя гэтага кіраўнік дзяржавы прывёў і іншы матыў.

(Лукашэнка: ) “Працэс вывазу дзяцей за мяжу трэба зьвесьці практычна да нуля. Сваіх дзяцей мы павінны расьціць і выхоўваць тут”.

І дадаў:

(Лукашэнка: ) “Няўжо вы ня бачыце, якімі дзеці вяртаюцца адтуль? Што нам гэты лад жыцьця дае? Нам такое выхаваньне ня трэба”.

“Калі нам хочуць аказаць дапамогу, няхай пералічваюць сродкі і кантралююць тут, як мы іх будзем выкарыстоўваць, – сказаў кіраўнік дзяржавы. – Мы аздараўляць павінны дзяцей сваіх унутры краіны. Сёньня для гэтага ў нас хапае магчымасьцей і толькі ў крайнім выпадку мы павінны вывозіць дзяцей за межы краіны”.

Лукашэнка заявіў, што міністар адукацыі павінен “асабіста адпраўляць дзяцей для лячэньня або ўсынаўленьня за мяжу” – подпіс міністра павінен стаяць пад кожным дакумэнтам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG